ШАПАТО́ВІЧЫ,

група археал. помнікаў (2 гарадзішчы і 2 паселішчы) каля в. Шапатовічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішча-1 мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры мае пляцоўку прамавугольнай формы з закругленымі вугламі (60×45 м); па краі прасочваецца вал выш. 1,2—1,5 м. Абследавалі А.​М.​Ляўданскі (1928), В.​М.​Мельнікоўская (1956), М.​А.​Ткачоў (1976). У 1979 і 1982 раскопкі праводзіў А.​І.​Драбушэўскі. Выяўлена пабудова слупавой канструкцыі з агнішчам у выглядзе скопішча абпаленай гліны і гасп. ямы. Знойдзены гліняныя прасліцы і грузікі, сярэднелатэнскія і позналатэнскія фібулы, фрагмент бронзавага бранзалета, вырабы з жалеза, каляровых металаў, косці, каменю, фрагменты грубаляпной і глянцавай керамікі. Гарадзішча-2 — 2 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. Пляцоўка авальная (50×40 м), узвышаецца на 3—4 м над поплавам р. Сож. Абследавалі С.​А.​Булінскі (1928) і Ткачоў (1976). У агаленнях пляцоўкі сабрана ляпная кераміка. Паселішчы 1 і 2 належалі носьбітам верхнедняпроўскай культуры. Першае датуецца 4-м тыс. да н.э., другое — 3-м тыс. да н.э. Выяўлены К.​М.​Палікарповічам (1926), даследавалі І.​І.​Арцёменка (1965) і А.​Г.​Калечыц (1976). Знойдзены кераміка з ямкава-грабеньчатым арнаментам, крамянёвыя скрэблы, нажы, сякеры, наканечнікі стрэл і інш.

т. 17, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)