Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАФІЛАКСІ́Я

(ад ана... + грэч. phylaxis ахова),

від алергічнай рэакцыі неадкладнага тыпу, якая развіваецца адразу пры паўторным парэнтэральным (не праз страўнікава-кішачны тракт) пападанні ў арганізм некаторых алергенаў. Найб. выразнае агульнае праяўленне — анафілактычны шок, мясцовыя — запаленне, ацёк, часам некроз тканкі. Анафілаксія можа быць і пры ўжыванні некаторых лек. прэпаратаў, укусах пчол, восаў, чмялёў, ад расліннага пылку. Гл. таксама Алергічныя хваробы, Алергія.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ,

алергозы, група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл. Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).

Літ.:

Соколова Т. С., Рошаль Н.И. Аллергические заболевания. Л., 1990;

Пыцкий В.И., Адрианова Н.В., Артомасова А.В. Аллергические заболевания. 2 изд. М., 1991.

М.Ф.Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУ́К Уладзімір Вікенцьевіч

(26.6.1897, в. Навасёлкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 20.9.1977),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. Беларусі (1948). Скончыў Казанскі ун-т (1923). З 1937 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па эксперым. і клінічным лячэнні траўматычнага шоку і крывацёку, хірург. лячэнні астэаміэліту, спантаннай гангрэны. Распрацаваў метады лячэння вострай прамянёвай хваробы, апендыкулятарньіх інфільтратаў, апёкаў, сепсісу.

Тв.:

Травматический шок и острые кровопотери. Мн., 1953;

Оперативная хирургия. Мн., 1962.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНО́ТА,

адзіноцтва, адзін з псіхагенных фактараў, сац.-псіхал. стан ізаляцыі чалавека ад інш. людзей. Выклікаецца геагр. (тэрытарыяльнай), сац., турэмнай, псіхал. ізаляцыяй. Адзіноце спадарожнічаюць вострыя, часцей негатыўныя эмацыянальныя перажыванні, стрэсавая сітуацыя, псіхал. шок. Фізічна адзінокі індывід, звязаны з нейкімі ідэямі, маральнымі каштоўнасцямі і інш., адчувае прыналежнасць да пэўнай сац. групы, грамадства і г.д. Разам з тым індывід можа жыць сярод людзей, але адчуваць поўную ізаляванасць; такі стан — аснова для ўзнікнення шызафрэнічнага стрэсу. Адсутнасць сувязяў з духоўнымі каштоўнасцямі, нормамі, сімваламі выступае як маральная адзінота, з сац. наваколлем — сацыяльная. Фізічная адзінота ўзмацняецца, калі ёй спадарожнічае маральная ці псіхалагічная. Маральная адзінота становіцца адметнай рысай грамадства, у якім разбураецца таталітарны калектывізм і людзі атрымліваюць свабоду самавызначэння, не маючы для гэтага ні імкнення, ні звычак. Аднак побач з адзінотай, якая носіць негатыўны характар, існуе і адзінота, якая лечыць, дапамагае асобе больш поўна раскрыць свае здольнасці, талент, своеасаблівасць.

Літ.:

Швалб Ю.М.,Данчева О.В. Одиночество. Киев, 1991;

Фромм Э. Бегство от свободы: Пер. с англ. М., 1990.

Я.М.Бабосаў.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)