Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНАЕ ПАВЕ́ТРА,
гл. Умераных шырот паветра.
т. 12, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІ ПЕРАНО́С ПАВЕ́ТРАНЫХ МАС,
пераважаючы перанос паветра з захаду на ўсход у трапасферы і стратасферы сярэдніх шырот. Абумоўлены мерыдыянальным паніжэннем т-ры і атм. ціску ад субтропікаў (дзе пераважаюць вобласці павышанага атм. ціску) да палярных шырот і адхіляючай дзейнасцю Карыяліса сілы. Зона гэтага пераносу вызначаецца інтэнсіўнай цыкланічнай дзейнасцю. З ім на тэр. Беларусі звязаны адлігі і выпадзенне ападкаў зімой, халоднае дажджлівае надвор’е летам. Гл. таксама Цыркуляцыя атмасферы.
т. 7, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКІЯ ШЫРО́ТЫ,
умоўная назва зоны на паверхні зямнога шара, размешчанай паміж 40° паўн. ш. і той жа шыратой Паўд. паўшар’я; агульная назва трапічных і субтрапічных шырот.
т. 11, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАВУ́ЧЫЯ САРАКАВЫ́Я»,
традыцыйная назва акіянскай прасторы ў 40-х шыротах Паўд. паўшар’я, дзе моцныя і ўстойлівыя зах. вятры і частыя штормы. Гэта тлумачыцца абсалютнай перавагай адкрытых акіянскіх прастораў і адсутнасцю перашкод для вятроў. Тыя ж кліматычныя асаблівасці характэрны і для 50-х шырот Паўд. паўшар’я.
т. 13, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
вымыванне з глебы і перамяшчэнне ў ніжнія гарызонты і грунтавыя воды растваральных рэчываў (хларыдаў, сульфатаў, нітратаў, карбанатаў і інш.). Развіваецца ва ўмовах прамыўнога рэжыму, увільгатнення, калі паступленне вільгаці з атм. ападкамі перавышае расход яе на выпарэнне і транспірацыю расліннасцю (вышчалачаныя чарназёмы і глебы паўн. шырот).
т. 4, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТО́МАВЫ МУЛ,
асадак на дне сучасных акіянаў, мораў і азёр, які складаецца пераважна з апалавых панцыраў дыятомавых водарасцей і іх абломкаў. Найб. пашыраны ў акіянах умераных шырот Паўд. паўшар’я, назіраецца ў выглядзе суцэльнага пояса вакол Антарктыды. У выкапнёвым стане Д.м. пераходзіць у асадкавую горную пароду — дыятаміт.
т. 6, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́РНЫ ФРОНТ,
атмасферны фронт паміж умераных шырот паветрам і трапічным паветрам. Фарміруецца ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях звычайна паміж 30—45° паўн. ш. і паўд. ш. зімой і 40—55° паўн. ш. і ’паўд. ш. летам. Складаецца з некалькіх асобных галін, на якіх развіваецца інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць (гл. Цыклон).
т. 12, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПАСА́ТЫ (ад анты... + пасаты),
заходні перанос паветра ў трапасферы трапічных шырот над слоем усх. вятроў — пасатаў. Развіты на выш. 2—3 км каля тропікаў, да 10 км і больш (бліжэй да экватара). З’яўляюцца перыферыйнай часткай зах. пераносу паветра, які пануе ў верхняй трапасферы і ніжняй стратасферы Паўн. і Паўд. паўшар’яў зямнога шара.
т. 1, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ (ад лац. nivalis снежны, халодны),
нівальна-гляцыяльны клімат, клімат высокіх шырот або высакагор’яў у геамарфалагічнай класіфікацыі (гл. Нівальны пояс). Ва ўмовах Н.к. снегу выпадае больш, чым можа растаць і выпарыцца, што садзейнічае ўтварэнню снежнікаў і ледавікоў. Н.к. уласцівы ледавіковым покрывам Антарктыды, Грэнландыі, некат. інш. палярным і горным раёнам зямнога шара. Тэрмін Н.к. прапанаваны ням. географам А.Пенкам.
т. 11, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)