Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛІ́КУЛА (лац. pellicula памяншальнае ад pellis скура),
1) тонкі эластычны або цвёрды ахоўны слой пратаплазмы на паверхні цела многіх прасцейшых (жгуціканосцы, інфузорыі і інш.) і некат. аднаклетачных водарасцей (хрызаманадавыя, эўгленавыя). Вонкавая паверхня П. часта мае розныя вырасты.
2) Вонкавая плевачная лупіна насення раслін.
т. 12, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́ЧАСКАЯ ГУ́БКА (Spongia officinalis),
беспазваночная жывёла атр. крэменерагавых губак. Пашырана на невял. глыбінях у цёплых морах.
Шкілет складаецца з густой сеткі рагавых валокнаў бялковага рэчыва спангіну, эластычны, гіграскапічны, порысты. Належаць да групы туалетных губак, аб’ект промыслу; выкарыстоўваецца ў хірургіі (замест ваты), як туалетная рэч, у прам-сці. Промысел найб. развіты ў Міжземным м. Разводзяць штучна.
т. 5, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
станок для паліравання вонкавых і ўнутраных (цыліндрычных, канічных, сферычных, плоскіх) паверхняў дэталей з металаў, дрэва, каменю, шкла, хрусталю, пластмас. Бываюць універсальныя, спецыялізаваныя і спецыяльныя, з ручным, паўаўтам. і аўтам. кіраваннем.
Рэжучыя інструменты П.с. — эластычны круг (з фетру, лямцу, тканіны, гумы) з нанесеным на яго слоем абразіўных зярнят або пасты, пялёсткавы абразіўны круг, стужка, струмень абразіўнай вадкасці, магнітна-абразіўны парашок, магнітна-рэалагічная вадкасць з абразіўнымі часцінкамі. Выкарыстоўваюцца таксама вярчальныя і вібрыруючыя барабаны, запоўненыя водным растворам паверхнева-актыўных рэчываў, абразіўным матэрыялам і неабразіўным напаўняльнікам; станкі для хім. і электрахім. паліравання.
Літ.:
Яшерицын П.И., Зайцев А.Г., Барботько А.И. Тонкие доводочные процессы обработки деталей машин и приборов. М., 1976.
А.Л.Качаргін.
т. 12, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МА (ад лац. gummi камедзь),
рызіна, вулканізат, эластычны матэрыял, які атрымліваюць вулканізацыяй каўчуку. Найважнейшая ўласцівасць гумы — высокаэластычнасць: здольнасць без значных астаткавых дэфармацый вытрымліваць шматразовыя расцяжэнні на 500—1000% у шырокім інтэрвале тэмператур.
Атрымліваюць гуму пераважна вулканізацыяй кампазітаў (гумавых сумесей), аснову якіх (звычайна 20—60% па масе) складаюць каўчукі (гл. Каўчук натуральны, Каўчукі сінтэтычныя). У састаў сумесей уваходзяць таксама вулканізуючыя агенты, напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. інгрэдыенты мэтавага прызначэння, агульная колькасць якіх можа дасягаць 15—20. Выбар каўчуку і склад гумавай сумесі абумоўлены прызначэннем, умовамі эксплуатацыі і тэхн. патрабаваннямі да вырабаў, тэхналогіяй вытв-сці. Паводле прызначэння і ўмоў эксплуатацыі адрозніваюць наступныя асн. групы: агульнага прызначэння (выкарыстоўваюць пры т-рах ад -50 да 150 °C); цеплаўстойлівую (для працяглай эксплуатацыі пры 150 — 200 °C); марозаўстойлівую (выкарыстоўваюць пры т-рах ніжэй за -50 °C); маслабензаўстойлівую; устойлівую да ўздзеяння агрэсіўных хім. рэчываў (кіслот, шчолачаў, азону); дыэлектрычную; электраправодную; магнітную; вогнеўстойлівую; радыяцыйнаўстойлівую; вакуумную; фрыкцыйную, харч. і мед. прызначэння і інш. Атрымліваюць таксама сітаватую гуму, гуму каляровую і празрыстую. Выкарыстоўваюць у тэхніцы, сельскай гаспадарцы, буд-ве, медыцыне, побыце. Асартымент гумавых вырабаў налічвае больш за 70 тыс. найменняў. Больш за палавіну аб’ёму вырабленай гумы выкарыстоўваюць у вытв-сці шын.
Літ.:
Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.
Я.І.Шчарбіна.
т. 5, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)