ПІНІ́ГІН (Мікалай Мікалаевіч) (н. 6.9.1957, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),

бел. рэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1979 працаваў у Дзярж. рус. драм. т-ры, з 1984 рэжысёр Нац. акад. т-ра імя Я.​Купалы. З 1998 у С.-Пецярбургу рэжысёр Вял. акад. драм. т-ра імя Г.​А.​Таўстаногава. Прыхільнік дынамічнай, шматфарбнай рэжысуры, майстар яркага тэатр.-сінт. відовішча. Сярод пастановак на Беларусі: «Жанчына з мора» Г.​Ібсена (1984), «Гаральд і Мод» К.​Хігінса і Ж.​К.​Кар’ера (1986), «Дракон» Я.​Шварца і «Эмігранты» С.​Мрожака (1989), «Тутэйшыя» Я.​Купалы (1990, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), «Дзіця з Віфлеема» (1992 у Т-ры-студыі кінаакцёра), оперы «Візіт дамы» С.​Картэса (1995), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (2001; абедзве у Нац. акад. т-ры оперы), «Art» Я.​Рэза (1998, у Малым т-ры ў Мінску). Паставіў таксама «Капрызы Марыяны» А.​Мюсэ (1997), «Хлусня на доўгіх нагах» Э. дэ Філіпа (2000) у т-ры імя Таўстаногава.

т. 12, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)