Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУА́ЛЬНАСЦЬ (лац. casualis ад casus выпадак),
вучэнне аб выпадковасці; погляд, што ў свеце пануе выпадковасць, адстойвалі Эпікур, Лукрэцый Кар і інш. філосафы. У пераносным сэнсе казуальны — выпадковы, адзінкавы, які не паддаецца абагульненню.
т. 7, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАРА́КСІЯ (ад грэч. ataraxia спакойнасць),
паняцце стараж.-грэч. этыкі пра ціхамірнасць і душэўны спакой як мэту і форму паводзін. Ант. мысліцелі лічылі, што атараксія садзейнічае непрадузятаму роздуму. Калі матэрыялісты (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый) бачылі гэты шлях у пазнанні свету, пераадоленні страху і трывог, у дасягненні душэўнага спакою і ўнутранай гармоніі, то ў этыцы прыхільнікаў скептыцызму (Пірон) атараксія дасягаецца ўстрыманнем ад суджэнняў пра дабро і зло, ісціннае і памылковае, прымірэннем з рэальнасцю (гл. таксама Апатыя). Атараксія, узведзеная ў этычны прынцып, супярэчыць актыўнай, сацыяльна-дзейснай жыццёвай пазіцыі.
т. 2, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЕРЦЬ І БЯССМЕ́РЦЕ,
два бакі быцця чалавека, якія ўзаемна выключаюць, але і ўзаемна прадугледжваюць адзін аднаго; адно з цэнтр. пытанняў філасофіі. У асэнсаванні праблемы С. і б. вылучаюць філас., рэліг. і прыродазнаўча-навук. аспекты. У ант. філасофіі ў працэсе аналізу С. і б. вызначыліся 2 асн. падыходы: матэрыялістычны (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый і інш.) і ідэалістычны (Сакрат, Платон і інш.). Згодна з матэрыялістычным падыходам, чалавек смяротны; на аснове прыродазнаўчых ведаў зроблены вывад, што з фіз. смерцю чалавека гіне і яго душа, г. зн. мысленне і свядомасць. Матэрыялісты лічаць бессмяротнымі створаныя чалавекам прадукты матэрыяльнай і духоўнай культуры і разглядаюць асобу як бессмяротную істоту толькі ў аспекце прадаўжэння роду. Эпікур, Сенека і інш. гал. задачай філасофіі лічылі збаўленне чалавека ад страху смерці. З процілеглых пазіцый разглядалі гэтую праблему С.К’еркегор, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ, М.Хайдэгер, Ж.П.Сартр, А.Камю і інш. Паводле ідэаліст. канцэпцыі бяссмерце чалавека грунтуецца на існаванні абсалютнай ідэі ці бяссмерці чалавечай душы, чым у пэўнай ступені паслабляецца трагізм чалавечага быцця. Згодна з рэлігійнымі вучэннямі, чалавек бессмяротны, што вынікае з боскай прыроды душы, а фіз. смерць з’яўляецца вызваленнем душы ад матэрыяльнай абалонкі. Прыродазнаўча-навуковы падыход да праблемы С. і б. разглядае смерць як спыненне жыццядзейнасці, натуральны канец усялякай жывой істоты і абвяргае ідэю існавання чалавека пасля яго фіз. смерці. Спробы абгрунтаваць фіз. бяссмерце ў межах прыродазнаўства рабілі рас. вучоныя А.Л.Чыжэўскі, У.І.Вярнадскі і інш. Праблема С. і б. займае значнае месца ў гісторыі бел. філас. думкі, дзе знайшлі адлюстраванне як рэліг.-правідэнцыялістычны (М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), так і прыродазнаўчанавук. (С.Будны, К.Лышчынскі і інш.) падыходы.
Літ.:
Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;
Вернадский В.И. Начало и вечность жизни: [Сб.]. М., 1989;
Человек: Мыслители прошлого и настоящего о его жизни, смерти и бессмертии: Древний мир — эпоха Просвещения. М., 1991;
Русский космизм: Антология филос. мысли. М., 1993;
Семененя И.Н. Феномен жизни в аспекте полевой организации природы. Гродно, 1997;
Бодрийар Ж. Символический обмен и смерть: Пер. с фр. М., 2000.
Т.І.Адула.
т. 15, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА (англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),
сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Дж.Байран, І.Рэпін, Р.Кент, Б.Шоу, Л.Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.
М.Ф.Сарока.
т. 4, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУ́МНАГА ЭГАІ́ЗМУ ТЭО́РЫЯ,
этычная канцэпцыя, якая абгрунтоўвае ідэю, што асновай дабрачыннасці чалавека з’яўляецца «разумнае сябелюбства» (П.Гольбах) або правільна зразуметы прынцып асабістай выгоды (не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай — ганарыстасць і да т.п.). Зыходзіць з неабходнасці навучыць чалавека разумець свае інтарэсы «разумна», кіравацца запатрабаваннямі сапраўднай «прыроды»; а не адмаўляцца ад эгаізму. Калі грамадства будзе ўладкавана таксама «разумна», то інтарэсы і асобных індывідаў не будуць сутыкацца з інтарэсамі інш. людзей і грамадства. Элементы такога вучэння ўзніклі яшчэ ў старажытнасці (Дэмакрыт, Эпікур, некат. сафісты), атрымалі развіццё ў эпоху Адраджэння. Найб. поўна ідэі «разумнага эгаізму» сфармуляваны ў 18 ст. франц. асветнікамі, напр., у працах К.Гельвецыя. Яны скіраваны супраць хрысціянска-рэліг. маралі з уласцівым ёй заклікам да адмаўлення ад свецкіх даброт і безумоўнага падпарадкавання індывіда царк.-феад. іерархіі. Аналагічныя ідэі развіваў ням. філосаф 19 ст. Л.Феербах. Радыкалізаваны варыянт Р.э.т. абгрунтоўваў М.Г.Чарнышэўскі: неабходнасць свядомага падпарадкавання асабістай выгоды агульнай справе, ад поспеху якога ў рэшце выйграе і асабісты інтарэс індывіда. Уплыў Р.э.т. адбіўся на ідэйным змесце бел. Асветніцтва, у прыватнасці на этычных поглядах І.Я.Быкоўскага. Канцэпцыі «разумнага эгаізму» вынікаюць з прынцыпаў антрапал. філасофіі, якая бачыць крыніцы маральнасці ў самім чалавеку, незалежна ад яго ўключэння ў сістэму пэўных грамадскіх адносін. Р.э.т. не знаходзіць свайго прызнання ў грамадствах, дзе безумоўны прыярытэт аддаецца грамадскім інтарэсам, але культывуецца на пажыўнай глебе. сац. умоў там, дзе актывізуецца прыватны інтарэс.
А.Б.Савеня.
т. 13, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРФІЛАСО́ФІЯ (ад лац. natura прырода + філасофія),
філасофія прыроды, абстрактнае тлумачэнне прыроды, якая разглядаецца ў яе цэласнасці. Узнікла ў антычнасці, ёй быў уласцівы наіўны непадмацаваны навук. даследаваннямі погляд на прыроду. Ранняя стараж.-грэч. Н. (мілецкая школа і інш.) была фактычна першай гіст. формай філасофіі ўвогуле. Геракліт, Эмпедокл, Анаксагор, Эпікур, Арыстоцель і інш. зрабілі спробу асэнсавання існага, субстанцыі, пытанняў касмалогіі і касмагоніі. Яны выказалі погляд на прыроду, як на тое, што бясконца развіваецца, ідэю аб арган. мэтазгоднасці, меркаванне аб атамах (гл. Атамістыка), ідэю прыродазнаўча-гіст. развіцця жывога з нежывога, распрацавалі вучэнне аб процілегласці, супярэчнасці і інш. У эпоху сярэднявечча ант. Н. была выцеснена крэацыянісцкімі ўяўленнямі хрысц., мусульм. і іудзейскай тэалогіі. У эпоху Адраджэння Н. пераадолела характэрныя для антычнасці антрапамарфізм і міфалагізм, стала больш грунтоўна апірацца на прыродазнаўча навук. веды (Дж.Бруна, Б.Тэлезіо, Т.Кампанела), але адчувала на сабе ўплыў сярэднявечча (гілазаізм, магія, кабала). У 17—18 ст., у эпоху прагрэсу механістычнага прыродазнаўства, калі перавагу мелі аналіт. метады і метафіз. спосаб разгляду прыроды, Н. страціла былое значэнне. Адраджаецца Н. ў 1-й пал. 19 ст., яе развіццё звязана з дзейнасцю І.Канта. Ф.Шэлінга і інш. прадстаўнікоў класічнай ням. філасофіі. У канцы 10 — пач. 20 ст. В.Оствальд, Г.Дрыш, Т.Ліпс і інш. імкнуліся з дапамогай Н. пераадолець крызіс найноўшага прыродазнаўства. Ідэі Н. характэрны і для 20 ст., яны праявіліся ў філасофіі рас. касмізму (А.Л.Чыжэўскі, У.І.Вярнадскі), тэорыі касмагенезу (П.Тэяр дэ Шардэн) і інш. філас. плынях.
Т.І.Адула.
т. 11, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),
вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант. атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.Бэкан, Г.Галілей, Р.Дэкарт, І.Ньютан, М.В.Ламаносаў, К.Лышчынскі, Б.Спіноза, С.Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.
Літ.:
Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;
Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986;
Исторические типы философии. М., 1991;
Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 6, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА,
магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл. Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.Лейбніц, І.Кант, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.П.Сартр, М.Хайдэгер, К.Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.
І.І.Катляр.
т. 14, с. 242
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎДЭМАНІ́ЗМ (ад грэч. eudaimonia шчасце, асалода),
вучэнне, якое асновай маралі і вышэйшай мэтай чалавечага жыцця абвяшчае шчасце. Узнік у Стараж. Грэцыі і аб’ядноўваў разнастайныя філас.-этычныя сістэмы. На думку Дэмакрыта, вышэйшая дабрадзейнасць — задавальненне, а сродак яго дасягнення — розум; сутнасць жа задавальнення заключаецца ў стане гармоніі, цішыні і спакоі духу. У этыцы Арыстоцеля шчасце — канчатковая мэта і вынік чалавечага дзеяння, якое накіроўваецца праз розум і прыводзіць не толькі да дасканалага жыцця, але і да ўдасканалення самога чалавека. Эпікур пад шчасцем разумеў задавальненне, а няшчасце бачыў у пакутах; гэта набліжала яго погляды да геданізму, які развіваўся адначасова з Э. Прадстаўнікі некаторых кірункаў этычнай думкі (кінікі, стоікі) асобна вылучалі ў якасці перадумовы шчасця неабходнасць барацьбы са злом і адмоўнымі схільнасцямі чалавека. Стараж.-грэч. Э. быў у значнай меры абстрактны, хоць і адпавядаў высокаму стану развіцця філас.-этычнай думкі. У той жа час ён меў у сабе важны станоўчы момант — палажэнне, што шчасце залежыць ад актыўнага стаўлення чалавека ды жыцця, ад яго ўласных намаганняў, якія павінны накіроўвацца разумнымі этычнымі ідэямі. Т.ч., Э. процістаяў фаталізму.
У новы час ідэі Э. ўспрынялі і развівалі Б.Спіноза, К.Гельвецый. П.Гольбах. Напр., Спіноза сцвярджаў, што кожны павінен дзейнічаць у адпаведнасці са сваёй прыродай незалежна ад знешніх уплываў; такія дзеянні адкрываюць чалавеку шлях да самага высокага шчасця — пазнання Бога і містычнага спалучэння з ім. Гельвецый, схіляючыся да больш геданістычнага і эгаістычнага разумення шчасця. прытрымліваўся думкі, што паколькі людзі імкнуцца да прыемнасцей. то і маральнасць павінна падпарадкоўвацца закону чалавечага інтарэсу. Гольбах звязваў уяўленні аб шчасці з засваеннем людзьмі філас.-навук. ісцін і дзейнасцю выдатных асоб. Ідэі франц. філосафаў знайшлі свой працяг у англ. утылітарызме.
В.І.Боўш.
т. 18, кн. 1, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)