КРАСО́ЎСКІ Яўген Калістратавіч (н. 7.5.1937, г. Ярцава Смаленскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Рыжскае маст. вучылішча (1958), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Выкладаў у віцебскіх пед. і тэхнал. лёгкай прам-сці (1964—73) ін-тах. Творам уласцівы лірычная ўсхваляванасць, кампазіцыйная цэласнасць, экспрэсіўны характар пластычнай мадэліроўкі формы. Аўтар тэматычных кампазіцый («Уз’яднанне беларускіх партызан з войскамі Чырвонай Арміі», 1981), партрэтаў («Наддзвінскі дудар Арцём Вярыга-Дарэўскі», 1979; П.​І.​Чайкоўскага і М.​П.​Мусаргскага, 1983), пейзажаў («Камчатка», 1970; «Лучоса» і «Віцебск», абодва 1981; «Браслаўскі матыў», 1990), нацюрмортаў («Белыя гарлачыкі», 1982; «Нацюрморт з грыбамі», 1990).

М.​Л.​Цыбульскі.

Я.Красоўскі. Мірскі замак. 1968.

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЛЬКО́ Алесь (Аляксей Іванавіч; 27.3.1923, в. Рыдамля Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 16.4.1967),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1951). Настаўнічаў, працаваў у час. «Вожык», у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1946. Першы зб. апавяд. «Мае сустрэчы» (1952). Аўтар зб-каў апавяданняў і аднаактовых камедый «Цвіце чаромха» (1957), гумарыст. апавяд. «Стуканок у аблавушцы» (1959), апавяданняў і нарысаў «Ты прыгожая, Арынка» (1960), аднаактовай п’есы «Гром з яснага неба» (1953), аднаактовых камедый і сцэнак «Колькі вяровачку ні віць...» (1958), аповесці для дзяцей «Мядовыя краскі» (1959). У яго творчасці роздум пра жыццё і працу, ярка выражаны гумарыстычна-сатыр. элемент, каларытная мова, трапная дэталь, дынамічны, экспрэсіўны стыль.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1969;

Напрадвесні. Мн., 1984.

т. 13, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАО́Р (сапр. Арлоў) Дзмітрый Стахіевіч

(3.11.1883, г. Новачаркаск, Расія — 24.10.1946),

расійскі графік, адзін з заснавальнікаў сав. паліт. плаката. Засл. дз. маст. Расіі (1932). Прафес. адукацыі не атрымаў. Выкладаў у Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (з 1922), паліграф. (1930—32) і маст. (1939—43) ін-тах у Маскве. Чл. аб’яднання «Кастрычнік» (з 1928). Выконваў сатыр. малюнкі для газ. «Известия», «Правда», час. «Будильник», «Крокодил» і інш. Творчасці ўласцівы экспрэсіўны, часам гратэскны контурны малюнак, які рэзка абрысоўвае плоскасную колеравую пляму. Найб. вядомыя плакаты «Савецкая рэпка» (1919), «Ты запісаўся добраахвотнікам?», «Урангель яшчэ жывы, дабі яго без літасці» (абодва 1920), «Дапамажы!» (1921—22), «Ты чым дапамог фронту?» (1941). Аўтар ілюстрацый да рамана А.​Барбюса «Агонь» (1938), паэмы У.​Маякоўскага «Добра!» (1940), «Слова аб палку Ігаравым» (1944). Аўтар кн. «Я — бальшавік!» (1967).

Літ.:

Халаминский Ю. Я. Д.​Моор. М., 1961.

Дз.Маор. Плакат «Ты запісаўся добраахвотнікам?». 1920.

т. 10, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫЛІ́СТЫКА,

раздзел мовазнаўства, які вывучае стылі мовы, нормы і спосабы выкарыстання моўных адзінак у залежнасці ад зместу і мэты выказвання, сітуацыі і сферы зносін. У С. гістарычна склаліся і развіваліся 3 асн. кірункі: С. рэсурсаў (апісальная), С. маўлення (функцыянальная), С. мастацкай літаратуры. Першыя 2 кірункі аб’ядноўвае лінгвастылістыка, 3-і кірунак — літаратуразнаўчая С.

Вылучаюць С.: практычную (абгрунтоўвае нормы выкарыстання сінанімічных сродкаў літаратурнай мовы ў залежнасці ад зместу і формы зносін), успрымання (даследуе спосабы адэкватнага ўспрымання вобразна-выяўл. сродкаў літ.-маст. твора), параўнальную С. (вывучае ў параўнальным плане стыліст. сістэмы 2 або некалькіх моў, пераважна блізкароднасных), тэкставую (вывучае выяўл. магчымасці тэксту і разглядае яго як семантычна, функцыянальна і структурна завершанае адзінства).

Гал. задача лінгвастылістыкі — вывучэнне заканамернасцей функцыянавання мовы ў розных сферах зносін, якія адпавядаюць пэўнаму віду дзейнасці, сістэмнасці функцыян. стыляў і інш. функцыян.-стылявых разнавіднасцей, прынцыпаў адбору і спалучэння ў іх моўных сродкаў. Важнае месца ў ёй належыць пытанням лексічнай, фразеалагічнай і грамат. сінанімікі, стыліст. афарбоўкі моўных адзінак.

Вылучаюць 2 віды стыліст. афарбоўкі: эмацыянальна-экспрэсіўны (выражэнне эмоцый — урачыстасці, знявагі, пяшчоты, іроніі, фамільярнасці і інш.) і функцыянальна-стылістычны (выкарыстанне ў пэўным стылі навук. тэрмінаў, дыялектызмаў, прастамоўнай лексікі і інш.). Традыцыйна ў С. ўключаюць пытанні пра слоўныя вобразныя сродкі (тропы і сродкі экспрэсіўнага сінтаксісу — рытарычныя фігуры).

Цэнтр. паняцце С. — стыль. Гал. аб’ект яе вывучэння — функцыян. стыль мовы — грамадска ўсвядомленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў у пэўнай сферы грамадскай дзейнасці (навук., справавой, публіцыстычнай і інш.). Літаратуразнаўчая С. вывучае мову літ.-маст. твора ў яе суадносінах з вобразнай структурай і ідэйна-тэматычным зместам твора. Гал. прынцып яе вывучэння — сувязь мовы і думкі, што злучае літ.-знаўчую С. з паэтыкай і эстэтыкай слова. На Беларусі навук. працы па аналізе мовы і С. твораў маст. л-ры паявіліся ў 1920-я г. (Я.​І.​Барычэўскі, П.​А.​Бузук, А.​М.​Вазнясенскі, М.​І.​Гарэцкі, М.​М.​Піятуховіч). У 2-й пал. 20 ст. выдадзены шэраг манаграфій па С. і культуры маст. слова (І.​Я.​Лепешаў, Т.​П.​Сцяшковіч, М.​Я.​Цікоцкі, Ф.​М.​Янкоўскі і інш.).

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 2 выл. Мн., 1987;

Булахов М.Г. Основные вопросы сопоставительной стилистики русского и белорусского языков. Мн., 1979;

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;

Лепешаў І.Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы. Мн., 1984;

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1995.

М.​Я.​Цікоцкі.

т. 15, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)