працэс, пры якім ядро атамнае дзеліцца на 2 і больш частак (асколкаў) з блізкімі масамі; суправаджаецца вылучэннем γ-квантаў і нейтронаў. Можа адбывацца самаадвольна (спантанна) або пры ўзаемадзеянні ядра з часціцамі і γ-квантамі. Пры Дз.я. урану, плутонію і інш. ствараюцца ўмовы для развіцця ланцуговай ядзернай рэакцыі, якая выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы.
Пачатковая стадыя Дз.я. — павольная змена формы ядра, пры якой утвараецца шыйка, што злучае 2 яшчэ не сфарміраваныя асколкі (час праходжання гэтай стадыі залежыць ад энергіі ўзбуджэння ядра); паступова шыйка патанчаецца і ў некаторы момант часу адбываецца яе разрыў і асколкі разлятаюцца ў процілеглыя бакі. У 1938 ням. вучоныя О.Ган і Ф.Штрасман устанавілі, што пры бамбардзіроўцы урану нейтронамі ўтвараюцца ядры шчолачназямельных элементаў (напр., барыю). Спантаннае Дз.я. адкрыта эксперыментальна Г.М.Флёравым і К.А.Петржакам (1940).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДНЕРЭЛЁЗ,
бактэрыяльны вагіноз, бактэрыяльная хвароба палавых органаў чалавека. Узнікае ў выніку замяшчэння іх нармальнай мікрафлоры анаэробнымі бактэрыямі (напр., гарднерэла, адсюль назва). Перадаецца палавым шляхам. Найчасцей хварэюць жанчыны (паражаюцца похва і шыйка маткі), радзей мужчыны (пашкоджваюцца мочавыдзяляльны канал і прастата); магчыма ўнутрывантробнае інфіцыраванне плода. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Сімптомы: звадкаваныя выдзяленні з похвы і мочавыдзяляльнага канала з непрыемным пахам, сверб і смыленне ў палавых органах. Лячэнне: антыбіётыкі, змазванне слізістых абалонак похвы спец. растворамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДУ́РА (польск. bandura ад грэч. pandura),
украінскі нар. шматструнны (7—40) шчыпковы інструмент тыпу лютнепадобных. Вядома з 15 ст.Наз. таксама кобзай. Мае драўляны выдзеўбаны корпус грушападобнай формы, значна расшыраны злева. Дэка плоская, з круглай ці зоркападобнай рэзанатарнай адтулінай, шыйка кароткая, без ладоў, невял. адагнутая галоўка з завітком. Меладычныя струны («прыстрункі») нацягнуты ўздоўж корпуса і мацуюцца з яго левага боку, басовыя (бунты) — уздоўж грыфа, мацуюцца калкамі на галоўцы (служаць для акампанементу). Гукарад дыятанічны (цяпер часцей храматычны).У 1920-х г. бандура ўдасканалена, павялічылася колькасць струн, утварылася сям’я бандур — прыма, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца ў капэлах бандурыстаў, аркестрах і ансамблях нар. інструментаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МІН-СІБІРА́К (сапр.Мамін) Дзмітрый Наркісавіч
(6.11.1852, г.п. Вісім Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.11.1912),
рускі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў рус. «сацыялагічнага рамана». Вучыўся ў Пермскай духоўнай семінарыі (1868—72), Пецярбургскай мед.-хірургічнай акадэміі (1872—76) і Пецярбургскім ун-це (1876—77). З 1877 жыў на Урале (пераважна ў Екацярынбургу), з 1891 у Пецярбургу і Царскім Сяле. Друкаваўся з 1875. Гал. тэма уральскіх раманаў «Прывалаўскія мільёны» (1883), «Горнае гняздо», «Дзікае шчасце» (пад назвай «Жылка», абодва 1884), «Тры канцы» (1890), «Золата» (1892), «Хлеб» (1895) — улада капіталу над душамі асобных людзей і над лёсамі цэлых сац. пластоў. У рамане «Імяніннік» (1888) стварыў тып «лішняга чалавека» апошняй чвэрці 19 ст. Рамануспамін «Рысы з жыцця Пяпко» (1894) пра жыццё пецярбургскіх рэпарцёраў. Раманы «Веснавыя навальніцы» (1893), «Без назвы» (1894), «Па новым шляху» (1896) і інш. пра рус. інтэлігенцыю. Аповесці «Браты Гардзеевы» (1891), «Ахоніны бровы» (1892) на гіст. тэматыку. Аўтар раманаў «На вуліцы» («Бурны паток», 1886), «Зоркі, якія падаюць» (1899), «Уральскіх апавяданняў» (т. 1—2, 1888—89), п’есы «На залатым дне» («Золатапрамыслоўцы», паст. 1887), па́дарожных нарысаў «Ад Урала да Масквы» (1881—82), успамінаў «З далёкага мінулага» (1902) і інш. Творчасці М.-С. ўласцівы маштабнасць ахопу матэрыялу, драматызм, безылюзорны і шырокі погляд на чалавека, унутрана-напружанае апавяданне, жыццёвая дакладнасць, натуралістычныя падрабязнасці. Пісаў для дзяцей: «Ямеля-паляўнічы» (1884), «Зімоўе на Студзёнай» (1892), «Шэрая шыйка» (1893), «Алёнчыны казкі» (1894—97) і інш. Апрацоўваў легенды казахаў і кіргізаў (зб. «Легенды», 1898). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Я.Маўр, А.Якімовіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТНЯ (польск. lutnia ад араб. дрэва),
струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае выпуклы міндалепадобны корпус з плоскай верхняй дэкай, у якой прарэзана рэзанатарная адтуліна з ажурнай разеткай. Кароткая шырокая шыйка заканчваецца адагнутай назад галоўкай з калкамі для нацягвання струн па баках. Унізе струны замацаваны на падстаўцы, прыклеенай да дэкі. Памеры інструмента і шыйкі, колькасць струн, іх размяшчэнне і настройка гістарычна мяняліся. Гук Л. нагадвае гітарны, здабываецца зашчыпваннем струн пальцамі або плектрам. Л. паходзіць ад уда — найб.стараж. інструмента араба-іранскай культуры. У Еўропе вядома з сярэдніх вякоў. Найб. пашырана ў 15—16 ст. як сольны, акампаніравальны і аркестравы інструмент. Выкарыстоўвалася ў прыдворнай канцэртнай практыцы, выклікала паяўленне шматлікіх віртуозаў-лютністаў і стварэнне багатай муз. л-ры. У 17—18 ст. выцеснена інш.муз. інструментамі. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў прафес. практыцы пры выкананні старадаўняй музыкі. На Беларусі Л. вядома ў 16—18 ст., аб чым сведчаць помнікі л-ры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.