Шумера-акадская дзяржава 7/146

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БА́У, Баба,

у шумера-акадскай міфалогіі багіня горада Лагаша, бажаство ўрадлівасці, радзей багіня лячэння. Бау — дачка бога неба Ана; яе эпітэт «маці Бау».

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЗУ́, апсу,

паводле шумера-акадскай міфалогіі, сусветны акіян падземных прэсных водаў, які абкружае зямлю, а таксама патаемнае месца, схаванае недзе ў яго глыбіні, куды нават багі не могуць зазірнуць і дзе захоўваюцца таямнічыя сілы, што кіруюць светам.

т. 1, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АА́НЕС,

у шумера-акадскай міфалогіі першачалавек у абліччы паўрыбы-паўчалавека. Паводле Бераса, людзі жылі, як жывёлы, пакуль Аанес не выйшаў з мора і не навучыў жыхароў Вавілоніі пісьму, навукам, буд-ву гарадоў і храмаў, земляробству і інш.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АН (шумер. «неба»),

Анум, Ану (акад.), у шумера-акадскай міфалогіі бог неба, адно з цэнтральных божастваў. Ан стварае сямёрку злосных дэманаў утуку і пасылае іх супраць бога месяца, каб зацямніць яго. Існуе жаночая паралель Ана — Антум.

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́Д, Аду,

у шумера-акадскай міфалогіі бог грому, навальніцы, ветру. Увасабляе і згубныя і пладаносныя сілы прыроды. Маляваўся з молатам у адной руцэ і пуком маланак у другой. Эмблемай Адада звычайна быў двухзубец ці трызубец маланкі. У іканаграфіі з вобразам Адада звязваецца бык як сімвал урадлівасці і неўтаймоўнасці.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬСКІ (Міхаіл Васілевіч) (1848—15.7.1917),

расійскі гісторык-усходазнавец (семітолаг, шумеролаг і урартазнавец), заснавальнік асірыялогіі ў Расіі. Бацька М.М.Нікольскага. Д-р усеаг. гісторыі (1908). Арганізатар (1887) Усх. камісіі пры Імператарскім маскоўскім археал. т-ве. У 1893 з А.​А.​Іваноўскім узначальваў археал. экспедыцыю ў Закаўказзе, дзе зрабіў копіі многіх урарцкіх надпісаў 8—7 ст. да н.э. Даў пачатак вывучэнню паходжання клінапіснага пісьма, упершыню выдаў клінапісныя надпісы, знойдзеныя ў Расіі. Выдадзеныя ім гасп. дакументы Шумера 3-га тыс. да н.э. (каля 900 гліняных таблічак) — каштоўная крыніца для вывучэння эканам. і сац. ладу стараж. Двухрэчча.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ПА (Brassica гара),

кветкавая расліна сям. крыжакветных. 5 падвідаў. На Пд Еўропы і ў Зах. Азіі як пустазелле пашырана Р. дзікая. У Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы як агароднінная культура вырошчваецца Р. еўрапейская, або культурная, вядомая народам стараж. Шумера, Вавілона і Асірыі. На Беларусі — з 11 ст ; да паяўлення бульбы была адной з асн. харч. культур. Культывуюцца сталовыя (Майская белая, Міланская, Пятроўская 1 і інш.) і кармавыя (турнэпс) сарты.

Двухгадовая травяністая расліна з белым, жаўтаватым ці фіялетавым караняплодам. У год пасеву развівае разетку буйнога лірападобна рассечанага лісця і караняплод, на другі — кветаносныя парасткі. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронкападобных суквеццях. Плод — стручок. Караняплоды маюць цукар (3,8—6,4%), аскарбінавую к-ту (21—35%), вітаміны групы В, калій. Іх спажываюць свежымі, варанымі, смажанымі. Бацвінне ідзе на корм жывёле Харч., лек., кармавая расліна.

В.М Прохараў.

Сарты рэпы: 1 — Пятроўская; 2 — Карэльская; 3 — Міланская.

т. 14, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКА́Д (Akkad),

Агадэ, стараж. горад (пазней і вобласць) на Пн Месапатаміі, на ПдЗ ад сучаснага Багдада (дакладнае месца невядома). Адзін з найстараж. цэнтраў семітычнага насельніцтва Вавілоніі. У 24—22 ст. да н.э. сталіца дзяржавы Саргана Стараж. (Акадскага), куды ўваходзілі Месапатамія і Элам. Каля 2200 да н.э. разгромлены гуціямі, страціў сваё значэнне.

Мастацтва Акада пераняло і развівала маст. традыцыі Шумера. Аднак помнікі мастацтва Акада (24—22 ст. да н.э.) адметныя большай разнастайнасцю тэм (фальклорныя, міфалагічныя сюжэты ў гліптыцы) і кампазіцый. Тыповымі з’яўляюцца мнагапланавыя аб’ёмныя рэльефы з экспрэсіўнай перадачай руху, элементамі пейзажу. Нешматлікія помнікі мастацтва Акада, што захаваліся, адносяцца да 23 ст. да н.э. (каменныя стэлы цароў Саргана і Нарамсіна з плоскарэльефнымі ваеннымі сцэнамі, бронзавая галава правіцеля з Ніневіі, цыліндрычныя пячаткі са сцэнамі палявання). Рэшткі палацавага комплексу Эшнуны (сучасны Тэль-Асмар) сведчаць аб высокім узроўні буд-ва.

Да арт. Акад. Стэла цара Нарамсіна. 23 ст. да н.э.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІ́ТЫ (ад Сім, грэч. Sēm, стараж.-яўр. Шэм, імя аднаго з біблейскіх прабацькоў),

тэрмін, які ўжываецца да народаў, што гавораць на семіцкіх мовах; уведзены ў навук. ўжытак у 1780 ням. вучонымі А.​Л.​Шлёцэрам і І.​Г.​Айхгарнам. Паводле найб. распаўсюджанай думкі радзіма С. — Аравійскі п-аў, адкуль адбылося рассяленне семіцкіх плямён. На мяжы 4—3-га тыс. да н.э. адасобіліся групы зах. і ўсх. семітаў. Усх. С. ў пач. 3-га тыс. да н.э. трапілі ў Міжрэчча (гл. Месапатамія), дзе ў сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. стварылі дзяржаву Акад, а да пач. 2-га тыс. да н.э. асімілявалі стараж. насельніцтва Шумера. У далейшым гісторыя гэтай групы С. цесна звязана з гісторыяй Вавілоніі і Асірыі. Зах. група С. засяліла Сірыю і Палесціну, у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. яна стварыла на Пн Сірыі дзяржаву Эбла. Пазней з іх вылучыліся амарыты, хананеі, фінікійцы, яўрэі і арамеі; мова апошніх паступова стала найб. пашыранай семіцкай мовай Б.​Усходу ў стараж. час. Паўд. С. стварылі ў 2—1-м тыс. да н.э. своеасаблівую цывілізацыю на Пд Аравіі (дзяржавы Маін, Сабейскае царства, Катабан, Хім’ярыцкае царства і інш.). У пач 1-га тыс. н.э. сфарміравалася агульная супольнасць арабаў, якія ў выніку арабскіх заваяванняў (7—9 ст.) рассяліліся на вял. тэр. ў Азіі і Афрыцы, асімілявалі семіцкія і некат. інш. народы. У 1-м тыс. да н.э. С. з Аравіі трапілі ў Эфіопію. Цяпер да С. адносяць арабаў, яўрэяў, мальтыйцаў, асірыйцаў, народы Эфіопіі (амхара, тыгрэ і інш.).

т. 14, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)