ІМАНЕ́НТНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
плынь у ням. філасофіі канца 19 — пач. 20 ст., якая атаясамлівала быццё, пазнавальную рэальнасць са зместам свядомасці і адмаўляла існаванне незалежнай ад свядомасці рэчаіснасці. Найб. вядомыя яе прадстаўнікі В.Шупе (заснавальнік), Р.Шуберт-Зольдэрн, А.Леклер, М.Каўфман і інш. Гал. свае ідэі Шупе выклаў у кн. «Тэарэтыка-пазнавальная логіка» (1878). І.ф. грунтавалася на крытычна пераасэнсаванай у суб’ектыўна-ідэалістычнага духу філасофіі І.Канта і спецыялізавалася ў галіне гнасеалогіі. Прадстаўнікі І.ф. лічылі, што рэчаіснасць, мысленны аб’ект непасрэдна дадзены пазнавальнаму суб’екту, іманентны яго свядомасці (адсюль і назва І.ф.). Асн. яе тэзісы: існуе толькі тое, што мысліцца, аб’ект непарыўна звязаны з суб’ектам, існуе родавая (усеагульная) свядомасць, якая выступае ў якасці гаранта і крытэрыя аб’ектыўнасці. Асобныя ідэі І.ф. знайшлі адлюстраванне ў эмпірыякрытыцызме, фенаменалогіі і інш. філас. плынях.
Т.І.Адула.
т. 7, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАНЕ́НТНАЕ [ад лац. immanens (immanentis) уласцівы чаму-н.],
нешта ўнутранае, уласцівае дадзенаму прадмету, з’яве, працэсу. Напр., аб’ектыўныя законы і заканамернасці іманентныя, г. зн. арганічна ўласцівыя свету, матэрыі. Тэрмін «І.» ўзнік у схаластычнай філасофіі і абазначаў прычыны і дзеянні, што мелі месца ў саміх аб’ектах. Паводле І.Канта, паняцце «І.» арганічна звязана з гнасеалогіяй, выконвае метадалагічную функцыю ў працэсе выяўлення межаў пазнавальных здольнасцей суб’екта. Процілеглае І. — трансцэндэнтнае. Іманентнай называюць таксама філас. крытыку, якая разглядае тое ці інш. вучэнне з пункту погляду паслядоўнага правядзення яго ўласных прадпасылак. Гл. таксама Іманентная філасофія.
Т.І.Адула.
т. 7, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)