КАСАБЛА́НКА (араб. Дар-эль-Бейда, літар. — белы дом),

горад на З Марока. Адм. ц. прэфектуры Касабланка. Засн. ў 16 ст. 3,1 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Атлантычным ак. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр Марока. Прам-сць: металаапр., маш.-буд. (у т. л. аўтазборка і суднабудаванне), харчасмакавая (у т. л. рыбакансервавая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, хім., паліграфічная. Ун-т. Штогадовыя міжнар. кірмашы.

Вакол старога горада — медыны (16 ст.; магчыма, на месцы стараж. г. Анфа; часткова захаваліся сцены), што прымыкае да порта (докі, 1916, франц. арх. А.Перэ), паўкругам разросся сучасны горад з няправільнай сеткай вуліц, вял. плошчамі, шматпавярховымі жылымі, канторскімі, культавымі будынкамі, у т. л. царква Сакрэ-Кёр (1930—52, арх. П.Турнон, П.Буске), палацавы будынак Махакма-пашы (1941—52, арх. П.Кадэт; аналагічны ісп.-маўрытанскаму палацу Альгамбра), «Лібертэ» (1950, арх. Л.Марандзі; выш. 78 м). На гал. плошчы ансамбль ратушы, Палаца суда, т-ра, паштамта, агляднай вежы з гадзіннікам, фантан колерамузыкі. На ўскраіне кварталы 1-павярховай традыц. забудовы з унутр. замкнёнымі дварамі, рынкамі, мячэцямі (Новая медына, Айн-Шок). На ПдЗ — раён віл, пляжаў, на ПнУпрамысл. зона.

т. 8, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)