ЛЯЎКО́БРЫУМ (Leucobryum),

род лістасцябловых імхоў сям. ляўкобрыевых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічных абласцях Усх. паўшар’я. На Беларусі ў сырых хвойных і мяшаных лясах трапляецца Л. шызы (L. glaucum). Садзейнічае забалочванню глебы. Гумусаўтваральнік.

Л. шызы ўтварае шчыльныя, падушкападобныя дзярнінкі выш. да 20 см, у верхняй ч. шыза- або белавата-зялёныя. Сцёблы прамастойныя, вілавата-разгалінаваныя, густааблісцелыя. Лісце з яйцападобнай асновы звужана ў трубчастую верхавінку. Каробачка са спорамі падоўжаная, на ножцы. Ва ўмовах Беларусі размнажаецца вегетатыўна.

Ляўкобрыум шызы.

т. 9, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НСКІ БЛАКІ́ТНЫ ТРУС,

парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Аўстрыі ў канцы 19 ст. метадам узнаўленчага скрыжавання жывёл пароды бельгійскі волат з дробнымі блакітна-шэрымі мясц. трусамі. Парода вельмі пашырана ў краінах Еўропы. На Беларусі гадуюць аматары.

Трусы сярэдняй велічыні з падоўжаным тулавам і моцным касцяком, даўж. цела 52—56 см і больш, ахоп грудзей 35—37 см, сярэдняя жывая маса 4,5 кг. Валасяное покрыва нармальнага шэрснага тыпу, бліскучае, з аднароднай шыза-блакітнай афарбоўкай. Шкуркі выкарыстоўваюць для імітацыі пад каштоўнае футра пушных звяроў і ў натуральным выглядзе.

т. 4, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАБРЫ́ЦА (Seseli),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі 3 віды: Ж. аднагадовая (S. annua), Крылова (S. krylovii) і звілістая (S. tortuosum). Растуць у сухіх светлых лясах, хмызняках, на схілах і ўзлесках, як занесеныя — каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем або карэнішчам. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шыза-зялёнае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 2 мерыкарпіямі Лек (мачагонны, гаючы і ветрагонны сродак) і эфіраносныя расліны.

Г.У.Вынаеў.

Жабрыца аднагадовая.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПАРЫ́С (Cupressus),

род голанасенных раслін сям. кіпарысавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмерана цёплай зоне Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Паўн. Афрыцы. Культывуецца 11 відаў у Крыме, Сярэдняй Азіі, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Найб. вядомы К. вечназялёны (C. sempervirens).

Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з пірамідальнай ці разгалістай кронай выш. да 30 м або кусты. Дажываюць да 2000 гадоў. Лісце лускападобнае, шчыльна прыціснутае да парастка, шыза-зялёнае ці блакітнаватае. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. да 3 см. Насенне плоскае, з крыламі. Драўніна пахучая, лёгкая, мяккая, не пашкоджваецца насякомымі. Выкарыстоўваецца для дробных вырабаў. Дэкар. расліны.

І.М.Гарановіч.

Кіпарыс вечназялёны: галінка з мікрастробіламі і шышкай; унізе — шышкі і насенне.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУГЛА́СІЯ, дугласавая піхта,

дугласія Мензіса (Pseudotsuga menziesii),

від голанасенных дрэвавых раслін роду лжэтсуга, або псеўдатсуга, сям. хваёвых. Названа па імю шатл. батаніка Д.Дугласа, які апісаў і інтрадукаваў Д. ў Еўропе. Пашырана на ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША і Канады. На Беларусі інтрадукавана і культывуецца з пач. 20 ст. (1904; Парэцкі парк Пінскага р-на).

Шматгадовазялёнае дрэва з прамым ствалом, выш. да 25 (на радзіме да 100) м і канічнай кронай. Кара тоўстая, буравата-шэрая. Ігліца пляскатая, зялёная або шыза-зялёная. Жаночыя шышкі падоўжаныя, звіслыя, з крыючай луской. Насенне з крыльцамі. Дэкар. расліна, прыдатная для групавых і алейных пасадак, мае шэраг садовых разнавіднасцей і формаў. Расце павольна. Жыве да 500 гадоў. Выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўцы.

Г.У.Вынаеў.

Дугласія Мензіса.

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГНО́ЎКА, вадзяніка, вараніка,

шыкша (Empetrum),

род кветкавых раслін сям. багноўкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодных абласцях Паўн. паўшар’я, у паўд. раёнах Паўд. Амерыкі і на некаторых прылеглых астравах, ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі і ў паўд.-зах. Еўропе. На Беларусі пераважна ў паўн. раёнах трапляецца багноўка чорная (Empetrum nigrum). Расце на вярховых балотах, у забалочаных хваёвых і яловых лясах, утварае зараснікі.

Шматгадовазялёны кусцік выш. 10—20 см з доўгім паўзучым разгалінаваным сцяблом, сцелецца па зямлі, даўж. да 1 м. Лісце дробнае, вузкаэліптычнае. Кветкі дробныя, адзінкавыя, зрэдку па 2—3 у пазухах лісця, ружовыя або цёмна-чырвоныя. Плод — шарападобная шыза-чорная ягадападобная касцянка. Плады ядомыя, кіславатыя, з пурпуровым сокам, маюць вітамін С, андрамедатаксін, фарбавальныя і дубільныя рэчывы. Настой з травы ўжываецца ў нар. медыцыне.

Багноўка чорная.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЗЮ́ЛІН ЛЁН, лугавы лён, палітрыхум (Polytrichum),

род брыевых імхоў сям. палітрыхавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў халодных і ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў З.л.: звычайны (P. commune), ядлоўцавы (P. juniperinum), валасканосны (P. piliferum), прыальпійскі, або сціснуты (P. alpestre), прыгожы (P. formosum), зграбны (P. gracile). Расце ў лясах, на балотах, сырых лугах і інш. Торфаўтваральнік.

Двухдомныя, радзей аднадомныя, шматгадовыя часцей буйныя і цвёрдыя лістасцябловыя расліны, утвараюць рыхлыя дзярнінкі зялёнага, цёмна-, шыза-, жоўта-зялёнага, бураватага колеру. Сцябло выш. да 50 см, прамастойнае. Лісце цвёрдае, з доўгай плеўкавай похвай, ланцэтнае або лінейна-ланцэтнае, з суцэльным ці зубчастым краем, з завостранай верхавінкай. Каробачка са спорамі прызматычная да кубічнай на ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок з густымі і тонкімі валаскамі, якія нагадваюць ільняную пражу (адсюль назва), лёгка ападае.

Зязюлін лён.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)