ЛІ́НІЯ (ад лац. linea льняная нітка, шнурок),

старажытная мера (адзінка) даўжыні, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. У розныя часы ў розных краінах мела рознае лікавае значэнне. На Беларусі і ў Расіі ў 18 — пач. 20 ст. 1 Л. = 0,1 цалі = 2,54 мм. У Л. вымяралі калібр стралковай зброі (адсюль «трохлінейная вінтоўка»), памер шкла для газавых лямпаў. У сістэме англ. мер 1 Л. = 1/12 цалі = 2,117 мм. У гадзіннікавай прамысловасці многіх краін да нашага часу выкарыстоўваецца швейц. Л., роўная 2,0833 мм.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛА (ад лац. bulla шарык),

1) у сярэднявеччы віслая металічная (са свінцу, серабра, золата) пячатка, якая змацоўвала папскі, імператарскі, каралеўскі, княжацкі дакумент, а таксама назва адпаведнага дакумента. Назва паходзіць ад металічных шарыкаў, праз якія працягваўся шнурок і на якіх адціскаўся адбітак спец. шчыпцамі — булаторыямі. У Рыме булы з’явіліся ў канцы 4 ст. З канца 10 ст. вядомы на Русі. Свінцовыя булы і тыпалагічна блізкія да іх пломбы 12 ст. знойдзены ў Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне, Мінску, Тураве і інш. Пячаткі тыпу булы полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча і Ефрасінні Полацкай выяўлены ў Ноўгарадзе.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)