БЕЛАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў эпохі неаліту, якія ў 3—2-м тыс. да нашай эры жылі на ўзбярэжжы Дзвінскага і ўсх. часткі Анежскага заліва Белага мора (Расія). Прадстаўлена рэшткамі часовых стойбішчаў. Насельніцтва займалася рыбалоўствам і паляваннем. Характэрны кругладонны посуд з ямкава-грабеньчатым геам. арнаментам. З крэменю выраблялі скрабкі, доўгія трохвугольныя наканечнікі стрэл, фігуркі жывёл і інш. рэчы.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён паляўнічых і рыбаловаў канца 3 — канца 1-га тыс. да н.э. (позняга неаліту, бронзы і ранняга жалеза) на тэр. сучаснай Карэліі. У перыяд неаліту для яе характэрны грубыя прылады са сланцу і кварцу, мясцовая таўстасценная кераміка тыпу «сперынгс» і ямкава-грабеньчатая кераміка волга-окскага тыпу. У 2-м і 1-м тыс. да н.э. распаўсюджваецца танкасценная кераміка з Дамешкамі азбесту ў гліне. Выраб медных прылад вядомы з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., жалеза — з 4—3 ст. да н.э. Заснавальнікамі К.к. былі плямёны, што ўтварыліся ў выніку змяшэння мясц. насельніцтва (продкаў саамаў) з протаугра-фінамі, якія праніклі сюды ў 6—3-м тыс. да н.э. з Пд і ПдЗ.

І.​М.​Язэпенка.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,

комплекс археал. помнікаў (стаянкі каменнага веку, селішча і бескурганны могільнік) каля в. Новы Быхаў Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. На стаянцы-1 сожскай культуры (6—5-е тыс. да н.э.) выяўлены крамянёвыя скрабкі, разцы, свідэроідны наканечнік стралы, праколка, пласціны-ўкладышы, адшчэпы, нуклеусы, адбойнікі. На стаянцы-2 эпохі неаліту (4—3-е тыс. да н.э.) знойдзены нуклеусы, пласціны, адшчэпы, скрабкі, нажы, фрагменты ямкава-грабеньчатай керамікі. На селішчы (2 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. і 9—11 ст.) выяўлены розначасовыя гасп. ямы, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду. Бескурганны могільнік належаў плямёнам зарубінецкай культуры (1 ст. да н.э. — 3 ст. н.э., 100 пахаванняў). Пахавальны абрад — трупаспаленне. Рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ямах, трапляюцца адзінкавыя урнавыя пахаванні. У 4 пахаваннях знойдзены цэлыя гаршкі, у 6 — бронзавыя і жал. рэчы.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)