ІНФА́УНА (ад лац. in у, унутры + фауна),

жывёлы, якія жывуць у донных грунтах вадаёмаў. Да І. адносяцца многія малюскі, ігласкурыя, кольчатыя і круглыя чэрві, лічынкі насякомых, некат. рыбы, а таксама камняточцы (некат. губкі, малюскі, марскія вожыкі) і шашалі (малюск Teredo, некат. ракападобныя). Паводле прымеркавання да тыпу грунтоў вылучаюць І. пелафільную (у мулах), псамафільную (у пяску), літафільную (у камянях), аргілафільную (у гліне). Большасць відаў І. корміцца дробнымі арган. ці мінералізаванымі завіслымі часцінкамі (дэтрытам). Для некат. прадстаўнікоў уласцівы сутачныя і сезонныя верт. міграцыі. І. мае важнае значэнне як кармавая база для рыб, якія кормяцца доннымі жывёламі (бентасам).

т. 7, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інфа́уна

(ад ін- + фауна)

сукупнасць водных арганізмаў, якія жывуць у донных грунтах вадаёма (параўн. эпіфауна).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗААБЕ́НТАС (ад заа... + бентас),

сукупнасць донных жывёл, што жывуць на грунце і ў грунце марскіх і мацерыковых вадаёмаў. Адрозніваюць жывёл, якія жывуць у тоўшчы грунту (інфауна), перамяшчаюцца на паверхні грунту (анфауна) — многашчацінкавыя чэрві і малюскі, большасць ігласкурых, ракападобныя; прымацоўваюцца да субстрату (эпіфауна), плаваюць паблізу дна і толькі перыядычна апускаюцца на дно (нектабентас) — крэветкі, мізіды, некат. галатурыі, прыдонныя рыбы і інш. Асн. маса З. жыве на мелкаводдзі, дасягае многіх дзесяткаў кілаграмаў на 1 м² (пераважна малюскі), на большай глыбіні — паліхеты, ракападобныя, ігласкурыя. Гл. таксама Бентас.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эпіфа́уна

(ад эпі- + фауна)

сукупнасць водных арганізмаў, якія жывуць на дне вадаёмаў (параўн. інфауна).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)