ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯ (ад экстра... + лац. polire рабіць гладкім),

пашырэнне вывадаў, атрыманых пры вывучэнні адной часткі якой-н. з’явы, працэсу, на яго другую частку, на будучы час. 1) У статыстыцы Э. — пашырэнне выбарачных звестак вывучэння часткі з’явы на папуляцыю ў цэлым; пры гэтым паказчыкі даследаванай часткі разглядаюцца як набліжэнне да паказчыкаў па сукупнасці ў цэлым (напр., праекцыя росту насельніцтва па даных з мінулага часу).

2) У логіцы Э. — перанясенне і пашырэнне якасных характарыстык, заканамернасцей з адной прадметнай вобласці або аднаго віду аб’ектаў на інш. вобласць або від (напр., вывад аб узроўні культуры якой-н. сац. групы па назіраннях за асобнымі яе прадстаўнікамі або аб перспектывах культуры па тэндэнцыях у мінулым).

3) У матэматыцы — знаходжанне прыбліжаных значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах, якія не належаць адрэзку [x0, xn], па яе значэннях у пунктах x0, x1, ..., xn. Гл. таксама Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)