Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАК,
традыцыйная рыбалоўная снасць у беларусаў; сеткавы мяшок, прымацаваны ў ніжніх частках да двух шастоў (дзядоў). Для лепшага затаплення да мяшка прывязвалі камень. У час лоўлі мяшок адкрытай часткай быў накіраваны ў напрамку цячэння. Аб злоўленай рыбе даведваліся па паторгванні шнуроў (старажоў), што мацаваліся да верхняй плоскасці мяшка і ўтрымлівалі яго ў адкрытым стане. Лавілі волак з дзвюх лодак. Выкарыстоўвалі волак і без шастоў (на Дняпры); мяшок цягнулі за лодкамі на вяроўках. Вядомы на ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́Ў,
у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада, прызначаная для лоўлі рыбы, якая сплывае на прадвесні па цячэнні. Меў выгляд сеткавага мяшка, прымацаванага да 2 шастоў (вузмукаў), якія кольцамі злучаліся з доўгімі тоўстымі каламі (жорасцямі) так, што маглі свабодна рухацца па вертыкалі ўздоўж іх. Каб рыба не магла выйсці з мяшка, унутры яго (пры ўваходзе) прывязвалася сеткавая перагародка (падпона). П. устанаўліваўся ў палонцы пры дапамозе жорасцяў, якія ўбіваліся ў дно вадаёма, а верхнія канцы абапіраліся на лёд. У рабочым стане ніжняя частка мяшка прыціскалася вузмукамі да дна, а верхняя падтрымлівалася вяроўкамі. Ад мяшка адыходзіла некалькі шнуроў (старажоў), паторгванне якіх сведчыла, што ў сетцы ёсць рыба.