Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТО́К,
пажыўныя рэчывы, якія назапашваюцца ў яйцаклетках жывёл і чалавека ў выглядзе гранул (радзей суцэльнай масы) і служаць для жыўлення зародка на працягу яго развіцця. Мае ў сабе бялкі, тлушчы, вугляводы, рыбануклеінавую кіслату, мінер. рэчывы; асн. яго масу складаюць ліпа- і глікапратэіды. Наяўнасць Ж. ў яйцаклетках абумоўлівае іх значна большыя памеры ў параўнанні са сперматазоідамі. Сінтэз Ж. бывае энда- або экзагенным у залежнасці ад таго, дзе ён ажыццяўляецца: у яйцаклетцы або па-за ёй.
т. 6, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
адзін з механізмаў кіравання і каардынацыі фізіял. працэсаў у чалавека і жывёл у зменлівых умовах асяроддзя. Ажыццяўляецца праз вадкія асяроддзі (тканкавая вадкасць, лімфа, кроў) з дапамогай біялагічна актыўных рэчываў (неспецыфічныя метабаліты, гармоны, медыятары, пептыды, роставыя фактары, іоны і інш.). Прадукты абмену рэчываў уздзейнічаюць энда-, пара- або аўтакрынна на эфектарныя тканкі, канцы чуллівых нерваў (хемарэцэптары), нерв. цэнтры і выклікаюць гумаральным або рэфлекторным шляхам пэўныя рэакцыі арганізма. Гумаральная рэгуляцыя падпарадкавана нервовай рэгуляцыі і разам з ёй складае адзіную сістэму нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне арганізма ў зменлівых умовах асяроддзя.
У.М.Калюноў.
т. 5, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭРЫІ́Т,
запаленне сценкі артэрыі. Па характары запаленчага працэсу адрозніваюць спецыфічныя і неспецыфічныя артэрыіты, па яго лакалізацыі на сценцы артэрый — энда-, меза- і перыартэрыіты; пашкоджанне ўсёй сценкі — панартэрыіт. Можа быць самастойным захворваннем (калі пашкоджанне артэрый вядучае ў паталагічным працэсе, мае сістэмны, генералізаваны характар) і другасным (развіваецца на фоне інш. хвароб; паталагічны працэс у сасудах ізаляваны, пашкоджаны асобныя групы артэрый). Другасныя артэрыіты могуць быць пры дыфузных хваробах злучальнай тканкі, сепсісе, інфекц. эндакардыце, інш. інфекц. захворваннях, некаторых злаякасных пухлінах, ужыванні лекавых сродкаў. Ускладненні пры артэрыіце: анеўрызмы (пры язвава-некратычных працэсах у сценках артэрый), трамбозы і эмбаліі, склеразаванне і аблітэрацыя сасудаў.
М.Ф.Сарока.
т. 1, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ЎНІЦА,
рэакцыя арганізма на энда- і экзагенныя раздражняльнікі, якая праяўляецца раптоўнай высыпкай на скуры (іншы раз на слізістай гартані) і моцным свербам. Абумоўлена апёкамі крапівой і інш. раслінамі, укусамі насякомых, дзеяннем тэмпературных, хім., харч., фіз. (холад, сонца і інш.), мех., нерв., эндакрынных, мікробных фактараў, павышанай адчувальнасцю да медыкаментаў, стомленасцю, страўнікава-кішачнымі інтаксікацыямі, гліснымі інвазіямі, хваробамі крыві, парушэннямі абмену рэчываў і інш. Працякае востра (пухіры ўзнікаюць раптоўна, знікаюць праз мінуты ці гадзіны) і хранічна (высыпка або яе рэцыдывы цягнуцца тыдні ці месяцы), іншы раз з дрыжыкамі, ліхаманкай, недамаганнем, павышанай т-рай цела. Лячэнне тэрапеўтычнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 8, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),
вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.
В.А.Быстрэнін.
т. 1, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)