ІЗАБЕ́ЛА (Isabel; 22.4.1451, г. Мадрыгал-дэ-лас-Альтас-Торэс, Іспанія — 26.11.1504),
каралева Кастыліі з 1474, каралева Іспаніі з 1479—1504. Дачка караля Хуана II. Шлюб І. ў 1469 з Фердынандам (з 1479 кароль Арагона) прывёў да дынастычнай уніі Кастыліі з Арагонам і фактычнага аб’яднання Іспаніі. У гады яе праўлення буйныя феадалы страцілі паліт. самастойнасць, картэсы — былое значэнне, абмежаваны правы гар. камун; паліт. лад у Іспаніі наблізіўся да абс. манархіі. Пры І. завершана Рэканкіста, праводзіліся экспедыцыі Х.Калумба. Рэліг. палітыка І. вызначалася фанатызмам і нецярпімасцю (заснаванне інквізіцыі ў 1480, выгнанне іудзеяў у 1492 і арабаў-мусульман у 1502 і інш.).
т. 7, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ВІЧ (Ізабела Іванаўна) (н. 27.10.1927, г.п. Багушэўск Віцебскай вобл.),
бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1969), праф. (1971). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Засл. юрыст Беларусі (1995). Скончыла Мінскі юрыд. ін-т (1949). З 1956 у БДУ. Навук. працы па пытаннях судовага ладу, пракурорскага нагляду, крымінальнага працэсу, гісторыі дзяржавы і права Беларусі.
Тв.:
История суда. в Белорусской ССР (1917—1960 гг). Мн., 1961;
Адвокатура в БССР. Мн., 1973;
Общественные суды БССР в социалистическом строительстве. Мн., 1978;
Белорусская ССС: Статус, достижения, развитие. Мн., 1989 (у сааўт.);
Судебно-правовая реформа в Республике Беларусь. Мн., 1995 (разам з М.І.Пастуховым).
т. 10, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́Д (Vitis),
род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40° паўн. ш. і 35—45° паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.
Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл. Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.
т. 4, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)