Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЦАЛІ ((Gozzoli) Беноца) (сапр.ды Лезе ды Сандра; di Lese di Sandro; 1420, г. Фларэнцыя, Італія — 1497),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці і Анджэліка. Працаваў у Фларэнцыі, Пізе і інш. гарадах Італіі. У вял. фрэскавых цыклах (сцэны з жыцця св. Аўгусціна ў царкве Сант-Агасціна ў Сан-Джыміньяна, 1463—67; фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі, 1459) спалучаў паэт.-казачную, па сутнасці свецкую трактоўку сюжэтаў і тонкасць жывога назірання з «дывановасцю» кампазіцыі, умоўнасцю прасторавых вырашэнняў, дэкар. маляўнічасцю каларыту.
Літ.:
Padoa Rizzo A. B.Gozzoli pittore fiorentino. Firenze, 1972.
Б.Гоцалі. Фрэска «Шэсце вешчуноў» у капэле палаца Медычы-Рыкардзі ў Фларэнцыі. Фрагмент. 1459.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́Д (франц. parade ад лац. paro літар. рыхтую),
1) урачысты агляд войск, які праводзіцца ў азнаменаванне дзярж. свят, часам пасля заканчэння вучэнняў (манеўраў). Гіст. значэнне мелі П. ў Маскве 7.11.1941 у час Маскоўскай бітвы 1941—42, Парад Перамогі 24.6.1945 і інш. П. войск, а таксама Партызанскі парад 1944 у Мінску.
2) Урачыстае шэсце арг-цый, калектываў (напр., фізкультурны П.).
3) У цырку і тэатры — агульны выхад на сцэну (арэну) усіх удзельнікаў у пачатку ці ў канцы паказу.
4) Свята, урачыстасць; святочнае ўбранне.
Ваенны парад на плошчы Незалежнасці ў Мінску. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРШ (ад франц. marche шэсце, рух наперад) (ваен.), арганізаванае перамяшчэнне войск у паходных калонах на трансп. сродках, баявых машынах або ў пешым парадку, у т. л. на лыжах. Як правіла, праводзіцца скрытна, пераважна ноччу. Пры арганізацыі М. забяспечваюцца: разведка, ахова, абарона ад зброі масавага паражэння, маскіроўка, інжынернае, тэхн. і тылавое забеспячэнне. М. можа праводзіцца на вял. (больш як 1 сутачны пераход) і малыя адлегласці. М.-кідкі — імклівае перамяшчэнне падраздзяленняў на кароткія дыстанцыі — адначасова з’яўляюцца адной з форм фіз. трэніроўкі ваеннаслужачых. Тэрміны «М.-манеўр» і «фарсіраваны М.» выйшлі з ужытку. У сучасных умовах войскі на М. за суткі здольны прайсці: аўтамаб. калоны да 400 км, змешаныя (танкі, аўтамабілі і інш.) — 300 км, пешым парадкам або на лыжах — 30—50 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВА́ВАЯ НЯДЗЕ́ЛЯ»,
дзень расстрэлу 9 (22).1.1905 урадавымі войскамі ў Пецярбургу мірнай маніфестацыі рабочых, якія хацелі перадаць петыцыю цару Мікалаю II. Шэсце арганізавана паводле рашэння «Сходу рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга» на чале з Г.А.Гапонам. Увечары 8 студз. дэпутацыя інтэлігенцыі (у т. л. пісьменнік М.Горкі) звярнулася да старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ, каб папярэдзіць магчымае кровапраліцце. Вітэ накіраваў дэлегацыю да міністра ўнутр. спраў П.Д.Святаполка-Мірскага, які яе не прыняў. Раніцай 9 студз. дзесяткі тысяч рабочых, а таксама старыя, жанчыны і дзеці з абразамі і партрэтамі цара накіраваліся на плошчу перад Зімнім палацам. Паводле загаду пецярбургскага ген.-губернатара вял.кн. Уладзіміра Аляксандравіча войскі (усяго больш за 40 тыс. вайскоўцаў і паліцэйскіх) адкрылі агонь. Было забіта і паранена каля 4,6 тыс. маніфестантаў. «К.н.» стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКЕ́ВІЧ (Багуслаў Казімір) (1625, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1683),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Сын С.І.Маскевіча. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. у 1646—48 у войску І.Вішнявецкага, з якім у 1647 пабываў у Запарожскай Сечы. У 1650 пакінуў вайск. службу. Быў ашмянскім маршалкам. Аўтар двух «Дыярыушаў» на польск. мове. У адным (ахоплівае 1643—49) замалёўкі ўкр. стэпаў, ваен. дзеянняў Вішнявецкага, М.Патоцкага, М.Каліноўскага, Я.Радзівіла супраць Б.Хмяльніцкага на Украіне і Беларусі. Падзеі пададзены з феад.-шляхецкіх пазіцый, хоць аўтар і не заўсёды прыхільна ставіцца да магнатаў. У другім апісана трыумфальнае шэсцерус. ваяводы І.Хаванскага па Беларусі ў пач. 1660 і разгром яго войск 28.6.1660 аб’яднанымі сіламі літ. гетмана П.Сапегі, польск. ваяводы С.Чарнецкага і інш. каля в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.
Літ.:
Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskewiczów. Wrocław. 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,
від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.