Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІГЛІ́ЦА,
шыпулькі, зялёнае, фотасінтэзуючае лісце многіх хвойных дрэў і кустоў тыпу голанасенных.
Вечназялёныя, лінейнай, іголка- або лускападобнай, трох-, чатырохграннай формы, даўж. 0,1—45 см; сядзячыя, размешчаныя спіральна, радзей супраціўна або кальчакова. Часцей шчыльныя, цвёрдыя, скурыстыя з невял. колькасцю вусцейкаў. Акрамя некалькіх лістападных форм, І. трымаецца на галінках 1—15 гадоў. Мае шмат фітанцыдаў, эфірных алеяў, вітамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Шыпулькі, гл.Ігліца
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВО́Я (Sequoia),
род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. вечназялёная (S. sempervirens). Трапляецца на зах. узбярэжжы Паўн. Амерыкі, у гарах Каліфорніі і Паўд. Арэгона (ЗША). Утварае парасткавыя лясы. У Еўропе і Азіі рэшткі С. выяўлены ў юрскіх і ніжнемелавых пластах. Культывуецца.
Вечназялёныя хваёвыя дрэвы з вузкаканічнай кронай. Адносяцца да найвыш. дрэў (выш. ствала 110—112 м, дыяметр 6—10 м). Жывуць больш за 3 тыс. гадоў. Ігліца лінейна-ланцэтная, размешчана грабеньчата. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. 2—3 см. Насенне з доўгімі крыльцамі. Драўніна светла-чырв., выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў, мэблі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВОЯДЭ́НДРАН,
мамантавае дрэва, велінгтонія (Sequoiadendron), род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. гіганцкі (S. giganteum). Пашыраны ў Паўн. Амерыцы (Каліфорнія). Выкапнёвыя рэшткі выяўлены ў Паўн. паўшар’і. Культывуецца ў парках і садах Сярэдняй Еўропы і на Пд Еўразіі.
Вечназялёныя хваёвыя дрэвы. Жывуць да 2,5 тыс. (паводле інш. звестак, да 3—4 тыс.) гадоў. Ствол прамы, стройны, выш. да 100 м, дыяметрам да 10 м, у старых дрэў свабодны ад галін амаль да палавіны. Крона густая, канічная або акруглая. Ігліца размешчана спіральна, шышкі даўж. 5—7,5 см. Некат. гіганцкія экзэмпляры маюць уласныя імёны. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАСЕКВО́Я (Metasequoia),
род хвойных дрэў сям. таксодыевых. 1 від — М. рассечанашышкавая (M. glyptostroboides). Пашырана ў Цэнтр. і Паўд.-Зах. Кітаі. Расце ў горных цяснінах, па берагах ручаёў. Рэдкая рэліктавая расліна, апісана па выкапнёвых знаходках і лічылася вымерлай, знойдзена жывая ў 1941—46. На Беларусі выкапнёвыя рэшткі М. (пылок, шышкі, галінкі з ігліцай) знойдзены ў адкладах алігацэну і міяцэну.
Лістападныя дрэвы з пірамідальнай ажурнай кронай выш. да 40 м і дыям. ствала да 2 м. Кара чырванавата-карычневая, адслойваецца. Ігліца ярка-зялёная, мяккая, вузкалінейная, даўж. 1—3 см, ападае на зіму разам з укарочанымі парасткамі. Шышкі вісячыя. Насенне з крылцам. Дэкар. расліна. Культывуецца ў Еўразіі і Амерыцы (на Беларусі вымярзае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГЛА́СІЯ, дугласавая піхта,
дугласія Мензіса (Pseudotsuga menziesii),
від голанасенных дрэвавых раслін роду лжэтсуга, або псеўдатсуга, сям. хваёвых. Названа па імю шатл. батаніка Д.Дугласа, які апісаў і інтрадукаваў Д. ў Еўропе. Пашырана на ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША і Канады. На Беларусі інтрадукавана і культывуецца з пач. 20 ст. (1904; Парэцкі парк Пінскага р-на).
Шматгадовазялёнае дрэва з прамым ствалом, выш. да 25 (на радзіме да 100) м і канічнай кронай. Кара тоўстая, буравата-шэрая. Ігліца пляскатая, зялёная або шыза-зялёная. Жаночыя шышкі падоўжаныя, звіслыя, з крыючай луской. Насенне з крыльцамі. Дэкар. расліна, прыдатная для групавых і алейных пасадак, мае шэраг садовых разнавіднасцей і формаў. Расце павольна. Жыве да 500 гадоў. Выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЧНАЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, укрытыя зялёным лісцем на працягу ўсяго года. У адрозненне ад летне- і зімовазялёных раслін кожны ліст вечназялёных раслін жыве некалькі гадоў (напр., ліст. лімона — 3, ігліца елкі — 8—12, хвоі — 3—5 гадоў), паступова замяняецца новым, таму гэтыя расліны называюць таксама шматгадовазялёнымі. Лісце вечназялёных раслін звычайна мае прыстасаванні, якія змяншаюць выпарэнне вады раслінай (транспірацыю) і павышаюць зімаўстойлівасць.
Характэрныя для трапічнай і субтрапічнай флоры. У краінах з умераным і халодным кліматам, у т. л. на Беларусі, трапляюцца вечназялёныя расліны барэальнага і трапагеннага паходжання, напр. хвойныя дрэвы і кусты (елка, хвоя, ядловец), некаторыя лясныя і балотныя кусцікі і шматгадовыя травяністыя расліны (брусніцы, талакнянка, багун, верас, журавіны, дзярэзы, грушанкі і інш.). Многія вечназялёныя расліны як дэкар. вырошчваюць у адкрытым грунце, аранжарэях і пакоях (напр., алеандр, лаўравішню, пальмы, плюшч, самшыт, цытрусавыя). Добрыя прадуцэнты кіслароду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕДР (Cedrus),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. 3 віды пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, 1 — у Гімалаях. Маюць назву сапраўдных, або паўд. К. Найб. вядомы К. ліванскі (C. libani). На Беларусі пад назвай К. вырошчваецца кедравая хвоя, або паўн. К.; найб. вядомыя К. еўрапейскі (Pinus cembra) і сібірскі (P. sibirica).
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з магутным ствалом выш. да 60 м, шырокай разгалінаванай ці парасонападобнай кронай. Жывуць да 1000 і болей гадоў. Ігліца 3—4-гранная, калючая, ад цёмна- і сіне-зялёнай да серабрыста-шэрай, у пучках па 30—40 ці адзіночная. Шышкі даўж. 5—10 см, шыр. 4—6 см, выспяваюць і рассыпаюцца на 2—3-і год. Насенне даўж. да 1,8 см з вял. крыльцам, неядомае. Драўніна ўстойлівая да шкоднікаў, мае прыемны колер і пах. Тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАПА́Д (назва звязана з ападаннем лісця з дрэў, што заканчваецца ў гэтым месяцы),
адзінаццаты месяц каляндарнага года (30 дзён), апошні месяц восені. 15 Л. даўж. дня ў Мінску 8 гадз 35 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 17,6°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 59 МДж/м², радыяцыйны баланс адмоўны (-6 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ад 2,6 °C на ПдЗ да -0,3 °C на ПнУ Беларусі. На надвор’е вял. ўплыў аказваюць глыбокія цыклоны. Колькасць пахмурных дзён павялічваецца да 16—20. Адносная вільготнасць складае 87—90%, ападкаў 43—53 мм. Частыя дажджы выклікаюць паводкі на рэках. У канцы Л. пачынае прамярзаць глеба, выпадае першы снег. Ападае апошняе лісце ў бярозы бародаўчатай і пачынае асыпацца ігліца ў лістоўніцы еўрапейскай. Адлятаюць апошнія пералётныя качкі, белыя лебедзі. Пасяляюцца бліжэй да жылля чалавека сініцы, сарокі, галкі, шэрыя вароны. Амаль усе звяры апранаюцца ў зімовае футра. Засынаюць мядзведзь, барсук, янотападобны сабака, вожык, большасць рыб. У садах ачышчаюць кару ад гнёздаў шкодных насякомых.