Экстрапаляцыя (у матэматыцы) 5/129; 11/426

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Экстрапаляцыя (у статыстыцы) 8/88; 11/426

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯ (ад экстра... + лац. polire рабіць гладкім),

пашырэнне вывадаў, атрыманых пры вывучэнні адной часткі якой-н. з’явы, працэсу, на яго другую частку, на будучы час. 1) У статыстыцы Э. — пашырэнне выбарачных звестак вывучэння часткі з’явы на папуляцыю ў цэлым; пры гэтым паказчыкі даследаванай часткі разглядаюцца як набліжэнне да паказчыкаў па сукупнасці ў цэлым (напр., праекцыя росту насельніцтва па даных з мінулага часу).

2) У логіцы Э. — перанясенне і пашырэнне якасных характарыстык, заканамернасцей з адной прадметнай вобласці або аднаго віду аб’ектаў на інш. вобласць або від (напр., вывад аб узроўні культуры якой-н. сац. групы па назіраннях за асобнымі яе прадстаўнікамі або аб перспектывах культуры па тэндэнцыях у мінулым).

3) У матэматыцы — знаходжанне прыбліжаных значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах, якія не належаць адрэзку [x0, xn], па яе значэннях у пунктах x0, x1, ..., xn. Гл. таксама Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПАЛЯ́ЦЫЯ І ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯ ў матэматыцы,

спосаб набліжанага (ці дакладнага) узнаўлення якой-н. велічыні па некаторых вядомых яе значэннях. Напр., адшуканне значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах x па вядомых значэннях yi = 𝑓(xi), дзе пункты xi — вузлы інтэрпаляцыі, i = 0, 1, ..., n. Калі x знаходзіцца ў інтэрвале паміж x0 і xn, задача такога адшукання наз. інтэрпаляцыяй, калі па-за яго межамі — экстрапаляцыяй.

Асн. кірункі даследаванняў па І. і э.: вырашальнасць задачы інтэрпалявання; пабудаванне інтэрпаляцыйных формул і вывучэнне іх адхілення ад зададзенай функцыі, выкарыстанне метадаў інтэрпаляцыі для пабудавання набліжаных і лікавых метадаў рашэння розных задач матэматыкі і яе дастасаванняў. Гл. таксама Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый.

На Беларусі даследаванні па пытаннях І. і э. вядуцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Крылов В.И., Бобков В.В., Монастырный П.И. Начала теории вычислительных методов: Интерполирование и интегрирование. Мн., 1983.

С.​У.​Абламейка.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПАЛЯ́ТАР (ад лац. inetrpolo перарабляю),

вылічальная прылада для інтэрпаляцыі функцый (гл. Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя). Бываюць аналагавыя (неперарыўныя) і дыскрэтныя (лічбавыя). Асн. элемент аналагавых І. — патэнцыяметры, аўтатрансфарматары (лінейныя і нелінейныя), інтэгратары і інш., дыскрэтных — інтэгратары з паслядоўным пераносам і інш. Выкарыстоўваецца ў прыладах вываду графічнай інфармацыі (графапабудавальніках, графічных дысплеях і інш.) і апрацоўкі відарысаў, сістэмах мадэліравання і праграмнага кіравання металарэзнымі станкамі, газарэзнымі апаратамі і інш.

М.​П.​Савік.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КАВАЕ ІНТЭГРАВА́ННЕ,

набліжанае вылічэнне інтэграла па некалькіх значэннях падынтэгральнай функцыі. Выкарыстоўваецца ў выпадках, калі падынтэгральная функцыя зададзена набліжана (напр., таблічна), інтэграл не выражаецца праз вядомыя функцыі, а таксама, калі Л.і. хутчэй вядзе да вынікаў з зададзенай дакладнасцю, чым дакладныя метады.

Вызначаныя інтэгралы ад адной пераменнай вылічваюцца па квадратурных формулах, кратныя — па кубатурных. Нявызначаныя інтэгралы папярэдне зводзяцца да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Падынтэгральную функцыю даводзіцца вылічваць у многіх пунктах, што прывяло да распрацоўкі спец. метадаў. Гл. таксама Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя, Набліжанае інтэграванне.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБЛІЖЭ́ННЕ І ІНТЭРПАЛЯ́ЦЫЯ ФУ́НКЦЫЙ,

замена адных функцый другімі, больш простымі ці больш зручнымі для вылічэнняў, дастаткова блізкімі да зыходных. Іх практычныя дастасаванні спрыялі ўзнікненню і развіццю тэорыі набліжаных функцый.

Функцыі з зададзенай сям’і, якімі замяняюць зыходныя функцыі, наз. набліжальнымі, а іх сям’я — сям’ёй набліжальных функцый. Найб. пашырана інтэрпаляцыя функцый, калі знаходзіцца набліжальная функцыя, што супадае з зыходнай у пэўных пунктах (гл. Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя). Задачы Н. і і.ф. рашаюцца ў некалькі этапаў: выбіраюцца сродкі набліжэння (напр., алг. ці трыганаметрычныя паліномы, сплайны, рацыянальныя дробы); выбіраюцца спосабы ацэньвання адхілення набліжальнай функцыі ад зыходнай; метады набліжэння (напр., інтэрпаляцыя, ітэрацыя, частковыя сумы шэрагаў); будуецца набліжальная функцыя і ацэньваецца яе хібнасць.

На Беларусі даследаванні па гэтых праблемах вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац. АН, БДУ, Гомельскім ун-це, БПА і інш.

Л.​А.​Яновіч.

т. 11, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗАНА́НС (франц. resonance ад лац. resono адгукаюся),

рэзкае павелічэнне амплітуды ўсталяваных вымушаных ваганняў пры набліжэнні частаты знешняга гарманічнага ўздзеяння да частаты аднаго з уласных ваганняў сістэмы. Праяўляецца ў розных вагальных сістэмах: механічных (маятнік), электрычных (вагальны контур), акустычных (мембрана, струна) і інш.

Пры Р. магутнасць, якая перадаецца вагальнай сістэме знешняй гарманічнай сілай, дасягае максімуму, што вядзе да павелічэння амплітуды ваганняў у залежнасці ад уласцівасцей самой сістэмы (значэнне каэфіцыента затухання і інш.). З тэорыі гарманічных ваганняў вынікае, што пры імкненні каэфіцыента затухання да нуля амплітуда вымушаных ваганняў павінна імкнуцца да бясконцасці, аднак такая экстрапаляцыя няправільная, таму што з павелічэннем амплітуды ваганні перастаюць быць гарманічнымі (малымі). Вывучэнне заканамернасцей Р. неабходнае і для таго, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў рэзкага павелічэння амплітуды ваганняў (напр., разбурэнне тэхн. канструкцый, узнікненне звыштокаў у радыё- і эл.-тэхн. прыладах, зніжэнне якасці апрацоўкі дэталей ад вібрацыі станкоў і інш.). З’ява Р. ўлічваецца ў буд-ве, электра- і радыётэхніцы, электроніцы і інш. Гл. таксама Мёсбаўэра эфект, Электронны парамагнітны, рэзананс, Ядзерны магнітны рэзананс.

А.​І.​Болсун.

т. 13, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПАЛЯЦЫ́ЙНАЯ ФО́РМУЛА,

формула для набліжанага вылічэння значэнняў функцыі метадам інтэрпаляцыі (гл. Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя). Заснавана на замене дадзенай функцыі больш простай (у пэўным сэнсе), значэнні якой у зададзеных пунктах (вузлах інтэрпаляцыі) супадаюць са значэннямі зыходнай функцыі.

Найб. пашырана пабудаванне І.ф. на аснове паслядоўных ступеней пераменнай x: 1, x, x​2, ..., x​n, ..., трыганаметрычных функцый 1, sin x, cos x, sin 2x, cos 2x, ... і інш., напр., лінейная І.ф. з двума вузламі інтэрпаляцыі: y = x − xi xi+1 − xi [ 𝑓(xi+1) − 𝑓(xi) ] + 𝑓(xi) . Вузлы інтэрпаляцыі часта выбіраюць так, каб адхіленні І.ф. ад шуканай функцыі былі найменшымі. Калі цяжка ацаніць ступень інтэрпаляцыйнага палінома, неабходную для дасягнення зададзенай дакладнасці (напр., пры інтэрпаляванні табліц), будуюць паслядоўнасць такіх паліномаў з усё больш высокімі ступенямі (схема Эйткена), што дазваляе кантраляваць дакладнасць у працэсе вылічэнняў. Эфектыўным апаратам набліжэння функцый з’яўляюцца інтэрпаляцыйныя сплайны — І.ф., у якіх дадаткова накладзены ўмовы супадзення вытворных (да некаторага парадку) атрыманай і шуканай функцыі ў вузлах. Для апрацоўкі эксперым. даных будуюць І.ф., для якіх патрабуюць мінімізацыі іх сумарнага адхілення па ўсіх вузлах ад шуканай залежнасці (гл. Найменшых квадратаў метад).

С.​У.​Абламейка.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНАЗІ́РАВАННЕ,

распрацоўка прагнозу; спец. навук. даследаванне перспектыў развіцця якога-н. аб’екта або з’явы; вызначэнне тэндэнцый і перспектыў развіцця пэўных працэсаў на аснове аналізу даных аб іх мінулым і сучасным стане. Найб. распаўсюджаныя аб’екты П.: навук.-тэхн. (развіццё фундаментальных і прыкладных даследаванняў, розных галін тэхнікі, новыя тэхналогіі і матэрыялы і інш.), тэхніка-эканам. (тэхніка-эканам. паказчыкі вытв-сці, асваенне новых відаў прадукцыі і інш.), ваенна-паліт. (ваенныя канфлікты, блокі і інш.), прыродныя (навакольнае асяроддзе, паводкі і інш.). У іх аснове ляжаць 3 узаемадапаўняльныя крыніцы атрымання інфармацыі: экстрапаляцыя ў будучыню тэндэнцый, заканамернасці развіцця якіх у мінулым і цяпер добра вядомы; мадэліраванне аб’ектаў навук. вывучэння, паказ іх у спрошчаным, схематычным выглядзе; прагнозная ацэнка экспертаў. У адпаведнасці з гэтым існуюць 3 спосабы П., якія дапаўняюць адзін аднаго: экстрапаліраванне і інтэрпаліраванне — пабудова дынамічных радоў развіцця паказчыкаў прагназіруемага працэсу; мадэліраванне — пабудова пошукавых і нарматыўных мадэлей; анкетаванне. Алгарытм (сац. тэхналогія) П. можа быць наступным: вывучэнне праблемы (праблемнай сітуацыі) — распрацоўка сац. заказу — пашпартызацыя — распрацоўка мэт і задач — распрацоўка даследчага прагнозу — канструяванне нарматыўнага прагнозу — верыфікацыя і карэкціроўка прагнозаў. Існуе вял. колькасць прагнозаў, якія ўтрымліваюць пошукавыя і нарматыўныя аспекты П. (праграмныя, пошукавыя, аналітычныя, мэтавыя і інш.).

Літ.:

Рабочая книга по прогнозированию. М., 1982;

Бестужев-Лада И.В. Поисковое социальное прогнозирование. М., 1984;

Яго ж. Нормативное социальное прогнозирование. М., 1987;

Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)