Я́СПЕРС (Jaspers) Карл (23.2.1883, г. Ольдэнбург, Германія —26.2.1969),

нямецкі філосаф і псіхіятр; адзін з заснавальнікаў экзістэнцыялізму. З 1908 асістэнт псіхіятрычнай бальніцы ў Гайдэльбергу, з 1921 праф. філасофіі ў Гайдэльбергскім ун-це. У 1937 адхілены ад выкладання, вярнуўся да яго ў 1945. З 1948 выкладаў у Базельскім ун-це. У псіхіятрыі кіраваўся біяграфічным метадам; разглядаў хваробу не як працэс распаду чалавечай асобы, а ў сувязі з гісторыяй жыцця, з пошукам чалавекам уласнай індывідуальнасці («Усеагульная псіхапаталогія», 1913). Некаторыя яго працы прысвечаны праблемам патаграфіі — псіхапаталагічнаму аналізу эвалюцыі знакамітых асоб (Ю.​А.​Стрындберг, В.В. ван Гог, Ф.​В.​Ніцшэ). У 1920—30-я г. Я. стварыў уласны варыянт экзістэнцыяльнай філасофіі, дзе філасофію вызначыў не як стварэнне пэўнай сістэмы, а як адкрыты духоўны працэс, што высвятляе становішча чалавека ў свеце. Асн. катэгорыі яго філасофіі — экзістэнцыя, трансцэндэнцыя, сітуацыя, гістарычнасць, камунікацыя. Сэнс экзістэнцыі ён бачыў у свабодзе. Быццё ў філасофіі Я. паўстае як прадметнае быццё, экзістэнцыя і трансцэндэнцыя (Бог). Мысленне, спалучанае з прадметным быццём, ёсць «арыентацыя ў свеце», філасофстваванне аб экзістэнцыі паўстае як яе «прасвятленне» («Розум і экзістэнцыя», 1935). Праблемы быцця, пазнання і чалавека Я. разглядаў з пункту гледжання гістарычнасці, пад якой ён разумеў незаменнасць, непаўторнасць, канчатковасць чалавечай асобы. Адрозненне філас. веры ад рэлігійнай бачыў у тым, што першая заснавана на штодзённым вопыце любога чалавека, а другая не можа быць агульназначнай, бо заснавана на адкрыцці. Я. стварыў сваю ўласную канцэпцыю гісторыі, заснаваную на ідэях гіст. цэласнасці і адзінстве чалавецтва. Ён акрэсліў 4 «зрэзы» гісторыі: дагістарычны перыяд (авалоданне людзьмі мовай, прыладамі працы і агнём); стараж. культуры; «вось сусветнага часу» (8—2 ст. да н.э.), ад якога толькі пачынаецца сусв. гісторыя; станаўленне навук.-тэхн. цывілізацыі («Еўропа 17—20 ст.; «філасофія». Т. 1—3, 1931—32).

І.​М.​Сідарэнка.

К.Ясперс.

т. 18, кн. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЗІСТЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад позналац. existentia існаванне),

ірацыяналістычны кірунак у філасофіі. Узнік напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Расіі (Л.​Шастоў, М.​А.​Бярдзяеў), пасля вайны склаўся ў Германіі (К.​Ясперс, М.​Хайдэгер, М.​Бубер), у перыяд 2-й сусв. вайны — у Францыі (Ж.​П.​Сартр, А.​Камю і інш.), а пасля вайны і ў інш. краінах. Ідэйныя вытокі Э. — вучэнне С.К’еркегора, філасофія жыцця, фенаменалогія. Цэнтр. яго паняцце — экзістэнцыя, што абазначае спецыфічна чалавечы спосаб існавання ў свеце, асн. праяўленні чалавечага існавання — клопаты, страх, рашучасць, сумленне. Паводле Э., чалавек разумее экзістэнцыю як аснову свайго існавання ў гранічных сітуацыях (барацьба, пакуты, смерць); на працягу ўсяго жыцця ён павінен рабіць сябе чалавекам, а не проста быць. Спасцігаючы сябе як экзістэнцыю, чалавек набывае свабоду, якая ёсць выбар самога сябе, сваёй сутнасці, што накладвае на яго адказнасць за ўсё, што адбываецца ў свеце. Адрозніваюць Э. рэлігійны (Ясперс, Бярдзяеў, Бубер і інш.) і атэістычны (Сартр, Камю, М.​Мерло-Панці, Хайдэгер і інш.). Іх пазіцыі разыходзяцца ў разуменні сэнсу экзістэнцыі, свабоды і сапраўднага існавання. У атэіст. Э. чалавек «асуджаны» быць свабодным, ён у адзіночку нясе адказнасць за ўвесь свет. У рэліг. Э. экзістэнцыя звязана з трансцэндэнтным, выбар і свабода чалавека існуюць дзякуючы акту веры ў Бога. Э. былі прапанаваны арыгінальныя варыянты анталогіі, антрапалогіі, канцэпцыі гісторыі і метадалогіі яе пазнання; ён зрабіў значны ўплыў на сац.-паліт. навукі, л-ру і мастацтва.

І.​Н.​Сідарэнка.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЛО́-ПАНЦІ́ (Merleau-Ponty) Марыс (14.3.1908, г. Рашфор-сюр-Мер, Францыя — 4.5.1961),

французскі філосаф, прадстаўнік фенаменалогіі. Адукацыю атрымаў у Вышэйшай нармальнай школе. з 1945 праф. у Ліёне, у 1949—52 у Сарбоне, Калеж дэ Франс. Аўтар прац «Структура паводзін» (1942), «Фенаменалогія перцэпцыі» (1945), «Гуманізм і тэрор» (1947), «Прыгоды дыялектыкі» (1955) і інш. Быццё чалавека (яго экзістэнцыя), паводле М.-П., рэалізуецца ў дыялогу суб’екта са светам; свядомасць чалавека і ўся яго істота перажывае і асэнсоўвае свет, валодае спецыфічнай інтэнцыянальнасцю (здольнасць ствараць свой прадметны свет, напаўняць яго зместам, набываць сэнс і значэнне). Яго філас. ідэі знаходзяць адлюстраванне ў філас. герменеўтыцы, структуралізме, экзістэнцыялізме і інш.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ЛЕР (ад англ. thrill нервовае ўздрыгванне, хваляванне),

асаблівы тып прыгодніцкіх фільмаў, літ. твораў, у якіх спецыфічныя сродкі павінны выклікаць у гледача ці чытача моцныя эмоцыі (трывожнае чаканне, непакой, страх і інш.). Элементы Т. выкарыстоўваюць таксама ў дэтэктывах, «фільмах жахаў», гангстэрскіх і «чорных» фільмах (крымінальныя фільмы, прасякнутыя адчуваннем безвыходнасці, ірацыянальнасці зла). У Т. акцэнт робіцца на псіхал. перажыванні персанажаў, звязаных са злачынствам. Шырока выкарыстоўваецца сюжэтны прыём зацягвання драм. паузы, якая выклікае нервовы непакой, а таксама модныя выразныя сродкі — натуралістычныя падрабязнасці, шумавыя эфекты, спец. муз. афармленне і інш. Адзін з першых гукавых Т. — «М» («Забойца»; 1931, рэж. Ф.​Ланг). Сцвярджэнне Т. ў кіно звязана з творчасцю англа-амер. рэж. А.​Хічкака: фільмы «Жыхар» (1926), «Рэбека» (1940), «Псіхоз» (1960) і інш. Вядомасць набылі таксама Т. «Прабачце, вы памыліліся нумарам» (1948, рэж. А.​Літвак), «Ліфт на эшафот» (1957, рэж. Л.​Маль), «Маўчанне ягнят» (1991, рэж. Дж.​Дэме), «Сем» (1995, рэж. Д.​Фінчэр), «Экзістэнцыя» (1999, рэж. Д.​Кроненберг) і інш.

т. 15, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)