Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Леанід Аляксандравіч) (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),
расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў ў Бел. драм студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.
Літ.:
Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РГА ((Verga) Джавані) (31.8.1840, Ачы-Кастэла, каля г. Катанія, Італія — 27.1.1922),
італьянскі пісьменнік. Заснавальнік верызму ў італьян. л-ры. Аўтар раманаў «Карбанарыі ў гарах» (1861—62), «Грэшніца» (1866), «Ева» (1873), «Сапраўдная тыгрыца», «Эрас» (абодва 1875), «Сям’я Малаволья» (1881), «Муж Алены» (1882), «Майстар дон Джэзуальда» (1889), аповесцей «Гісторыя адной малінаўкі» (1871), «Неда» (1874), зб-каў навел «Жыццё палёў» (1880), «Сельскія навелы», «На вуліцах» (абодва 1883), «Дон Кандэлора і К°» (1894) і інш., п’ес «Сельскі гонар» (1884; аднайм. опера П.Масканьі), «Ваўчыца» (1896) і інш. Адметныя рысы сталай творчасці Вергі — бясстраснасць, абавязковая наяўнасць трагічнага, стылявы аскетызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ СТУ́ДЫЯў Маскве.
Існавала ў 1921—26, з 1924 на правах ВНУ. Створана для падрыхтоўкі бел.нац. акцёрскіх кадраў. Маст. кіраўнік А.Бондараў, з 1922 В.Смышляеў, педагогі — рэжысёры і акцёры МХАТ-2 Б.Афонін, А.Гейрат, М.Успенская, С.Гіяцынтава, В.Громаў. У студыі пастаўлены спектаклі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Астап» А.Глобы і «У мінулы час» І.Бэна. У 1926 з выпускнікоў студыі створаны БДТ-2 (гл.Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа). Студыю скончылі 34 чал., у т. л. Т.Бандарчык, В.Барысевіч, М.Бялінская, З.Вялікі, Л.Гепнер, Я.Глебаўская, А.Ільінскі, Р.Кашэльнікава, А.Лагоўская, Л.Мазалеўская, П.Малчанаў, М.Міцкевіч, А.Радзялоўская, К.Саннікаў, С.Скальскі, С.Станюта, С.Стэльмах, М.Сянько, Ц.Сяргейчык, Л.Шынко.
Літ.:
Нефед В. Становление белорусского советского театра, 1917—1941. Мн., 1965. С. 131—142;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра. Мн., 1966. С. 94—110.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБО́Ў,
інтымнае і глыбокае пачуццё, накіраванасць на другую асобу, чалавечую супольнасць або ідэю. Засноўваецца на агульнасці інтарэсаў людзей. іх мэт, патрэб, каштоўнасцей і суправаджаецца моцнымі эмоцыямі, якія сітуатыўна ўзнікаюць і перажываюцца ў залежнасці ад індывід.-псіхал. асаблівасцей асобы.
У міфалогіі і стараж. сістэмах філасофіі Л. разумелася як «эрас» — касмічная сіла, падобная сіле прыцягнення, якая злучае разнародныя часткі Сусвету. Платон вызначаў 2 віды Л. — пачуццёвую і духоўную — і абгрунтаваў ідэю ўзыходжання ад пачуццёвай улюблёнасці і эстэт. захаплення прыгожым целам да ідэальнай Л. і разумення прыгажосці наогул (адсюль выраз «платанічная Л»), Паводле хрысціянскай дактрыны, сапраўдная Л. не падобна на пачуццёвы «эрас», на дружбу па выбару, на патрыят. салідарнасць грамадзян: яна ёсць ахвярная і безматыўная «любоў да блізкага». Прадстаўнікі Асветніцтва (К.Гельвецый, Ш.Мантэск’ё, А.Шэфтсберы і інш.) разглядалі Л. як натуральнае пачуццё салідарнасці, годнасці і ўнутр. свабоды чалавека, як асн. ўмову парадку і прыгажосці ў грамадстве. Г.Гегель лічыў, што ідэальная Л. раскрывае сапраўдны сэнс і прызначэнне чалавека. М.Шэлер бачыў у Л. адзіны спосаб пазнання каштоўнаснага ўваходжання асобы ў духоўную прастору свабоды, дзякуючы якой яна становіцца асобай. Паводле тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда, Л. — выражэнне сексуальнай цягі (лібіда) і ўяўляе сабой працэс яе пераўтварэння і пераключэння (сублімацыі) на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. У марксісцкай філасофіі Л. трактуецца як праяўленне перажывання, душэўнага хвалявання, ацэначных адносін і выбіральнай актыўнасці асобы, выражэнне сац,групавой і агульначалавечай салідарнасці. Як гал. прынцып быцця і чалавечага шчасця, сцвярджэння самакаштоўнасці кожнай асобы, яе самаахвярнай дзейнасці ў імя грамадскага дабра і росквіту айчыны разглядалі Л.бел. мысліцелі-асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ф.Скарына, С.Будны, Ліцыній Намыслоўскі, М.К.Сарбеўскі, Ф.Карпінскі, М.Лавіцкі, М.К.Судзілоўскі, Я.Чачот і інш.
У розныя гіст. эпохі і ў розных філас.-рэліг. вучэннях Л. звязвалі з адносінамі агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фіз. аб’яднання з асобай другога полу і ўзаемнага ўзнаўлення роду (каханне). У залежнасці ад сілы пачуцця, канкрэтнасці прадмета Л. ўсе яе віды можна размясціць у пэўную іерархію. Напр., для індывідуалістычнага грамадства (Стараж. Грэцыя і Рым, некаторыя краіны Зах. Еўропы новага часу) такая іерархія можа быць прадстаўлена ў выглядзе ступеняў: эратычная Л. і Л. да самога сябе; Л. да блізкага і чалавека наогул; да радзімы, жыцця, Бога і інш.; да прыроды, у прыватнасці, касм.Л.; да ісціны, дабра і справядлівасці, да прыгожага і да т.п.; да свабоды, творчасці, славы, улады, сваёй дзейнасці, багацця, «закону і парадку» і да т.п.; да зносін з іншымі людзьмі, да гульні, калекцыяніравання, падарожжаў і да т.п. Па меры аддалення ад вышэйшай ступені памяншаецца непасрэднасць і інтэнсіўнасць, павялічваецца сац. накіраванасць Л., больш выразнымі і пашыранымі становяцца захапленні, процілеглыя асобным відам Л.Напр., Л. да жыцця супрацьстаіць цяга да разбурэння і смерці, Л. да ісціны — схільнасць да хлусні, Л. да свабоды — непрыязнасць да яе. У калектывісцкім грамадстве (Стараж. Егіпет і Кітай, еўрап.феад. дзяржавы, сацыяліст. краіны) вышэйшая ступень Л. звязана з «вялікай мэтай», якую яна ставіць перад сабой. Старазапаветны прынцып «палюбі блізкага, як самога сябе» ў такім грамадстве трансфармуецца ў «Л. да далёкага» (да будучых і мінулых пакаленняў, да братоў па класе, да правадыроў і герояў, да чалавека толькі сваёй веры і пераканання). Калектывісцкае грамадства звычайна імкнецца абмежаваць сферу сексу для таго, каб яна не займала думкі і пачуцці чалавека, не адцягвала яго ад высокага прадвызначэння (умяшанне царквы ў шлюбнае жыццё людзей, забароны любых форм пазашлюбных адносін, асуджэнне «свабоднай Л.» і эротыкі, забарона сексуальных меншасцей і інш.).
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Философия любви. Ч. 1—2. М., 1990;
Фрейд 3. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР ІМЯ ЯКУ́БА КО́ЛАСА, Беларускі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Створаны ў 1926 у Віцебску як Другі бел.дзярж. т-р (БДТ-2) з выпускнікоў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. 21.12.1944 прысвоена імя Я.Коласа, у 1977 — званне акадэмічнага. Адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна. Напачатку рэпертуар т-ра склалі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Апраметная» В.Шашалевіча, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча, «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Е.Жулаўскага і інш. Спектаклі вызначаліся пастановачнай яркасцю, пластычнасцю, пошукам новых формаў і былі разлічаны на тэатральна дасведчанага гледача. Афіцыйная крытыка абвясціла іх фармалістычнымі і эстэцкімі, патрабавала большай даступнасці і прастаты. У канцы 1920-х г.асн. кірунак быў узяты на тагачасную сав. драматургію і рэв. тэматыку. У 1930-я г. значнае месца ў рэпертуары пачала займаць бел. драматургія. Пастаўлены «Вечар беларускіх вадэвіляў» (увайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы), «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» Я.Коласа, «Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка, «Над Бярозай-ракой» П.Глебкі, «Ірынка» К.Чорнага. Найб. нацыянальна яскравым, самабытным спектаклем, які на многія гады стаў вызначальным для т-ра, з’явілася пастаноўка п’есы «Несцерка» В.Вольскага. З класічнай драматургіі пастаўлены «Мяшчане» М.Горкага, «Беспасажніца» і «Лес» А.Астроўскага, «Лекар мімаволі» Мальера, «Здані» Г.Ібсена. Сярод найб. значных пастановак тагачаснай драматургіі — «Гібель эскадры» А.Карнейчука. З 1928 пры т-ры перыядычна працавалі студыі (гл.Студыі Беларускага тэатра імя Якуба Коласа). У Айч. вайну тэатр працаваў ва Уральску (з 1941) і Арэхава-Зуеве (1943—44). Найлепшыя спектаклі гэтага перыяду — «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Проба агнём» К.Крапівы. У 1944 брыгада акцёраў т-ра выехала на фронт. З кастр. 1944 т-р аднавіў дзейнасць у Віцебску. Пастаўлены «Рэвізор» М.Гогаля, «Гамлет» Шэкспіра і інш. класічныя творы; з бел. драматургіі: «Цэнтральны ход» і «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» і «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы. У 1950-я г. аснову рэпертуару т-ра склалі творы Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, Астроўскага, А.Сухаво-Кабыліна, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага. У нац. рэпертуар вернута з забыцця п’еса Я.Купалы «Раскіданае гняздо». Пастаўлены «Машэка» Вольскага, «Простая дзяўчына» і «На крутым павароце» Губарэвіча. Вострымі, надзённымі сталі пастаноўкі «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы. У канцы 1950 — пач. 1960-х г. прынцыпова важнымі спектаклямі былі «Навальніца будзе» паводле Я.Коласа, «Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна, «Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле яго раманаў, «Лявоніха» П.Данілава, «Пад адным небам» А.Маўзона, «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай, «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава. Удачамі т-ра з’явіліся пастаноўкі «Ветрык, вей!» Я.Райніса і «Бацькаўшчына» К.Чорнага. Поспехі т-ра ў 2-й пал. 1960-х — 80-я г. абумоўлены зваротам да бел. драматургіі: «Сымон-музыка» паводле паэмы Я.Коласа, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча, «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» Макаёнка, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Трывога» А.Петрашкевіча, «Парог», «Вечар» і «Радавыя» А.Дударава. Цікавыя сцэн. трактоўкі атрымалі «Улада цемры» Л.Талстога, «Мяшчане» М.Горкага, «Клоп» У.Маякоўскага, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта. Пэўнымі дасягненнямі адзначаны спектаклі «Летась у Чулімску» і «Развітанне ў чэрвені» А.Вампілава, «Брыльянт» Е.Пшаздзецкага, «Стары дом» А.Казанцава, «Клеманс» К.Саі. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. прыкметнымі з’явамі сталі спектаклі «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Генрых VI» Шэкспіра, «ЧП-1» і «ЧП-2» паводле «Рэвізора» Гогаля.
У фарміраванне творчага аблічча т-ра вял. ўклад зрабілі акцёры А.Ільінскі, П.Малчанаў, Ц.Сяргейчык, рэжысёры М.Міцкевіч, В.Дарвішаў, Н.Лойтар, А.Скібнеўскі, Г.Шчарбакоў, С.Казіміроўскі, В.Мазынскі, Б.Эрын, мастакі Я.Нікалаеў, А.Марыкс, А.Салаўёў. Значную ролю ў развіцці т-ра адыгралі акцёры: М.Бялінская, Я.Глебаўская, Г.Дубаў, М.Звездачотаў, А.Лагоўская, Б.Левін, Г.Маркіна, І.Матусевіч, Л.Мацісава, А.Мельдзюкова, А.Радзялоўская, С.Скальскі, А.Трус, М.Цішачкін, А.Шэлег, кампазітар і дырыжор Л.Маркевіч, дырэктары засл. дзеячы маст. У.Стэльмах і І.Дорскі, засл. дз. культ. Г.Асвяцінскі.
У складзе трупы (1996): нар.арт.СССР Ф.Шмакаў, нар.арт. Беларусі С.Акружная, З.Канапелька, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Я.Шыпіла; засл.арт. Беларусі Г.Каралькова, В.Петрачкова, Л.Пісарава, Б.Сяўко, Л.Трушко, Т.Шашкіна; арт. А.Лабанок, П.Ламан, Н.Левашова, Т.Ліхачова, Г.Шкуратаў і інш. Дырэктар і маст. кіраўнік т-ра В.Маслюк (з 1993), гал. мастак С.Макаранка (з 1996), заг.муз. часткі А.Крыштафовіч (з 1995), заг.літ. часткі У.Ганчароў (1968—84 і з 1993).
З 1964 т-р працуе ў будынку на пл. Тысячагоддзя Віцебска (арх. А.Максімаў, І.Рыскіна). Яго гал. фасад вырашаны ў выглядзе 8-калоннага порціка з франтонам. Па гал. восі размешчаны вестыбюль, фае, паўкруглая ў плане глядзельная зала на 639 месцаў з партэрам і 2 балконамі, развітая сцэн. група памяшканняў. З 1973 працуе камерная сцэна ў фае з залай на 100 месцаў.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 2—3. Мн., 1985—87;
Няфёд У.І. Беларускі тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1976;
Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Мн., 1986;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985.
А.В.Сабалеўскі.
Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Гамлет» У.Шэкспіра.Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Хам» паводле Э.Ажэшкі.Да арт. Беларускі акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа. Сцэна са спектакля «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна.