Індыга 5/92

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ГА (ісп. indigo ад грэч. indikos індыйскі),

арганічнае злучэнне, вытворнае індолу; кубавы фарбавальнік сіняга колеру. Крышталі цёмна-сіняга колеру з медным адценнем, плавяцца з раскладаннем, tпл 390—392 °C. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры, раствараецца ў аніліне, нітрабензоле, ледзяной воцатнай кіслаце. Натуральны І. вядомы з глыбокай старажытнасці. Атрымлівалі з трапічных раслін роду Indigofera і інш. індыганосаў. У 16 ст. завезены ў Еўропу. У канцы 19 ст. распачалі вытв-сць сінт. І., больш таннага і чыстага. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі тэкст. матэрыялаў (у асн. джынсавай тканіны), у вытв-сці чарніла, фарбаў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 7, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Меднае індыга, гл. Кавелін

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМІНДЫ́ГА (5,5, 7,7тэтраброміндыга),

кубавы фарбавальнік; вытворнае індыга. Цёмна-сінія крышталі; не раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца пры браміраванні індыга ў канцэнтраванай сернай кіслаце. Больш устойлівы і яркі, чым індыга. Выкарыстоўваюць для фарбавання баваўняных і віскозных тканін.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́ДЫ МЕТА́ЛАЎ,

неарганічныя злучэнні агульнай формы M(NH2)n (M — метал, n — ступень акіслення металу). Аміды шчолачных металаў стабільныя крышт. рэчывы, цяжкіх металаў — выбухованебяспечныя. Атрымліваюць узаемадзеяннем металаў з аміякам. Аміды натрыю выкарыстоўваюцца ў вытв-сці сінт. індыга, лек. прэпаратаў (амідапірыдзінаў), вітаміну A і інш.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫГО́ІДНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

група кубавых фарбавальнікаў, блізкіх па будове да індыга. У асобны падклас — тыяіндыгоідныя фарбавальнікі — вылучаны І.ф., малекулы якіх маюць атамы серы. Вызначаюцца шырокай гамай колеру — ад аранжавага да чорнага, добрай трываласцю, аднак па трываласці да святла саступаюць поліцыклічным кубавым фарбавальнікам. Атрымліваюць сінт. метадамі. Выкарыстоўваюць у асн. для стварэння адбіткаў на тканінах з цэлюлозных валокнаў.

т. 7, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЕР ((Baeyer) Адольф) (31.10.1835, Берлін — 20.8.1917),

нямецкі хімік. Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1872 праф. Страсбургскага, з 1875 Мюнхенскага ун-таў. Ажыццявіў поўны сінтэз індыга і ўстанавіў яго будову (1878—83). Даследаваў фталевыя, тэрпенавыя, пераксідныя, нітроза- і аксоніевыя злучэнні. Стварыў тэорыю напружанасці цыклічных злучэнняў (Баера тэорыя), якая тлумачыць іх стабільнасць. У 1910 уведзены памятны медаль Баера за дасягненні ў галіне арган. хіміі. Нобелеўская прэмія 1905.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЛІ́Н, амінабензол, феніламін,

найпрасцейшы араматычны амін, C6H5NH2. Бясколерная вадкасць, tкіп 184,4 °C, шчыльн. 1,02 ∙ 10​3 кг/м³; растваральны ў вадзе, спіртах, эфірах. Мае ўласцівасці асноў, з мінер. кіслотамі ўтварае солі. Асн. метад атрымання аніліну — аднаўленне нітрабензолу (упершыню атрыманы з індыга). Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў, фотаматэрыялаў, выбуховых рэчываў, лекаў, паскаральнікаў вулканізацыі каўчуку і інш. Ядавіты (дзейнічае на ц. н. с., выклікае дэгенерацыю эрытрацытаў крыві, гемоліз), ГДК 0,1 мг/м³.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕЛІ́Н (ад імя італьян. мінералога Н.​Кавелі),

меднае індыга, мінерал класа сульфідаў, сульфід медзі, CuS. Змяшчае медзь да 66,4%, прымесі жалеза, часам селен, серабро, свінец. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, трапляюцца рэдка. Зямлістыя сажыстыя агрэгаты, скарынкі. Колер індыгава-сіні да сінявата-чорнага. Бляск металічны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 4,6—4,76 г/см3. Утвараецца ў зонах другаснага сульфіднага абагачэння ў меднарудных радовішчах, вельмі рэдка гідратэрмальнага паходжання. Другарадная руда медзі.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЙДА (Isatis),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца вайда фарбавальная (I. tinctoria). Расце ўздоўж чыгунак як рэдкая занесеная расліна. Культывуецца ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі дробныя, жоўтыя, сабраныя ў гронкі. Плод — аднанасенны звіслы пляскаты стручок. Лек. (антыбіятычны і проціцынготны сродак, выкарыстоўваецца супраць хвароб селязёнкі), тэхн. (лісце мае фарбавальнікі — індыга і басму, у насенні да 30% тлустага алею тыпу льнянога), кармавыя і меданосныя расліны.

Вайда фарбавальная.

т. 3, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)