Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЦЕ́Ц,
у цывільным працэсе грамадзянін або юрыд. асоба, якая звяртаецца з іскам у суд, арбітраж, гаспадарчы або трацейскі суды за абаронай свайго парушанага або аспрэчваемага права ці ахоўваемага законам інтарэсу.
т. 7, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯ́ЗАК ДАКА́ЗВАЦЬ (лац. onus probandi) у судаводстве, патрабаванне да ўдзельнікаў працэсу даказаць і абгрунтаваць наяўнасць тых ці інш. акалічнасцяў, істотных для вырашэння справы. На Беларусі абавязак даказваць у крымін. працэсе ляжыць на дзярж. органах і службовых асобах, якія абвінавачваюць асобу ў злачынстве. Суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны выявіць акалічнасці, што выкрываюць ці апраўдваюць абвінавачанага, а таксама абцяжваюць ці змякчаюць яго віну. Яны не маюць права перакладваць абавязак даказваць на абвінавачанага (падсуднага), і ён не павінен даказваць сваю невінаватасць. У цывільным працэсе кожны бок павінен даказаць акалічнасці, на якія ён спасылаецца як на падставу сваіх патрабаванняў і пярэчанняў. Напр., ісцец абавязаны даказаць і абгрунтаваць факты, якія складаюць падставу іску. Адказчык абавязаны даказаць факты, якія пацвярджаюць яго пярэчанні супраць іску. Характэрная рыса суд. даказвання ў цывільным працэсе — тое, што не толькі бакі і інш. асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, абавязаны прадстаўляць доказы ў пацвярджэнне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, але і суд з мэтай высвятлення аб’ектыўнай ісціны і вынясення правасуднага рашэння ў неабходных выпадках павінен збіраць доказы па сваёй ініцыятыве.
І.І.Пацяружа.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)