ІНФА́УНА (ад лац. in у, унутры + фауна),
жывёлы, якія жывуць у донных грунтах вадаёмаў. Да І. адносяцца многія малюскі, ігласкурыя, кольчатыя і круглыя чэрві, лічынкі насякомых, некат. рыбы, а таксама камняточцы (некат. губкі, малюскі, марскія вожыкі) і шашалі (малюск Teredo, некат. ракападобныя). Паводле прымеркавання да тыпу грунтоў вылучаюць І. пелафільную (у мулах), псамафільную (у пяску), літафільную (у камянях), аргілафільную (у гліне). Большасць відаў І. корміцца дробнымі арган. ці мінералізаванымі завіслымі часцінкамі (дэтрытам). Для некат. прадстаўнікоў уласцівы сутачныя і сезонныя верт. міграцыі. І. мае важнае значэнне як кармавая база для рыб, якія кормяцца доннымі жывёламі (бентасам).
т. 7, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААБЕ́НТАС (ад заа... + бентас),
сукупнасць донных жывёл, што жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Адрозніваюць жывёл, якія жывуць у тоўшчы грунту (інфауна), перамяшчаюцца на паверхні грунту (анфауна) — многашчацінкавыя чэрві і малюскі, большасць ігласкурых, ракападобныя; прымацоўваюцца да субстрату (эпіфауна), плаваюць паблізу дна і толькі перыядычна апускаюцца на дно (нектабентас) — крэветкі, мізіды, некат. галатурыі, прыдонныя рыбы і інш. Асн. маса З. жыве на мелкаводдзі, дасягае многіх дзесяткаў кілаграмаў на 1 м² (пераважна малюскі), на большай глыбіні — паліхеты, ракападобныя, ігласкурыя. Гл. таксама Бентас.
т. 6, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)