Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЯР’Я́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
аднаасноўныя насычаныя арган. к-ты агульнай формулы C4H9COOH. Вядомы 4 ізамерныя валяр’янавыя кіслаты: валяр’янавая (пентанавая); ізаваляр’янавая (3-метылбутанавая); метылэтылвоцатная (2-метылбутанавая); півалінавая (трыметылвоцатная). Практычнае значэнне мае ізаваляр’янавая к-та: бясколерная вадкасць, tпл -29,3 °C, tкіп 176,5 °C, шчыльн. 930,8 кг/м³. Солі і эфіры наз. ізаваляратамі. Атрымліваюць з каранёў валяр’яну. Выкарыстоўваюць у вытв-сці валідолу, карвалолу, валакардзіну і інш. лек. сродкаў, фруктовых эсенцый і духмяных рэчываў у парфумерыі.
т. 3, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЫ́ЛАВЫЯ СПІРТЫ́, бутанолы,
аліфатычныя насычаныя спірты, C4H9OH. Вядомы 4 ізамерныя бутанолавыя спірты: 1-бутанол (першасны); 2-бутанол (другасны); 2-метыл-1-прапанол (ізабутылавы); 2-метыл-2-прапанол (трацічны).
Бясколерныя вадкасці са спіртавым пахам, tкіп 117,4 °C, шчыльн. 809,9 кг/м³ (першасны бутанолавы спірт), трацічны бутанолавы спірт — цвёрдае рэчыва з пахам цвілі, tпл 25,5 °C, 82,5 ºС, шчыльн. 788,7 кг/м³ (20 ºС). Раствараюцца ў вадзе і арган. растваральніках. Ізабутылавы вылучаюць з сівушнага алею перагонкай, астатнія атрымліваюць сінтэтычна. Выкарыстоўваюцца як растваральнікі ў лакафарбавай прам-сці, для сінтэзу арган. рэчываў, у вытв-сці пластыфікатараў, пестыцыдаў, лек. сродкаў.
т. 3, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫ́ЛЫ,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну ці некалькі цыянагруп -C≡N, злучаных з атамам вугляроду; арган. вытворныя сінільнай кіслаты (неарган. вытворныя наз. цыянідамі). Агульная ф-ла Н. R-CN, дзе R — арган. радыкал; ізамерныя ізанітрылам (гл. Ізацыяніды).
Бясколерныя вадкасці (напр., акрыланітрыл) ці цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў арган. растваральніках, дрэнна — у вадзе (за выключэннем ніжэйшых аліфатычных Н.). Лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння, аднаўлення і інш. Пры гідролізе Н. утвараюцца карбонавыя к-ты. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй амідаў кіслот у прысутнасці каталізатара ў атмасферы аміяку. Выкарыстоўваюць як растваральнікі, сыравіну ў вытв-сці хім. валокнаў (гл. Поліакрыланітрыльныя валокны, Поліамідныя валокны), пластмас, пластыфікатараў, лек. сродкаў, пестыцыдаў. Атрутныя; атручэнне магчыма пры ўдыханні пары, пападанні ў страўнікава-кішачны тракт ці на скуру.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 11, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРЫ́ТЫ,
неарганічныя і арган. вытворныя азоцістай кіслаты.
Н. неарганічныя — солі агульнай ф-лы M(NO2)n, (n — ступень акіслення металу М). Крышт. рэчывы, тэрмічна малаўстойлівыя: раскладаюцца пры 25—300 °C; без раскладання плавяцца толькі Н. шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць пераважна Н. шчолачных металаў і амонію для сінтэзу азафарбавальнікаў, як акісляльнікі і аднаўляльнікі ў гумава-тэхн., тэкст. і металаапрацоўчай прам-сці, кансерванты харч. прадуктаў. Водарастваральныя Н. (напр., Н. натрыю NaNO2, калію KNO2) таксічныя. Н. арганічныя — эфіры азоцістай к-ты; паўпрадукты ў арган. сінтэзе. Маюць адну ці некалькі груп -O-N=0, звязаных з атамам вугляроду арган. радыкала; ізамерныя нітразлучэнням. Ніжэйшыя алкілнітрыты — газы (напр., метылнітрыт CH3ONO, tпл -12 °C), астатнія — бясколерныя ці жаўтаватыя вадкасці. Не раствараюцца ў вадзе. Высокатаксічныя. Ізапентылнітрыт (ізаамілнітрыт) (CH3)2CHCH2CH2ONO — проціяддзе пры атручэнні сінільнай к-той і яе солямі.
т. 11, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)