БЕ́ЛЬСКІ Ігар Дзмітрыевіч

(н. 28.3.1925, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1966). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1943), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1957). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Гал. балетмайстар ленінградскіх Малога т-ра оперы і балета (з 1962), т-ра імя Кірава (з 1973), мюзік-хола (1979—92). З 1946 выкладчык Ленінградскага харэагр. вучылішча, з 1966 Ленінградскай (цяпер С.-Пецярбургскай) кансерваторыі, з 1992 маст. кіраўнік Акадэміі рускага балета. Сярод лепшых партый: Шурале («Шурале» Ф.Яруліна), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Эспада («Дон Кіхот» Л.Мінкуса). Паставіў балеты «Бераг надзеі» А.Пятрова, «Канёк-Гарбунок» Р.Шчадрына, «Ленінградскую сімфонію» і «Адзінаццатую сімфонію» на муз. Дз.Шастаковіча, «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага і інш. Сярод вучняў В.Елізар’еў, Г.Маёраў, Р.Нурыеў, М.Барышнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 3, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ Веньямін Міхайлавіч

(н. 22.1.1969, Мінск),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1994). Пасля сканчэння Бел. харэагр. вучылішча (1987) саліст Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Яго танец вызначаюць пластычная выразнасць, высокі скачок, тэмперамент, імкненне да раскрыцця ўнутр. свету герояў. Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Крас і Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Базіль і Эспада, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Тарэра і Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Бог («Стварэнне свету» А.Пятрова), Алі і Конрад, Альберт («Карсар», «Жызэль» А.Адана), Юнак («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Уладзімір («Страсці» А.Мдывані; Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Лаўрэат міжнар. конкурсаў артыстаў балета імя С.Дзягілева (Масква, 1992, 2-я прэмія С.Ліфара), «Арабеск-92» (Перм, Расія), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Масква, 1993, 2-я прэмія і прыз за лепшае выкананне сучаснай харэаграфіі).

Л.І.Вішнеўская.

В.Захараў у ролі Дэзірэ.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)