хвароба ігліцы хвойных парод дрэў, якая выклікаецца фітапатагеннымі грыбамі. Пашырана паўсюдна. На Беларусі найб. шкаданосныя Ш. звычайнае (узбуджальнік — сумчаты грыб лафадэрміум хваёвы) і Ш. снежнае хвоі (узбуджальнік — фацыдый інфэстанс). Найб. шкодзяць усходам і сеянцам. Пры звычайным Ш. ігліца жаўцее, бурэе, ападае; пры снежным Ш. вясной з’яўляецца павуціністы налёт, потым ігліца бурэе і гіне. Крыніца інфекцыі — хворыя расліны і апад заражанай хвоі. Развіццю хваробы спрыяюць цёплае дажджлівае надвор’е, парушэнні правіл сяўбы і пасадкі дрэў у гадавальніках.