ФЕЛЬЯ́НЫ, феяны (франц. feuillants),

члены паліт. клуба «Таварыства сяброў канстытуцыі, якое засядае ў фельянаў» у часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Засн. ў Парыжы ў ліп. 1791. Назва ад занятага клубам памяшкання манаскага ордэна фельянаў. Ф. — прадстаўнікі буйной буржуазіі і ліберальнага дваранства, прыхільнікі канстытуцыйнай манархіі, якія пакінулі якабінскі клуб пасля прыняцця ім петыцыі з патрабаваннем звяржэння караля (16.7.1791). Кіраўнікі: А.​Барнаў, А.​Ламет і інш. Ф. панавалі ў Заканад. сходзе (адкрыўся 1.10.1791). Клуб распаўся пасля звяржэння манархіі 10.8.1792.

т. 16, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)