БЕШАНКО́ВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Вядомая са стараж. часоў. У 1930-я г. працавала каля 30 майстроў«паліўнікаў», якія выраблялі паліваны посуд (гаршкі, гарлачы, збаны, слоі, міскі, глякі, цукарніцы і інш.). Бешанковіцкая кераміка вылучалася простымі геам. формамі, светла-чырвоным колерам, амаль поўнай адсутнасцю дэкору (зрэдку ўжываўся геам. штамп), разнастайнымі памерамі, у залежнасці ад якіх вырабы мелі розныя назвы: 10-літровы гаршчок называўся «штука», 5-літровы — «пугар», 2,5-літровы — «пяцярык», літровы — «семярык» і г.д. 100 «штук» складалі камплект. Была пашырана вытв-сць цацак. У 1934 створана арцель, пазней — прамкамбінат (існаваў да 1945). У 1950—70-я г. промыслам займаліся асобныя майстры, сярод якіх А.​С.​Бельскі, Т.​Дз.​Балтовіч.

У.​В.​Угрыновіч.

Бешанковіцкая кераміка 1930-я г.

т. 3, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.

Я.​М.​Сахута.

Дзісенская кераміка.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ДНЫ (Дзям’ян) (сапр. Прыдвораў Яфім Аляксеевіч; 13.4.1883, в. Губаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 25.5.1945),

рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1904—08). Першы зб. «Байкі» (1913). Вершы, песні, байкі, вершаваныя аповесці і фельетоны ў зб. «Дзіва дзіўнае і іншыя казкі» (1916), «Кожны Ерамей пра сябе разумей», «Праўда і няпраўда» (абодва 1917) і інш. Аўтар героіка-сатыр. эпапеі «Пра зямлю, пра волю, пра рабочую долю» (1917), паэм «Запаветная зямля» (1920), «Галоўная вуліца» (1922). У грамадз. вайну папулярныя былі яго песні («Праводзіны»), сатыр. творы («Маніфест барона фон Урангеля»), жартоўныя вершы («Танька-Ванька»). У 1920 некаторыя творы ўпершыню надрукаваны ў бел. газ. «Звязда» («Нашым братам — польскім сялянам», «Вялікая штука — навука», «Пан Кміта» і інш.). Творчасць Беднага блізкая да фальклору, многія радкі з вершаў сталі прыказкамі. На бел. мову творы Беднага перакладалі А.​Александровіч, А.​Дзяркач, А.​Астрэйка, Ю.​Свірка, Э.​Валасевіч і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЮ (франц. nu аголены),

акт, жанр выяўл. мастацтва і фатаграфіі, прысвечаны адлюстраванню аголенага цела (пераважна жаночага); частка эратычнага мастацтва. На яго развіццё, змест і форму значна ўплывае рэліг., філас. і маст. культура грамадства на пэўных гіст. этапах.

Вытокі Н. ў наскальных малюнках, культавых сімвалах, рэльефах і пластыцы першабытнага мастацтва, у мастацтве Стараж. Егіпта, Крыта, Вавілона, Фінікіі, Індыі і інш. Увасабленнем эстэт. нормы, жыццёвага і маст. ідэалу стаў у ант. скульптуры, жывапісе і вазапісе. У эпоху сярэднявечча адлюстраванне аголенага цела пашырылася ў міфалагічных сцэнах у мастацтве Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі; у Еўропе было абмежавана нешматлікімі сюжэтамі хрысціянскай іканаграфіі («Адам і Ева», «Страшны суд», выявы параненага цела Хрыста). У эпоху Адраджэння ў межах міфалагічнага і алегарычнага жанраў праз аголенасць увасабляліся ідэальныя, паэтызаваныя, філас. ўяўленні аб прыгажосці і гарманічнасці чалавека (С.​Батычэлі, Джарджоне, А.​Карачы, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, Я. ван Эйк у Галандыі, А.​Дзюрэр у Германіі і інш.). Як жанр Н. сфарміраваўся ў 17—18 ст. у творах мастакоў барока (Д.​Веласкес у Іспаніі, Я.​Іорданс, П.​П.​Рубенс у Фландрыі, Рэмбрант у Галандыі і інш.) і ракако (Ф.​Бушэ, Ш.​Даменік, Ж.​М.​Маро Малодшы, Ж.​Эйзен у Францыі і інш.). Адлюстраванне аголенага цела набыло характар самаст. задачы, зацвердзілася як вывучэнне натуры і адна з асноўных форм маст. педагогікі. У акад. мастацтве 19 ст. зацвердзіліся нормы ідэалізацыі, заснаванай на ўспрыняцці рэальнай натуры праз прызму класічнага мастацтва. Паралельна развіваліся тып Н. салоннага мастацтва (увасабляў пачуццёвасць, але недаступнасць і нерэальнасць прыгажосці жаночага цела) і яго рэаліст. варыянт (аблічча рэальнай, свабоднай жанчыны). У 19 — пач. 20 ст. рысы Н. найб. яскрава выявіліся ў творах А.​Бугро, П.​Гагена, Э.​Далакруа, А.​Кабанеля, Э.​Кар’ера, Г.​Курбэ, А.​Маёля, Э.​Манэ, А.​Рэнуара, Ж.​А.​Энгра ў Франпыі, Б.​Генелі, Ю.​Шнора фон Каральсфельда, Ф. фон Штука ў Германіі, Ф.​Гоі ў Іспаніі, К.​Брулова, Б.​Кустодзіева, У.​Лебедэева, З.​Серабраковай, К.​Сомава, В.​Сярова ў Расіі і інш. У 20 ст. жанр пашырыўся ва ўсіх кірунках фігуратыўнага мастацтва і атрымаў вял. свабоду эмац. выражэння — ад яго класічнага гарманічнага тыпу да выяўлення трагізму светаўспрымання. У Н. працавалі М.​Брыяшон, А.​Мадыльяні, А.​Масон, А.​Матыс, П.​Пікасо, А.​Радэн у Францыі, Г.​Клімг у Аўстрыі, Г.​Альтэнбург, Э.​Л.​Кірхнер, О.​Мюлер, Л. фон Гофман, Г.​Цыле ў Германіі, П.​Дэльво, Р.​Магрыг у Бельгіі, Л.​Фрэйд у Вялікабрытаніі, У.​Башлыкоў, Г.​Глахцееў, І.​Лубенікаў, Дз.​Мітрохін, А.​Слепьппаў, І.​Яфімаў у Расіі і інш. У 20 ст. пашырыўся таксама ў фотамастацтве, часта пад назвай «акт» (Р.​Мэплтарп, Х.​Рытц, Л.​Фрыдляндэр у ЗША, Вольс у Германіі, Э.​М’юбрыдж у Вялікабрытаніі, У.​Рывас у Іспаніі, А.​Р.​Мінкінен у Фінляндыі, Ю.​Аракчэеў у Расіі і інш.).

На Беларусі скульпт. выявы аголеных жанчын вядомы з эпохі палеаліту. Да 20 ст. як жанр практычна не развіваўся, пачаў складвацца ў 2-й пал. 20 ст. Найб. выразна Н. прадстаўлена ў творах В.​Альшэўскага, Ю.​Анушкі, В.​Борздага, Р.​Вашкевіча, В.​Герасімава, М.​Дундзіна, П.​Жураўлёва, Р.​Заслонава, В.​Захарынскага, А.​Ксяндзова, С.​Малішэўскага, Ю.​Падоліна, С.​Рымашэўскага, А.​Сушкова, У.​Тоўсціка, Л.​Хобатава, Л.​Шчамялёва, А.​Эротыча (Тарановіча) і інш., у фотамастацтве — А.​Адамчык, В.​Ганчарэнкі, Ц.​Грыба, А.​Дудкіна, А.​Ільіна, Р.​Ліўшыца, З.​Мігуновай, У.​Парфянка, А.​Шчукіна і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Да арт. Ню. Ф.​Гоя. Маха аголеная. Каля 1802.
Да арт. Ню. А.​Радэн. Даная. 1885.
Да арт. Ню. Р.​Магрыт. Прыгожы карабель. 1946.
В.​Захарынскі. Ню. 1994.
У.​Тоўсцік. Ню. 1997.
Да арт. Ню. А.​Ксяндзоў. Nu. 1997.

т. 11, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)