МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, інтэргляцыял,

адрэзак часу паміж 2 ледавікоўямі ў антрапагенавым перыядзе. Працягласць М. каля 10—30 тыс. гадоў. Пачаткам з’яўляецца канец рэгрэсіўнай фазы папярэдняга ледавікоўя, заканчэннем — пачатак трансгрэсіі наступнага ледавіка. Характарызуецца пацяпленнем клімату, вызваленнем тэрыторый умераных шырот ад ледавіковага покрыва і ў сувязі з гэтым падняццем тэрыторыі (працэсы гляцыяізастазіі, гл. Ізастазія); ажыўленнем эразійных працэсаў, намнажэннем алювіяльных, азёрных і балотных адкладаў, развіццём расліннасці ад хвойных, мяшаных да шыракалістых лясоў (у перыяд кліматычнага оптымуму), а ў канцы М. — зноў хвойных. На тэр. Беларусі вылучаюць 4 М.: белавежскае (самае старажытнае), александроўскае, шклоўскае і муравінскае (гл. адпаведныя артыкулы).

т. 10, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)