ВАДЗЯНО́Й (Міхаіл Рыгоравіч) (23.12.1924, г. Харкаў — 11.9.1987),

украінскі артыст аперэты. Нар. арт. СССР (1978). Вучыўся ў Ленінградскім тэатр. ін-це (1939—41). З 1954 артыст Адэскага т-ра муз. камедыі (у 1979—83 маст. кіраўнік і дырэктар). Яго выкананне вылучалася пластычнасцю, лёгкасцю і вытанчанасцю сцэн. малюнка. Сярод роляў: Фларыдор («Мадэмуазель Нітуш» Ф.​Эрвэ), Боні («Сільва» І.​Кальмана), Мішка-Япончык («На світанні» А.​Сандлера), Яшка-буксір («Белая акацыя» І.​Дунаеўскага), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу); у кіно — Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы», 1967).

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎДА́НСКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (7.2.1911, в. Гудавічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.9.1973),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). З 1930 працаваў у выд-вах. У 1949—63 і з 1969 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ, у 1963—69 дырэктар выд-ва «Народная асвета». Друкаваўся з 1938. Аўтар кн. апавяданняў «Адкрыццё сезону» (1960), «На беразе ракі» (1962), «На прывале» (1966), «Ноч над Нёманам» (1969), «Пад старым дубам» (1971), «Яшка прыляцеў» (1973). На бел. мову пераклаў раман Э.​Сінклера «No pasaran!: (Яны не пройдуць)», аповесць А.​Талстога «Хлеб», раманы «Пастка» Э.​Заля, «Коннік без галавы» М.​Рыда, зб-кі апавяданняў Л.​Талстога, І.​Тургенева, М.​Салтыкова-Шчадрына, аповесць С.​Мсціслаўскага «Грак, птушка вясенняя» і інш.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНЦА́НЦ (Арнольд Аляксандравіч) (н. 3.2.1945, г.п. Цінской Ніжнеінгашскага р-на Краснаярскага краю, Расія),

украінскі і бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Украіны (1978). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1968). Працаваў у розных т-рах. З 1979 артыст Беларускага муз. тэатра. Выканаўца разнапланавых характарных роляў пераважна камедыйнага плана. Р. ўласцівы дакладнасць, лёгкасць і эмацыянальнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Фядот («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Кутузаў («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Негаш, барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Франк, сенатар Дэляква («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» І.​Штрауса), Альфрэд Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Фама («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Нендэль Крык («Біндзюжнік і Кароль» А.​Журбіна), граф Кутайсаў («Халопка» М.​Стрэльнікава), граф Баргезе («Капялюш Напалеона» О.​Штрауса), Зупан («Цыганскі барон» І.​Штрауса), Іван Прысыпкін («Клоп» У.​Дашкевіча), лорд Балінгброк («Шклянка вады» У.​Кандрусевіча), Пелікан («Прынцэса цырка» І.​Кальмана) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)