Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БКА ПЕРАДА́Ч, каробка скарасцей,
механізм, з дапамогай якога рэгулююць частату вярчэння выхаднога вала ў сілавых перадачах трансп. машын, станкоў і інш. Размяшчаецца ў асобным корпусе (каробцы) ці ў агульным з інш. механізмамі. Бывае бесступеньчатая (варыятар), ступеньчатая (мае зубчастыя перадачы) і камбінаваная. Канструкцыя залежыць ад прызначэння К.п., спосабу пераключэння перадач і тэхн. характарыстык машыны ці станка. К.п., прызначаная для змены падачы (перамяшчэння інструменту адносна апрацаванай загатоўкі) у металарэзных, дрэваапрацоўчых і каменярэзных станках, наз. каробкай падач.
В.А.Сяргеенка.
Схема трохступеньчатай каробкі перадач: 1 — вядучы вал; 2 — вядучая шасцярня пастаяннага зачаплення; 3 — кулачковая муфта; 4 — шасцярня 2-й перадачы; 5 — шасцярня 1-й перадачы і задняга ходу; 6 — выхадны вал; 7 — прамежкавая шасцярня задняга ходу; 8, 9, 10 — вядучыя шасцерні задняга ходу, 1-й і 2-й перадач; 11 — прамежкавы вал; 12 — выхадная шасцярня пастаяннага зачаплення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТАРНАЯ МАШЫ́НА,
машына, рабочым органам якой з’яўляецца ротар. Да Р.м. належаць ротарныя рухавікі, помпы, землярыйныя машыны, снегаачышчальнікі і інш. Комплекс машын (ротараў), у якім загатоўкі, што апрацоўваюцца, рухаюцца па дугах акружнасці разам з рабочым інструментам, наз.аўтам. ротарнай лініяй.
У ротарнага рухавіка энергія згараючых газаў пераўтвараецца ў мех. з дапамогай трохграннага ротара, які верціцца ў цыліндры (статары) спец. профілю. Паміж паверхнямі ротара і статара ўтвараюцца камеры, аб’ём якіх перыядычна змяняецца пры вярчэнні ротара. Выкарыстоўваецца ротарна-поршневы рухавік Ф.Ванкеля (сканструяваны ў 1957), у якім грані ротара адсякаюць пераменныя аб’ёмы камер, дзе адбываюцца звычайныя для поршневых рухавікоў працэсы. Устанаўліваецца на аўтамабілях, лодках, верталётах і інш. Ротарная помпа — аб’ёмная, з вярчальным або вярчальным і зваротна паступальным рухам рабочых органаў (гл.Помпа). Выкарыстоўваецца пераважна для падачы вязкіх вадкасцей без цвёрдых дамешкаў. Ротарная землярыйная машына — многакаўшовы экскаватар, рабочы орган якога (кола або ротар) аснашчаны па акружнасці каўшамі са зменнымі зубамі. Выкарыстоўваецца для выемкі мяккіх парод у вугальных і рудных кар’ерах, для капання траншэй. Ротарнымі бываюць таксама каналакапальнікі і інш.меліярацыйныя машыны. Ротарныя снегаачышчальнікі выкарыстоўваюцца для ачысткі чыг. пуці (робяцца на чыг. колавым хаду) і аўтадарог (на аўтамабілях або спец. шасі; гл.Снегаўборачныя машыны).
У.М.Сацута.
Ротарныя машыны: а — ротарна-поршневы рухавік Ванкеля (1 — ротар, 2 — вал, 3 — вадзяное ахаладжэнне, 4 — корпус, 5 — свечка запальвання, 6 — шасцярня, 7 — зубчастае кола; I — упуск, II — сцісканне, III — расшырэнне, IV — выпуск); б — аўтаматычная ротарная лінія (1 — рабочы ротар, 2 — лінія перамяшчэння вырабу пры апрацоўцы, 3 — клешчы, 4 — транспартны ротар, 5 — блок інструментаў, 6 — капір).