Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНІ́Т-ТЭЛЕСКО́П,
астронама-геадэзічная прылада для вымярэння малых рознасцей зенітных адлегласцей зорак з мэтай вызначэння шыраты месца назірання (гл.Шырата геаграфічная). Складаецца з устаноўленага на азімутальнай манціроўцы рэфрактара, у факальнай плоскасці якога знаходзіцца акулярны мікрометр. Труба тэлескопа замацавана на гарыз. восі, вярчэннем вакол якой устанаўліваецца неабходная зенітная адлегласць візірнай лініі інструмента. На процілеглым баку гарыз. восі знаходзяцца процівага і круг для адліку зенітнай адлегласці. Нязменнасць нахілу трубы кантралююць дзвюма высокадакладнымі грунтвагамі. Вымярэнні на З.-т. — найб. дакладныя ў класічнай астраметрыі. Сярэдняя квадратычная хібнасць у вызначэнні шыраты ±0,001".
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЧЫ ПО́ЯС,
сукупнасць геагр. паясоў з найб. высокімі т-рамі паветра. Уключае экватарыяльны пояс, субэкватарыяльныя паясы, трапічныя паясы. Межы гарачага пояса ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях звычайна праводзяць па сярэднегадавых ізатэрмах 20 °C, якія прыкладна супадаюць з 30° паўн. і паўд.шыраты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,
палявая астраномія, раздзел практычнай астраноміі, які для патрэб геадэзіі і картаграфіі распрацоўвае метады вызначэння геагр. каардынат пунктаў і азімутаў ліній на зямной паверхні з дапамогай астр. назіранняў. Многія яе спосабы вызначэнняў шыраты, часу і азімута засн. на вымярэнні зенітных адлегласцей свяціл; даўгата вызначаецца з рознасці паміж знойдзеным мясц. зорным часам і грынвіцкім часам для сярэдняга моманту назіранняў. Пункт на мясцовасці, геагр. каардынаты і азімут напрамку якога на другі пункт знойдзены з дапамогай астр. назіранняў, наз.астр. пунктам. Геадэзічная астраномія займаецца апісаннем і тэорыяй астр. прылад, неабходных пры вызначэнні астр. каардынат пунктаў, распрацоўкай спосабаў вызначэння часу, шыраты, даўгаты і азімута, метадаў астр. вымярэнняў у палявых умовах і апрацоўкі даных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РХГРЭВІНК (Borchgrevink) Карстэнс
(1.12.1864, Осла — 23.4.1934),
нарвежскі падарожнік. У 1894—95 плаваў матросам у антарктычных водах на нарв. кітабойным судне «Антарктык». 24.1.1895 першы ў гісторыі антарктычных даследаванняў высадзіўся на ўзбярэжжы Антарктыды (каля мыса Адэр). У 1898—99 арганізаваў першую зімоўку на мацерыку. Дасягнуў 78°50′ паўд.шыраты. Зрабіў падрабязнае апісанне Ледзянога бар’ера Роса.