Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛІ,
зборная група ніжэйшых раўнакрылых і разнакрылых матылёў, якія належаць да 3 падатрадаў (больш за 40 сям., каля 15 тыс. відаў). Вядомы з мелавога перыяду (каля 135 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі 11 сям.: М. зубатыя — Micropterygidae, М. сапраўдныя — Tineidae (27 відаў), М.-стракаткі — Gracilariidae, або LithocoUetidae (18 відаў), М. гарнастаевыя — Yponomeutidae, М. выемчатакрылыя — Gelechiidae, М.-чахланоскі — Psychidae (9 відаў), М.-малюткі — Nepticulidae, або Stigmellidae (7 відаў), М. вузкакрылыя — Momphidae, М.-блішчанкі. або М. кружковыя — Heliozelidae (2 віды), М.-мінёры — Tischeriidae (4 віды), М.-мяшочніцы — Talaeporiidae (3 віды).
Матылі дробных і сярэдніх памераў. размах крылаў да 70 мм. Лічынкі (вусені) паядаюць раслінныя і жывёльныя рэшткі, грыбы, лішайнікі; дарослыя не кормяцца. Сярод М. шмат шкоднікаў, напр., М. мэблевая і М. адзежная псуюць шэрсць і футра, М. зерневая, або свірнавая — збожжапрадукты, М. стракатка яблыневая і М. гарнастаевая яблыневая шкодзяць яблыні, М. пупышкава-парасткавая — хвоі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАБЛО́ШКІ, медзяніцы,
псіліды (Psyllinea),
падатрад насякомых атр. раўнакрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Ва Усх. Еўропе каля 160 відаў, найб. трапляюцца медзяніцы яблыневая (Psylla mali) і грушавая (P. pyricoia), Л. капусная (Trioza brassicae) і маркоўная (T. viridula) і інш. Жывуць калоніямі. Многія віды — шкоднікі раслін, галаўтваральнікі, пераносчыкі вірусных хвароб раслін.
Даўж, да б мм. Цела жоўтае, зеленаватае, чырв.-бурае. Ротавыя органы сысучыя. 2 пары крылаў. Заднія ногі скакальныя. Кормяцца сокамі раслін. Экскрэменты Л. утвараюць т.зв. «медзяную расу» (адсюль другая назва).
Размнажэнне палавое, зрэдку партэнагенетычнае. Развіццё з няпоўным ператварэннем, у лічынак 5 узростаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАЖЭ́РКІ (Laspeyresiini),
трыба (шэраг родаў) матылёў сям. ліставёртак. Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, асабліва шматлікія ў лясах Еўразіі. Многія віды — шкоднікі. На Беларусі каля 30 відаў; найб. шкодныя слівавая пладажэрка, яблыневая пладажэрка, П. арэхавыя (Laspeyresia amplana, L. splendana), гарохавая (L. nigricana), гарошкавая (Grapholitha dorsana).
Размах крылаў да 25 мм; пярэднія цёмныя са стракатым малюнкам, заднія больш светлыя, аднатонныя. Вусені ад чырванавата-ружовага да светлага колеру, з цёмнай галавой; развіваюцца ў пладах (адсюль назва), насенні, кары, парастках і каранях раслін. Часам да П. адносяць матылёў трыбы кахіліны, асобныя віды агнёвак і некат. інш. матылёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАВЁРТКІ (Tortricidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найб. у трапічных і шыракалістых лясах Азіі. На Беларусі 240 відаў, найб. трапляюцца Л. дубовая зялёная (Tortrix viridana), пладажэрка яблыневая (гл.Пладажэркі), парасткаўюны і інш. Многія віды — шкоднікі лесу, саду, с.-г. культур.
Размах крылаў 8—40 мм (звычайна 10—25 мм), пярэднія крылы рознай афарбоўкі, заднія шэрыя або бурыя. Лічынкі (вусені) даўж. да 20 мм, зеленаватыя, карычневыя або жаўтаватыя, жывуць у скручаных лісцях (адсюль назва), праточваюць хады ў каранях, пад карой, у парастках, пладах, суквеццях, шышках, дзе і акукліваюцца.
А.М.Літвінава.
Ліставёрткі: 1 — дубовая зялёная; 2 — парасткаўюн зімуючы (а — самка матыля; б — вусень; в — пашкоджанае лісце, парастак).