Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЗУ́, апсу,
паводле шумера-акадскай міфалогіі, сусветны акіян падземных прэсных водаў, які абкружае зямлю, а таксама патаемнае месца, схаванае недзе ў яго глыбіні, куды нават багі не могуць зазірнуць і дзе захоўваюцца таямнічыя сілы, што кіруюць светам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́НЕС,
у шумера-акадскай міфалогіі першачалавек у абліччы паўрыбы-паўчалавека. Паводле Бераса, людзі жылі, як жывёлы, пакуль Аанес не выйшаў з мора і не навучыў жыхароў Вавілоніі пісьму, навукам, буд-ву гарадоў і храмаў, земляробству і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АН (шумер. «неба»),
Анум, Ану (акад.), у шумера-акадскай міфалогіі бог неба, адно з цэнтральных божастваў. Ан стварае сямёрку злосных дэманаў утуку і пасылае іх супраць бога месяца, каб зацямніць яго. Існуе жаночая паралель Ана — Антум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́Д, Аду,
у шумера-акадскай міфалогіі бог грому, навальніцы, ветру. Увасабляе і згубныя і пладаносныя сілы прыроды. Маляваўся з молатам у адной руцэ і пуком маланак у другой. Эмблемай Адада звычайна быў двухзубец ці трызубец маланкі. У іканаграфіі з вобразам Адада звязваецца бык як сімвал урадлівасці і неўтаймоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Міхаіл Васілевіч) (1848—15.7.1917),
расійскі гісторык-усходазнавец (семітолаг, шумеролаг і урартазнавец), заснавальнік асірыялогіі ў Расіі. Бацька М.М.Нікольскага. Д-р усеаг. гісторыі (1908). Арганізатар (1887) Усх. камісіі пры Імператарскім маскоўскім археал. т-ве. У 1893 з А.А.Іваноўскім узначальваў археал. экспедыцыю ў Закаўказзе, дзе зрабіў копіі многіх урарцкіх надпісаў 8—7 ст. да н.э. Даў пачатак вывучэнню паходжання клінапіснага пісьма, упершыню выдаў клінапісныя надпісы, знойдзеныя ў Расіі. Выдадзеныя ім гасп. дакументы Шумера 3-га тыс. да н.э. (каля 900 гліняных таблічак) — каштоўная крыніца для вывучэння эканам. і сац. ладу стараж. Двухрэчча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ПА (Brassica гара),
кветкавая расліна сям. крыжакветных. 5 падвідаў. На Пд Еўропы і ў Зах. Азіі як пустазелле пашырана Р. дзікая. У Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы як агароднінная культура вырошчваецца Р. еўрапейская, або культурная, вядомая народам стараж.Шумера, Вавілона і Асірыі. На Беларусі — з 11 ст ; да паяўлення бульбы была адной з асн.харч. культур. Культывуюцца сталовыя (Майская белая, Міланская, Пятроўская 1 і інш.) і кармавыя (турнэпс) сарты.
Двухгадовая травяністая расліна з белым, жаўтаватым ці фіялетавым караняплодам. У год пасеву развівае разетку буйнога лірападобна рассечанага лісця і караняплод, на другі — кветаносныя парасткі. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронкападобных суквеццях. Плод — стручок. Караняплоды маюць цукар (3,8—6,4%), аскарбінавую к-ту (21—35%), вітаміны групы В, калій. Іх спажываюць свежымі, варанымі, смажанымі. Бацвінне ідзе на корм жывёле Харч., лек., кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́Д (Akkad),
Агадэ, стараж. горад (пазней і вобласць) на ПнМесапатаміі, на ПдЗ ад сучаснага Багдада (дакладнае месца невядома). Адзін з найстараж. цэнтраў семітычнага насельніцтва Вавілоніі. У 24—22 ст. да н.э. сталіца дзяржавы Саргана Стараж. (Акадскага), куды ўваходзілі Месапатамія і Элам. Каля 2200 да н.э. разгромлены гуціямі, страціў сваё значэнне.
Мастацтва Акада пераняло і развівала маст. традыцыі Шумера. Аднак помнікі мастацтва Акада (24—22 ст. да н.э.) адметныя большай разнастайнасцю тэм (фальклорныя, міфалагічныя сюжэты ў гліптыцы) і кампазіцый. Тыповымі з’яўляюцца мнагапланавыя аб’ёмныя рэльефы з экспрэсіўнай перадачай руху, элементамі пейзажу. Нешматлікія помнікі мастацтва Акада, што захаваліся, адносяцца да 23 ст. да н.э. (каменныя стэлы цароў Саргана і Нарамсіна з плоскарэльефнымі ваеннымі сцэнамі, бронзавая галава правіцеля з Ніневіі, цыліндрычныя пячаткі са сцэнамі палявання). Рэшткі палацавага комплексу Эшнуны (сучасны Тэль-Асмар) сведчаць аб высокім узроўні буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),
тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.Л.Шлёцэрам і І.Г.Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл.Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.Усходу ў стараж.час.Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). У пач 1-га тыс.н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў выніку арабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял.тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).