ІМАНЕ́НТНАЕ [ад лац. immanens (immanentis) уласцівы чаму-н.],

нешта ўнутранае, уласцівае дадзенаму прадмету, з’яве, працэсу. Напр., аб’ектыўныя законы і заканамернасці іманентныя, г. зн. арганічна ўласцівыя свету, матэрыі. Тэрмін «І.» ўзнік у схаластычнай філасофіі і абазначаў прычыны і дзеянні, што мелі месца ў саміх аб’ектах. Паводле І.​Канта, паняцце «І.» арганічна звязана з гнасеалогіяй, выконвае метадалагічную функцыю ў працэсе выяўлення межаў пазнавальных здольнасцей суб’екта. Процілеглае І. — трансцэндэнтнае. Іманентнай называюць таксама філас. крытыку, якая разглядае тое ці інш. вучэнне з пункту погляду паслядоўнага правядзення яго ўласных прадпасылак. Гл. таксама Іманентная філасофія.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)