Індый 5/92; 8/415 (табл.); 10/141

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДЫЙ (лац. indium),

In, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 49. ат. м. 114,82. У прыродзе 2 ізатопы: ​113In(4,3%) і слаба радыеактыўны (b-выпрамяняльнік, перыяд паўраспаду 5∙10​14 гадоў) ​115In (95,7%). Рассеяны элемент, у зямной кары 10​−5% па масе. Адкрыты ў 1863 ням. вучонымі Ф.​Райхам і Т.​Рыхтэрам пры спектраскапічным даследаванні цынкавай падманкі, названы па сіняй (колеру індыга) лініі спектра.

Серабрыста-белы мяккі метал tпл 156,78 °C, tкіп 2024 °C, шчыльн. 7310 кг/м³ Устойлівы ў паветры, не ўзаемадзейнічае з азотам, вадародам, вугляродам. Пры т-ры вышэй за 800 °C гарыць з утварэннем сэсквіаксіду In2O3 (светла-жоўтае крышт. рэчыва, tпл 1910 °C). Узаемадзейнічае з мінер. і арган. к-тамі, пры награванні — з хлорам, бромам, ёдам. Пры сплаўленні з халькагенамі (сера, селен, тэлур) утварае халькагеніды (паўправадніковыя матэрыялы). Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў свінцова-цынкавай і алавянай вытв-сці. Выкарыстоўваюць у вытв-сці легкаплаўкіх сплаваў, паўправадніковых матэрыялаў, як матэрыял для герметызацыі ў вакуумных прыладах і касм. апаратах. Таксічны, пыл І. і яго злучэнняў выклікае пашкоджанне лёгкіх, шкодна ўплывае на печань і селязёнку.

Літ.:

Яценко С.П. Индий: свойства и применение. М., 1987.

І.​В.​Боднар.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАССЕ́ЯНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

група рэдкіх элементаў, якія не ўтвараюць уласных мінералаў. У якасці ізаморфных прымесей ёсць у мінералах больш распаўсюджаных элементаў. Да Р.э. адносяцца рубідый, скандый, галій, індый, германій, талій, селен, тэлур, кадмій, бром, ёд, гафній. Атрымліваюць пры перапрацоўцы руд інш. элементаў ці з няруднай сыравіны (напр., попелу вуглёў, адходаў каксавання). З сярэдзіны 20 ст. выкарыстоўваюць у тэхніцы.

т. 13, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГКАПЛА́ЎКІЯ СПЛА́ВЫ,

металічныя сплавы з т-рай плаўлення, ніжэйшай за т-ру плаўлення волава (231,9 °C). У састаў Л.с. уваходзяць у розных спалучэннях і суадносінах волава, вісмут, індый, свінец, кадмій, цынк, галій, ртуць (гл. Амальгамы) і інш. металы. Найб. пашыраныя эўтэктычныя сплавы гэтых кампанентаў (гл. Эўтэктыка), напр., сплаў Вуда (50% Bi, 25% Pb, 12,5% Sn, 12,5% Cd) плавіцца пры 68 °C. Самы легкаплаўкі з вядомых — сплаў ртуці (91,5%) і талію (8,5%) мае tпл -59 °C. Выкарыстоўваюць у якасці прыпояў, плаўкіх засцерагальнікаў, метал. замазак, матэрыялаў для ліцейных мадэляў.

Г.​Г.​Паніч.

т. 9, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМА́ЗАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

рэчывы з сукупнасцю ўласцівасцей, якімі абумоўлена іх змазачнае дзеянне. Выкарыстоўваюць для змазкі. Адрозніваюць вадкія (змазачнае масла, змазачна-ахаладжальныя вадкасці), пластычныя (пластычныя змазкі), цвёрдыя і газападобныя.

Цвёрдыя З.м. — парашкападобныя рэчывы (напр., графіт, дысульфіды малібдэну, вальфраму), мяккія металы (напр., індый, свінец), палімеры (найб. пашыраны політэтрафторэтылен), цвёрдыя арган. рэчывы (напр., мыла, воскі); газападобныя З.м. — індывід. газы, іх сумесі і пара некат. злучэнняў (напр., вуглевадародаў), выкарыстоўваюць для змазкі механізмаў, якія эксплуатуюцца ў асабліва цяжкіх умовах: высокіх (больш за 300 °C) і крыягенных т-рах, пры вял. нагрузках, высокім узроўні радыяцыі (напр., у ядз. рэактарах).

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛЬКАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ (ад грэч. chalkos медзь + ...філія),

хімічныя элементы, якія знаходзяцца ў зямной кары (0,046% яе масы) і метэарытах пераважна ў форме сульфідаў (паводле класіфікацыі В.М.Гольдшміта). Складаюць пабочныя групы перыядычнай сістэмы элементаў. Да іх адносяцца 19 элементаў: cepa (S), медзь (Cu), цынк (Zn), галій (Ga), германій (Ge), мыш’як (As), селен (Se), серабро (Ag), кадмій (Cd), індый (In), волава (Sn), сурма (Sb), тэлур (Te), золата (Au), ртуць (Hg), талій (Tl), свінец (Pb), вісмут (Bi), палоній (Po). Маюць незавершаную знешнюю электронную абалонку і размяшчаюцца на ўчастках нарастання крывой атамных аб’ёмаў. Здольныя намнажацца ў пэўных умовах і ўтвараць рудныя радовішчы, пераважна гідратэрмальныя жыльныя; у асадкавых пародах — пластавыя рудныя паклады.

т. 16, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАПЕРАХО́Д,

кантакт паміж двума рознымі паводле хім. саставу ці (і) фазавага стану паўправаднікамі (ПП). Па тыпе праводнасці спалучаных ПП адрозніваюць гетэрапераходы анізатыпныя — кантактуюць ПП з электроннай (n) і дзірачнай (p) эл.-праводнасцямі (p-n-гетэрапераход; гл. Электронна-дзірачны пераход), і ізатыпныя — кантактуюць ПП з адным тыпам праводнасці (n-n-гетэрапераход ці p-p-гетэрапераход). Камбінацыі некалькіх гетэрапераходаў утвараюць гетэраструктуры.

Для атрымання гетэрапераходу выкарыстоўваюцца кантакты паміж германіем Ge, крэмніем Si, ПП злучэннямі тыпу A​IIIB​V, дзе A​III — элемент III групы перыяд. сістэмы элементаў (алюміній Al, галій Ga, індый In), B​V — элемент V групы (фосфар P, мыш’як As, сурма Sb), і іх цвёрдымі растворамі: Ge—Si, Ga Al As — Ga As, Ga Al—Ge, In Ga As — In P. Гетэрапераход атрымліваюць эпітаксіяй. Галоўная асаблівасць гетэрапераходу — скачкападобнае змяненне ўласцівасцей на мяжы падзелу ПП (шырыні забароненай зоны, энергіі роднасці да электрона, рухомасці носьбітаў зараду, іх эфектыўнай масы і інш.). Кіраванне імі шляхам падбору спалучаных ПП матэрыялаў дае магчымасць ствараць арыгінальныя ПП прылады. Гетэрапераходы выкарыстоўваюцца ў пераключальніках хуткадзейных лагічных схем для ЭВМ, ПП лазерах, святлодыёдах і інш.

Літ.:

Милис А., Фойхт Д. Гетеропереходы и переходы металл — полупроводник: Пер. с англ. М., 1975;

Шарма Б.Л., Пурохит Р.К. Полупроводниковые гетеропереходы: Пер. с англ. М., 1979.

Л.​М.​Шахлевіч.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

рудны паклад (цела) або іх скопішчы на паверхні ці ў нетрах Зямлі, якія паводле памераў, якасці і ўмоў залягання прыдатныя для прамысл. распрацоўкі. Фарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі геал. развіцця зямной кары. Вылучаюць 8 гал. эпох рудаўтварэння: архейская, раннепратэразойская, сярэднепратэразойская, раннерыфейская, познарыфейская, каледонская, герцынская і альпійская (гл. Металагенія). Паводле паходжання Р.р. падзяляюцца на эндагенныя і экзагенныя. Утварэнне эндагенных звязана з ’магматычнымі расплавамі (гл. Магматычныя горныя пароды) і гідратэрмальнымі растворамі (гл. Гідратэрмальныя радовішчы, Метасаматычныя радовішчы, Грэйзен, Скарн) ці абумоўлена ўздзеяннем метамарфічных працэсаў на горныя пароды і раней утвораныя радовішчы (гл. Метамарфагенныя радовішчы). Экзагенныя радовішчы ўтвараюцца з удзелам паверхневых ці грунтавых вод, паветра і арганізмаў. Сярод іх вылучаюць выветрывання радовішчы і асадкавыя радовішчы. Паводле саставу вылучаюць Р.р. чорных (жалеза, марганцу, хрому, тытану, ванадыю), лёгкіх (алюмінію, магнію), каляровых (медзі, свінцу, цынку, нікелю, сурмы), рэдкіх (волава, вальфраму, малібдэну, ртуці, берылію, літыю, танталу і ніобію), высакародных (золата, плаціноідаў і серабра), радыеактыўных (урану, торыю, радыю) металаў, а таксама рассеяных (актыній, гафній, галій, германій, індый, кадмій, протактыній, рэній, рубідый, селен, скандый, талій, тэлур, цэзій і інш.) і рэдказямельных (цэрыевай і ітрыевай груп) элементаў. Вылучаюць таксама Р.р. неметалічных карысных выкапняў (барыту, фасфарыту, серы, флюарыту, графіту і інш.). Гл. таксама Берыліевыя руды, Жалезныя руды, Уранавыя руды і інш.

Я.​А.​Ільін.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕТАЛІ́ЧНЫЯ РУ́ДЫ,

свінцова-цынкавыя руды, комплексныя руды, кампаненты якіх — свінец (Pb) і цынк (Zn), спадарожныя — медзь, золата, серабро, кадмій, радзей вісмут, волава, індый і галій. У некат. П.р. прамысл. каштоўнасць маюць барыт, флюарыт і сера. Гал. рудныя мінералы П.р. — галеніт, сфалерыт, таксама прысутнічаюць пірыт, халькапірыт, радзей арсенапірыт, касітэрыт і бляклыя руды. Колькасць асн. кампанентаў у прамысл. радовішчах П.р. змяняецца ад некалькіх працэнтаў да 10% і больш. Колькасныя суадносіны свінцу і цынку ў рудах радовішчаў розных тыпаў вагаюцца ў шырокіх межах, да ўтварэння ўласна цынкавых, радзей свінцовых руд. Звычайная колькасць свінцу ў рудах 1—2%, цынку — 2—4%. Паводле сумарнай колькасці свінцу і цынку П.р. падзяляюцца на багатыя (больш за 7%), радавыя (4—7%) і бедныя (2—4%). Радовішчы П.р. падзяляюцца на дробныя (з запасамі менш за 0,5 млн. т сумы металаў), сярэднія (0,5—2 млн. т), буйныя (2—10 млн.т) і унікальныя (больш за 10 млн. т). Першасныя П.р. фарміраваліся ў розныя геал. эпохі (ад дакембрыю да кайназою) шляхам крышталізацыі з гідратэрмальных раствораў. Паводле ўмоў утварэння падзяляюцца на экзагенна-эндагенныя (часцей пластавыя, сярод асадкава-вулканагенных і тэрыгенна-флішоідных адкладаў) і эндагенныя (жылы, ўкрапанікі ў карбанатных пародах). Другасныя (акісленыя) П.р. ўтвараюцца у выніку выветрывання паверхневых ч. рудных цел (да глыб. 100—200 м). Найб. радовішчы ў Канадзе (Пайн-Пойнт), ЗША, Аўстраліі і інш.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́Ў (лац. archivum),

1) установа або яе аддзел, што захоўвае дакументы і арганізуе іх выкарыстанне.

2) Сукупнасць дакументаў, якія з’явіліся ў выніку дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і прыватных асоб. Як збор крыніц архіў служыць для навук. даследаванняў, практ. патрэб гаспадаркі і дзярж. кіравання.

Існуюць з глыбокай старажытнасці, іх з’яўленне падрыхтавана вынаходствам пісьменства. У Месапатаміі і М.​Азіі археолагі раскапалі ў палацах правіцеляў, іх намеснікаў, дамах прыватных асоб і храмах архівасховішчы адм.-гасп. дакументаў, напісаных на гліняных таблічках. Знойдзены дыпламат. сховішчы стараж.-егіп. фараонаў. Уласна архівы, прыстасаваныя для захоўвання актаў, былі ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У 12—13 ст. у Францыі, Іспаніі, Англіі і інш. краінах узніклі т.зв. каронныя архівы пры дварах правіцеляў. Значную ч. гіст. крыніц у гэты час захоўвалі царк. ўстановы. З 16 ст. многія дзярж. ўстановы імкнуліся мець уласныя архівы. У выніку каланізацыі еўрапейцамі зямель і інш. Кантынентаў узніклі буйныя каланіяльныя архівы (напр., Гал. архіў Індый у Іспаніі). З 19 ст. матэрыялы многіх архіваў сталі даступныя даследчыкам, пачало складвацца міжнар. архіўнае супрацоўніцтва. У 1950 на 1-м Міжнар. кангрэсе архіваў зацверджаны статут Міжнар. савета архіваў. З ім супрацоўнічаюць архівісты амаль 120 краін (1994), выдаецца міжнар. час. «Archivum». Найб. архіўныя ўстановы свету: франц. Нац. архіў (Archives Nationales; у Парыжы, з 1794), у Англіі Дзярж. публічны архіў (Public Record Office; у Лондане, з 1838), у ЗША Нац. архіў (Nationales Archives; у Вашынгтоне, з 1934); у ФРГ Федэральны архіў (Bundesarchiv; у г. Кобленц, з 1952); у Польшчы архіў новых актаў (Archiwum Akt Nowych; з 1930) і Гал. архіў стараж. актаў (Archiwum Glówne Akt Dawnych; з 1867; абодва ў Варшаве), Дзярж. архіў Расійскай Федэрацыі (б. Цэнтр. дзярж. А. Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР, Масква), Рас. дзярж. гіст. архіў (б. Цэнтр. дзярж. гіст. архіў СССР, С.-Пецярбург) і інш.

На Беларусі першыя архівы ўтвараліся ў княжацкіх замках, манастырах, цэрквах. Пры канцылярыі вял. князёў ВКЛ існаваў архіў — Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія і гарадскія адміністрацыі, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта, некаторыя заможныя мяшчане. З 2-й пал. 19 ст. дакументы ВКЛ зберагаліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў і Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў. У Мінску з 1872 існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Мінскай губ. 4.8.1922 створаны Цэнтр. архіў Беларусі (заг. З.​Х.​Жылуновіч), які кіраваў архіўнай справай у БССР. Праведзены Усебеларускія канферэнцыі архіўных работнікаў (Мінск, 1924, 1927), 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926). У 1938—60 архіўныя ўстановы ўваходзілі ў сістэму НКУС (МУС) БССР. Навуковае і арганізац.-метадычнае кіраўніцтва архівам ажыццяўляла Гал. архіўнае ўпраўленне пры СМ БССР, пераўтворанае ў 1992 у Камітэт па архівах і справаводстве. У 1994 прыняты закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На Беларусі 6 цэнтр. дзярж. Архіваў (1995): Нац. архіў Рэспублікі Беларусь, Нац. гіст. архівы Рэспублікі Беларусь у Мінску і Гродне, Бел. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў, Бел. дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва, Бел. дзярж. архіў навукова-тэхн. дакументацыі. Абласныя архівы і іх філіялы захоўваюць дакументы мясц. устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, калгасаў і інш. (гл. адпаведныя арт., напр., Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці). Існуюць таксама архівы АН Беларусі, КДБ Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гіст. дакументы захоўваюцца таксама ў бібліятэках, музеях і навук. установах. Буйныя комплексы дакументаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі, Швецыі, ЗША і інш.

Літ.:

Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов. Мн., 1972;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

А.​М.​Міхальчанка (архівы Беларусі).

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)