АЙМАРА́,

індзейскі народ у Балівіі, Перу і Чылі. Агульная колькасць 2,2 млн. чал. (1987). Мова аймара. Паводле веравызнання католікі.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАЎКА́НЫ (саманазва мапуча),

індзейскі народ у Чылі (750 тыс. чал.; 1987) і на З Аргенціны (50 тыс. чал.). Гавораць на араўканскай мове. Прытрымліваюцца традыц. вераванняў.

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРАКЕ́ЗЫ,

індзейскі народ групы іракезаў у ЗША (60 тыс. чал. у 1992, штаты Нью-Йорк і Аклахома) і Канадзе (30 тыс. чал., правінцыі Антарыо і Квебек). Прытрымліваюцца сінкрэтычных культаў, ёсць хрысціяне. У калан. войнах еўрап. дзяржаў за Паўн. Амерыку вял. ролю адыграў Саюз плямён І., ці т. зв. Іракезская ліга (каля 1570 — канец 18 ст.).

т. 7, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЧУА, кічуа, кешуа,

сучасны індзейскі народ у Паўд. Амерыцы. Складае значную ч. насельніцтва Перу (7,7 млн. чал.), Эквадора (4,3 млн. чал.), Балівіі (2,47 млн. чал.). К. жывуць таксама на ПнЗ Аргенціны, Пн Чылі, Пд Калумбіі; агульная колькасць 10—13 млн. чал. (1990-я г.). Нашчадкі стараж. інкаў. Мова — кечуа (у Перу з 1975 афіц. мова разам з іспанскай). Паводле веравызнання пераважна католікі. Займаюцца земляробствам, рамяством.

Літ.:

Зубрицкий Ю.А. Инки-кечуа: Основные этапы истории народа. М., 1975.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСЭ́Н ((Dassin) Джо) (5.11.1938, Нью-Йорк — 21.8.1980),

французскі шансанье, кампазітар. Сын франц. кінарэжысёра Жуля Д. і скрыпачкі Б.​Лонер. Дзед Д. — выхадзец з Расіі (эмігрыраваў у ЗША у пач. 20 ст.). Скончыў Мічыганскі ун-т як этнолаг. Вывучаў амер. і індзейскі фальклор, інтанацыі якога пазней ляглі ў аснову многіх яго песень. У 1950-я г. пакінуў ЗША, жыў у іншых краінах, застаўся ў Францыі. У пач. творчасці зазнаў уплыў франц. кампазітара і шансанье Ж.​Брасенса. З 1967 выступаў на эстрадзе (з 1969 у т-ры «Алімпія»). Сярод яго песень найб. папулярныя «Бабіна лета», «Елісейскія палі».

т. 6, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬМЕ́КІ (Olmec),

індзейскі народ, які ў 14—3 ст. да н.э. насяляў тэр. сучасных штатаў Веракрус, Табаска і Герэра (Мексіка). Назва ад плямёнаў, што жылі тут у 11—14 ст. Займаліся лядным земляробствам і рыбалоўствам, былі выдатнымі разьбярамі па камені. Узвялі буйныя цырыманіяльныя цэнтры Ла-Вента, Трэс-Сапотэс і інш. Захавалася шмат помнікаў манум. скульптуры. Вядомы каменныя статуэткі істотаў, у якіх зліваюцца рысы чалавека і ягуара, — папярэднікі бога дажджу ў майя і інш. народаў. Іерогліфы альмекаў не прачытаны; верагодна, на іх падставе з’явіліся іерогліфы майя. Росквіт культуры альмекаў прыпадае на пачатак 1-га тыс. да н.э. Паміж 600 і 400 да н.э. асн. цэнтры альмекаў былі разбураны ці пакінуты. Знікненне альмекаў верагодна, звязана з этнічнымі міграцыямі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШТЭ́КІ індзейскі народ у Мексіцы. Жывуць у штатах Аахака, Герэра і Пуэбла. 270 тыс. чал. (1998). Гавораць на мове міштэкскай групы сям’і ата-манге і іспанскай. Вернікі — католікі. У 1200-я г. М. прыйшлі ў дзяржаву сапатэкаў (даліна Аахакі), што напачатку выклікала заняпад, а пазней росквіт змешанай міштэкска-саматэкскай культуры. У 15 ст. іх перамаглі аптэкі, у 1523 заваявалі іспанцы. У М. былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, мастацтва. Пра унікальнасць іх школы жывапісу сведчаць міштэкскія кодэксы (маляваныя кнігі) — своеасаблівыя гіст. дакументы, якія змяшчаюць звесткі пра генеалогію, гісторыю, фаўну і этнаграфію. У наш час М. займаюцца земляробствам, паляўніцтвам, рыбалоўствам, жывёлагадоўляй, рамесніцтвам.

Літ.:

Галич М. История доколумбовых цивилизаций: Пер. с исп. М., 1990. С. 81-99.

Да арт. Міштэкі. Фрагмент міштэкскага кодэкса даіспанскага перыяду.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙЯ,

індзейскі народ у Мексіцы, Гватэмале (п-аў Юкатан) і Белізе. 700 тыс. чал., у т. л. ў Мексіцы 670 тыс. (1992). Мова М. з галіны майя-кічэ. Вернікі — католікі. Продкі М. стварылі адну з найб. развітых цывілізацый дакалумбавай Амерыкі, якая існавала на тэр. сучасных паўд.-ўсх. Мексікі, Гватэмалы, Беліза і Гандураса. Узнікненне цывілізацыі М. звязана з культурай альмекаў. Умоўна стараж. гісторыю М. падзяляюць на «Стараж. царства» (1-е тыс. да н.э. — 8—9 ст. н.э.) і «Новае царства» (11—16 ст.). «Стараж. царства» — час найб. культ. росквіту цывілізацыі М., асн. цэнтры якой знаходзіліся ў даліне р. Усумасінта і на плато Петэн. З гэтых часоў захаваліся руіны больш як 40 гар. цэнтраў М.: Цікаля, Вашактуна, Капана, Паленке, Банампака і інш. Паводле апошніх даследаванняў, яны былі сапраўднымі гарадамі, а не толькі цырыманіяльнымі цэнтрамі, як лічылася раней. М. ведалі развітую сістэму земляробства («паднятыя палі», ірыгацыю, палі на тэрасах), якая дазваляла ім вырошчваць кукурузу, фасолю, гарбузы, памідоры, караняплоды, бавоўнік. З свойскіх жывёл гадавалі індыкоў і сабак. Займаліся паляваннем, рыбалоўствам і пчалярствам. Унутр. супярэчнасці і ўварванне інш. плямён прывялі да заняпаду і поўнага абязлюдзення гарадоў. З 9 ст. пачаўся рост паселішчаў М. на п-ве Юкатан, якія да пач. 11 ст. былі заваяваны плямёнамі тальтэкаў з Мексікі. Узнікла змешаная майя-тальтэкская культура. Сталіцай тальтэкаў быў г. Чычэн-іца, які разбурылі паўстаўшыя М. ў пач. 13 ст. У 13—15 ст. на Юкатане панавалі правіцелі г. Майяпан; значнымі цэнтрамі былі гарады Ушмаль, Тулум і інш. (захаваліся руіны). Пасля разбурэння ў сярэдзіне 15 ст. Майяпана на Юкатане ўзнікла мноства незалежных гарадоў-дзяржаў, што былі заваяваны іспанцамі (апошні з іх, Тайясаль, у 1697). М. неаднаразова паўставалі супраць іспанцаў і ўлад Мексікі (найб. працяглым было паўстанне 1847—1904). Ад стараж. цывілізацыі М. захаваліся шматлікія рэшткі будынкаў — храмы на вял. 4-гранных ступеньчатых пірамідах («Храм Сонца» і «Храм надпісаў» у Паленке і інш.), шматпакаёвыя палацы, пляцоўкі для культавых гульняў. Значнае развіццё набыла скульптура ў выглядзе рэльефаў на сценах храмаў і стэлах. Жывапіс прадстаўлены насценнымі размалёўкамі (Банампак). М. стварылі найб. дасканалую ў дакалумбавай Амерыцы сістэму пісьма (гл. Майя пісьмо), валодалі ведамі ў матэматыцы і астраноміі, якія дазволілі ім стварыць дакладны сонечны каляндар.

Літ.:

Рус А. Народ майя: Пер. с исп. М., 1986;

Гуляев В.И. Города-государства майя. М., 1979;

Яго ж. Древние майя: Загадки погибшей цивилизации. М., 1983.

В.​У.​Адзярыха.

Да арт. Майя. Рэшткі палацавых пабудоў у Паленке (Мексіка).

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)