Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЯПІ́ЗМ (грэч. priapismos ад імя старажытнагрэч. бога ўрадлівасці Прыяпа),
стойкая эрэкцыя палавога члена, не звязаная з палавым узбуджэннем. Развіваецца пры захворваннях і траўмах палавога члена, нерв. сістэмы, некат. інфекцыях і інтаксікацыях. Суправаджаецца болем у пенісе, прамежнасці і вобласці крыжа. Часцей бывае пры лейкозах. Развіццё П. звязана з парушэннем адтоку крыві з кавернозных цел палавога члена ў выніку венознага трамбозу. Часта ўзнікае ў час палавога акта, пасля мочаспускання або дэфекацыі. Можа прывесці да імпатэнцыі. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 13, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ІТУС (ад лац. coitus савакупленне),
генітальны кантакт двух індывідуумаў з мэтай прадаўжэння роду і палавога задавальнення. Мае 4 стадыі: псіхічную (палавая дамінанта, узбуджэнне), высокага палавога ўзбуджэння, нарастання вастрыні сексуальнага ўзбуджэння, спаду нерв. ўзбуджэння з рэфрактарным перыядам у мужчын (перыяд абсалютнай — поўная адсутнасць эрэкцыі — і адноснай няўзбудлівасці). Кожная наступная стадыя ўзнікае і падключаецца, калі папярэдняя дасягнула пэўнай вышыні развіцця. Вышэйшая ступень палавога акта — аргазм. К. выклікае ўзмацненне кровазвароту, змены ў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай і інш. сістэмах мужчыны і жанчыны. Асн. крытэрыі цыкла К. — нейрагумаральная гатоўнасць, палавое ўзбуджэнне, эрэкцыя, перабудова ўсіх сістэм арганізма; значна меншае значэнне маюць частата палавых актаў, іх працягласць і інш. колькасныя паказчыкі. Адрозніваюць К. гетэрасексуальны, гомасексуальны, перапынены, пралангіраваны (адвольна зацягнуты), няпоўны (адсутнасць эякуляцыі і аргазму). Пры парушэнні ў палавым акце неабходна кансультацыя ўрача-сексапатолага.
І.У.Дуда.
т. 8, с. 377
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)