Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРАНДЫ́СТЫ, брысоцінцы,
палітычная групоўка перыяду Французскай рэвалюцыі 1789—99. Вылучыліся ў 1791—92 як левая меншасць (136 дэп.) Заканад. сходу. Лідэры: шэраг дэпутатаў ад дэпартамента Жыронда (адсюль назва), у т. л. П.В.Верньё, Ж.П.Брысо, А.Кандарсэ і інш. Абапіраліся на буйную і ч. сярэдняй гандл.-прамысл. буржуазіі. Выступалі за актыўную знешнюю палітыку і поўную свабоду гандлю, супраць дваранска-раялісцкай контррэвалюцыі. Пасля прыходу да ўлады ў выніку звяржэння манархіі 10.8.1792 перайшлі на кансерватыўныя пазіцыі, складалі правае крыло Канвента, спаборнічалі з мантаньярамі (гл. Гара). Да кастр. 1792 многія Ж. ўваходзілі ў Якабінскі клуб. Страцілі ўладу ў выніку нар. паўстання ў Парыжы 31.5—2.6.1793; у кастр. 1793 частка Ж. пакарана смерцю. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 далучыліся да контррэвалюцыянераў.
У.Я.Калаткоў.
т. 6, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ,
група прыхільнікаў радыкальных грамадска-паліт. рэформ, якія дзейнічалі напярэдадні і ў час паўстання 1794, а таксама ў першыя гады пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795). Уваходзілі прадстаўнікі шляхты, інтэлігенцыі і незаможнага мяшчанства. Назву «П.я.» атрымалі ад паліт. праціўнікаў з-за пэўнага падабенства іх поглядаў з поглядамі франц. якабінцаў. Гал. дзеячы — К.Канопка, Ю.Меер, Я.Ясінскі і інш. — былі паслядоўнікамі Гуга Калантая (адсюль іх другая назва — «гуганісты»). П.я. патрабавалі раўнапраўя мяшчан, скасавання паншчыны і сял. прыгону, устанаўлення рэспублікі; заклікалі да барацьбы з тыраніяй, абвяшчалі братэрства народаў. У крас. 1794 заснавалі ў Варшаве Якабінскі клуб, у маі і чэрвені кіравалі выступленнямі варшавян (у т. л. самасудамі) і дамагаліся пакарання караля і прыхільнікаў Таргавіцкай канфедэрацыі. Пасля задушэння паўстання ў 1797 засн. Т-ва польскіх рэспубліканцаў.
Літ.:
Leśnodorski B. Połścy jakobini: Karta z dziejów insurekcji 1794 roku. Warszawa, 1960.
т. 12, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕ́НТ нацыянальны,
вышэйшы заканад. і выканаўчы орган 1-й Франц. рэспублікі ў 1792—95. Скліканы ў Парыжы пасля ліквідацыі манархіі ў выніку нар. паўстання 10.8 1792. Складаўся з 783 дэпутатаў, якія ўтваралі 3 групоўкі: найб. радыкальная (якабінцы) сапернічала з больш памяркоўнымі жырандыстамі (брысоцінцамі); «балота» вагалася і падтрымлівала ў той ці іншы момант мацнейшы бок. У 1792—93 у К. дамінавалі жырандысты, пасля паўстання 31.5—2.6.1793 — якабінцы. Якабінскі К. быў вышэйшым органам якабінскай дыктатуры, у якой гал. ролю адыгрываў К-т грамадскага выратавання (у розны час уваходзілі Ж.Ж.Дантон. Л.А.Сен-Жуст, Ж.Кутон, М.Рабеспёр і інш.), які кіраваў усёй дзярж. і паліт. дзейнасцю ў краіне і якому былі падначалены ўсе органы дзярж. улады, у т. л. ваенныя. Гэты к-т разам з К-там грамадскай бяспекі (праследаваў паліт. апанентаў) складаў рэв. ўрад якабінцаў. Тэрмідарыянскі пераварот (ліп. 1794) паклаў пачатак т.зв. тэрмідарыянскаму К., у выніку дзейнасці якога падрыхтаваны пераход да рэжыму Дырэкторыі. Гл. таксама Французская рэвалюцыя 1789—99.
т. 7, с. 574
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)