ЛЕЙКАЗЛУЧЭ́ННІ,
прадукты аднаўлення многіх арган. фарбавальнікаў.
Звычайна пры пераходзе фарбавальнікаў (напр., трыфенілметанавых, індыгоідных, хінонімінавых, сярністых) у Л. аднаўляюцца экзацыклічныя падвойныя (напр., С=О, С=С) ці дысульфідныя (S—S) сувязі, што прыводзіць да змены характару сувязей у араматычных астачах і, як правіла, колеру. Л. бясколерныя або слабаафарбаваныя, лёгка акісляюцца (многія пад уздзеяннем кіслароду паветра) да зыходных фарбавальнікаў. Воданерастваральныя кубавыя, сярністыя, індыгоідныя фарбавальнікі пры аднаўленні (напр., дытыянітам натрыю Na2S2O4) у шчолачным асяроддзі ўтвараюць солі Л., якія добра раствараюцца ў вадзе або асновах, вызначаюцца павышанай роднасцю да цэлюлозных валокнаў (гл. Кубавыя фарбавальнікі). Устойлівыя да акіслення алкілсульфаты Л. агульнай ф-лы R(OSO3Na)x (дзе R — арган. астача, x = 2—4) выкарыстоўваюць у кубавым фарбаванні. Гл. таксама Індыга.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 9, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)