Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СКІ (саманазва эўскалдунак),
народ у Іспаніі (правінцыі Навара, Гіпускаа, Біская, Алава), Францыі (дэпартамент Ніжнія Пірэнеі), а таксама ў Лац. Амерыцы (эмігранты). Агульная колькасць 1,09 млн. чал. (1987), у т. л. 800 тыс. у Іспаніі і 130 тыс. у Францыі. Гавораць на баскскай мове. Паводле веравызнання — католікі. Гл. таксама Баскаў краіна.
т. 2, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ВЫДАВЕ́ЦКА-МАСТА́ЦКІ КЛУБ «ПАГО́НЯ» ў Таронта,
грамадска-культурная арг-цыя бел. эмігрантаў. Засн. ў студз. 1967 ініцыятыўнай групай беларусаў у г. Таронта (Канада). Членамі клуба з’яўляюцца эмігранты-суайчыннікі, а таксама прадстаўнікі Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Францыі. Мэта — пашырэнне бел. культуры сярод сародзічаў, прадстаўнікоў інш. нацыянальнасцяў. Пры фін. падтрымцы клуба выходзяць кнігі на бел. і англ. мовах, пласцінкі з бел. песнямі і музыкай, выкананы насценныя гербы, нагрудныя значкі з выявай «Пагоні». Выдае бібліягр. каталогі, арганізуе выстаўкі.
А.С.Ляднёва.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІСІ́ЙЦЫ (саманазва гальегі),
народ у Іспаніі (асн. насельніцтва рэгіёна Галісія) і Амерыцы (эмігранты). Агульная колькасць 4,14 млн. чал. (1987), у т. л. (1985, ацэнка) 3,12 млн. чал. у Іспаніі, каля 1 млн. чал. у Амерыцы (520 тыс. у Аргенціне, 200 тыс. у Бразіліі, 120 тыс. у Венесуэле, 60 тыс. ва Уругваі, 30 тыс. на Кубе і 20 тыс. у ЗША). Гавораць на галісійскай мове, блізкай да партугальскай. Вызнаюць каталіцызм. Асн. традыц. занятак — сельская гаспадарка; часткова рыбалоўства (на ўзбярэжжы Атлантычнага ак.).
т. 4, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я ЕЎРО́ПА»,
тайнае міжнар. аб’яднанне рэв.-дэмакр. арг-цый некаторых краін Еўропы ў 1834—36. Створана Дж.Мадзіні ў Швейцарыі ў крас. 1834 з мэтай спрыяння ўсталяванню рэсп. ладу ў еўрап. краінах. У аб’яднанне ўваходзілі пераважна паліт. эмігранты (рэспубліканцы розных кірункаў), якія прадстаўлялі тайныя саюзы «Маладая Італія», «Маладая Германія» і «Маладая Польшча». Асн. дзейнасць «М.Е.» была накіравана на стварэнне ва ўсіх краінах Еўропы рэсп. арг-цый: заснаваны саюзы «Маладая Францыя», «Маладая Іспанія», «Маладая Бельгія». У 1836 улады Швейцарыі выслалі з краіны членаў «М.Е.», што прывяло да спынення яе дзейнасці.
т. 9, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІН-КАМІ́НСКІ (Уладзімір Тадэвушавіч) (14.11.1950, Мінск — 10.1.1995),
бел. акцёр. Сын Т.К.Кін-Камінскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). Працаваў у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. Творчасці ўласцівы майстэрства пераўвасаблення, пошук выразных сцэн. фарбаў, імправізацыя, часам іранічнае стаўленне да персанажа: Драгун («Парог» А.Дударава), Сяржант («Цынкавыя хлопчыкі» С.Алексіевіч), Мужык («Страсці па Аўдзею» У.Буграмеева), Польскі афіцэр, Начальнік патруля і Нямецкі афіцэр («Тутэйшыя» Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), Жорж («Дзверы стукаюць» М.Фермо), сяржант Допель («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера), Я («Дом на мяжы» С.Мрожака). У тэатры-лабараторыі нац. драматургіі «Вольная сцэна» выконваў ролі Падушкападобнага («Ку-Ку» М.Арахоўскага), Сяржанта («Сабака з залатым зубам» У.Савуліча). У 1992—93 у Беластоцкім драм. т-ры: Х.Х., Ян («Эмігранты» і «У адкрытым моры» Мрожака), Майстар («Тэрмінатар» П.Хандке), Восіп («Рэвізор» М.Гогаля).
М.А.Бартніцкая.
т. 8, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ЎСКІ (Георгій Рафаілавіч) (н. 16.10.1946, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1971 у Нац. акад. т-ры імя Я.Купалы. Характарны акцёр. Карыстаючыся вострым сцэнічным малюнкам, захоўвае рысы рэальнага праўдападабенства вобразаў, нават створаных у гратэскава-камед. плане. Найб. значныя ролі: Ян Дабровіч («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), А.А. («Эмігранты» С.Мрожака). З інш. роляў: Ксяндзоў («Апошні шанц» паводле В.Быкава), Малюцін («Апошні журавель» А.Дударава, А.Жука), Міхалка («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Папскі нунцый («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Антоніо («Бура» У.Шэкспіра), Клеант («Тарцюф» Мальера), Ферчайлд («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта), доктар Магнуш («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера), паштмайстар Шпекін («Рэвізор» М.Гогаля), Бургамістр («Дракон» Я.Шварца), цесць Худзякова («Характары» паводле В.Шукшына).
В.С.Грыбайла.
т. 10, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАНО́ВІЧ (Пётра) (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),
бел. мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.Сахарава, П.Крачэўскага (1966), Н.Арсенневай, Я.Купалы, Ф.Скарыны (усе 1967), Л.Сапегі (1970), К.Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.
В.А.Трыгубовіч.
т. 10, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНІ́ГІН (Мікалай Мікалаевіч) (н. 6.9.1957, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1979 працаваў у Дзярж. рус. драм. т-ры, з 1984 рэжысёр Нац. акад. т-ра імя Я.Купалы. З 1998 у С.-Пецярбургу рэжысёр Вял. акад. драм. т-ра імя Г.А.Таўстаногава. Прыхільнік дынамічнай, шматфарбнай рэжысуры, майстар яркага тэатр.-сінт. відовішча. Сярод пастановак на Беларусі: «Жанчына з мора» Г.Ібсена (1984), «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера (1986), «Дракон» Я.Шварца і «Эмігранты» С.Мрожака (1989), «Тутэйшыя» Я.Купалы (1990, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), «Дзіця з Віфлеема» (1992 у Т-ры-студыі кінаакцёра), оперы «Візіт дамы» С.Картэса (1995), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (2001; абедзве у Нац. акад. т-ры оперы), «Art» Я.Рэза (1998, у Малым т-ры ў Мінску). Паставіў таксама «Капрызы Марыяны» А.Мюсэ (1997), «Хлусня на доўгіх нагах» Э. дэ Філіпа (2000) у т-ры імя Таўстаногава.
т. 12, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя А.Венгеркі.
Створаны ў 1945 у Беластоку. Захоўвае традыцыі польск. т-ра пач. 18 ст. З 1987 дырэктар, маст. кіраўнік і гал. рэжысёр А.Якімец. У рэпертуары п’есы Ф.Шылера, У.Шэкспіра, Мальера, К.Гальдоні, Ю.Тувіма, В.Багуслаўскага, А.Міцкевіча, С.Выспянскага, С.Мрожака, Б.Шэфера, Т.Ружэвіча, В.Гамбровіча. Тэатр гастраліруе і за мяжой. У 1991 і 1992 браў удзел у Міжнар. фестывалі «Балтыйская тэатральная вясна» ў Гродне, у ліст. 1992 у «Фестывалі сяброў» у Мінску, дзе паказаны спектаклі «Тэрмінатар» П.Хандке, «Эмігранты» С.Мрожака (гал. ролі ў абодвух выканаў акцёр Нац. т-ра імя Я.Купалы У.Кін-Камінскі), «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» С.Пясецкага, «З нагоды мокрага снегу» паводле «Запісак з падполля» Ф.Дастаеўскага (рэж.—маст. кіраўнік т-ра імя Я.Купалы В.Раеўскі, сцэнаграфія нар. мастака Беларусі Б.Герлавана). У 1993 Раеўскі паставіў у т-ры спектакль «Рэвізор» М.Гогаля, дзе разам з польскімі ігралі акцёры т-ра імя Я.Купалы Ю.Авяр’янаў і Кін-Камінскі.
М.А.Бартніцкая.
т. 3, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)