МАРЖО́ВЫЯ І́КЛЫ, біўні,

зубы верхняй сківіцы маржа. У самцоў даўж. да 82 см, маса да 3 кг, сціснутыя з бакоў; у самак карацейшыя і больш акруглыя ў сячэнні. Растуць усё жыццё. З іх дапамогай морж выкопвае з дна корм, узбіраецца на лёд, абараняецца ад ворагаў. Выкарыстоўваюць у дэкар. мастацтве (дробная скульптура, нажы, брошкі, пацеркі і інш.).

т. 10, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІРУ́СА (Babyrousa babyrussa),

парнакапытнае млекакормячае сям. свіных. Адзіны від у родзе. Сустракаецца на в-ве Сулавесі і бліжэйшых астравах (Малайскі архіпелаг). Трымаецца забалочаных лясоў і прыбярэжных зараснікаў.

Даўж. цела да 1 м. Мае адносна маленькую галаву, кароткія вушы, высокія і тонкія ногі. Верхнія іклы ў самцоў да 30 см, загінаюцца назад. Скура маршчыністая з рэдкім шчаціннем. Нараджае двое аднаполых парасят. Актыўная ўначы. Корміцца лісцем травяністых раслін. Аб’ект палявання (мяса, скура, іклы). Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

Бабіруса.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРЖ (Odobaenus rosmarns),

адзіны від сям. маржоў атр. ластаногіх. 3 падвіды. Пашыраны кругапалярна. Жывуць статкамі на ўзбярэжжах, летам на плывучым лёдзе ўтвараюць логавішчы да 3—4 тыс. асобін. Лапцеўскі падвід (O.r. laptevi) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. самца да 4,1 м, маса да 2 т (самкі адпаведна да 3,7 м і 1,1 т). Скура тоўстая (да 4 см) з кароткімі рэдкімі валасамі. У самца на грудзях, шыі і лапатках скура ўтварае бугры. Іклы верхняй сківіцы ператварыліся ў біўні (гл. Маржовыя іклы). Кормяцца пераважна доннымі жывёламі (малюскамі, ракападобнымі, чарвямі). Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2—3 гады. Промысел абмежаваны. Выкарыстоўваюцца біўні, мяса, скура.

Э.​Р.​Самусенка.

Морж.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРМАРФО́З (ад гіпер... + марф... + ...оз),

гіпертэлія, звышспецыялізацыя, залішняе павелічэнне арганізма або яго асобных органаў у сувязі з парушэннем у эвалюцыйным развіцці балансу з асяроддзем у выніку хуткай яго змены (напр., гіганцкія мезазойскія рэптыліі, буйныя іклы ў выкапнёвых шаблязубых тыграў і інш.). Гіпермарфоз — следства надзвычайнай спецыялізацыі да вузкіх умоў існавання, пры нязначнай змене асяроддзя вядзе да вымірання гэтай групы арганізмаў.

т. 5, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАЙРО́ДЫ (Machairodus ад грэч. machaira кароткі крывы меч + odus зуб),

шаблязубыя тыгры, род вымерлых жывёл сям. кашэчых. Вядомы з міяцэнавых і пліяцэнавых адкладаў. Былі пашыраны ў паўд. ч. Еўропы, Азіі, Афрыцы. Блізкія роды (Smilodon і інш.) жылі ў Паўн. Амерыцы.

Большыя за сучасных тыграў. Мелі вял. (даўж. да 14 см) шаблепадобныя верхнія іклы з рэжучымі зазубленымі краямі, якімі забівалі буйных таўстаскурых жывёл (мастадонтаў, насарогаў і інш.).

Махайрод.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНДЖА́НТРАП (ад Зіндж — стараж.-араб. назва Усх. Афрыкі + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвы прымат (гл. Прыматы), рэшткі якога (чэрап без ніжняй сківіцы) знойдзены англ. археолагам Л.​Лікі ў цясніне Олдувай (Танзанія) у 1959. Чэрап З. масіўны, з магутным тварам, зубы буйныя, але іклы не выступаюць над астатнімі зубамі. Аб’ём мозга каля 530 см³. Асаблівасці будовы чэрапа сведчаць, што З. хадзіў на дзвюх нагах. Існаваў 1750 тыс. гадоў назад. З. лічаць прадстаўніком аднаго з відаў аўстралапітэкаў.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАРГА́ (Moschus),

падсямейства атр. парнакапытных. 1 від (M. moschiferus).

Пашырана ў Цэнтр. і Усх. Азіі. Жыве ў горнай камяністай тайзе. Трымаецца паасобна, радзей невял. групамі.

Даўж. да 1 м, выш. ў карку да 70 см, маса да 20 кг. Афарбоўка пераважна карычневая, з дробнымі светлымі плямамі на баках. Спіна выгнутая, задняя ч. цела вышэйшая і грузнейшая за пярэднюю. У самцоў вострыя, накіраваныя ўніз іклы, на жываце мускусная залоза Перамяшчаецца скачкамі. Нараджае 1—2 дзіцяняці. Расліннаедныя.

Кабарга.

т. 7, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́НСУЛЫ (Proconsul),

вымерлыя чалавекападобныя малпы. Былі вылучаны ў асобны род, пазней уключаны як падрод з 3 відамі ў род дрыяпітэкаў. Вядомы з міяцэну (каля 25—20 млн. г. назад) па шматлікіх рэштках (чарапы, сківіцы, зубы, косці канечнасцей) з адкладаў у наваколлях воз. Вікторыя (Усх. Афрыка). Верагодна, П. — продкавыя формы сучасных чалавекападобных малпаў гарыл і шымпанзэ.

Характэрныя рысы — адсутнасць надброўных дуг і адносна слабае развіццё сківіц. Разцы малыя, іклы вялікія. Перамяшчаліся пераважна на чатырох канечнасцях.

Праконсул афрыканскі.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ДАВАЧНІК (Phacochoerus aethiopicus),

млекакормячая парнакапытная жывёла сям. свіных. Адзіны від у родзе. Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў саваннах, рэдкалессі, кустовых, прыбярэжных зарасніках на раўнінах і ў гарах.

Даўж. цела без хваста 1,5—1,9 м, выш. ў плячах 65—85 см, маса 50—150 кг. Цела ўкрытае рэдкім шчаціннем. У самцоў па баках галавы бародаўчатыя скурныя нарасты (адсюль назва). У верхняй сківіцы вял. іклы, якія загінаюцца ўверх. Дзённая ўсёедная жывёла, начуе ў норах; нараджае 3—4 парасят. Аб’ект промыслу (мяса, шкура).

Бародавачнік.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУЦЫ́НЫ (Cebus),

род учэпістахвостых малпаў падатр. вышэйшых прыматаў. 4 віды, 33 падвіды. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, ад Гандураса да Бразіліі. Жывуць у вільготных лясах групамі да 30 асобін, у якіх пераважаюць самкі, але кіруе самец-важак; рухавыя, могуць плаваць.

Даўж. цела да 57 см, хваста да 56 см, маса да 3,3 кг. Афарбоўка карычневая або шэрая. У самцоў вял. іклы. На галаве валасы накшталт манаскага клабука (адсюль назва, якая азначае «манах з капюшонам»), Усёедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня. Развіты гукавая камунікацыя, эмоцыі, пачуцці (напр., згода, задавальненне, плач).

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)