Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЕР ((Miller) Генры Валенштайн) (26.12.1891, Нью-Йорк — 7.6.1980),
амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Сіці-каледжы (1909). Дэбютаваў у 1922. Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Тропік Рака» (1934, экранізацыя 1970). Раманы «Чорная вясна» (1936), «Тропік Казярога» (1939), трылогія «Дабратворны крыж» («Сексус», «Плексус», «Нексус», 1949—60) адметныя ўвагай да інтымна-прыватнага, «начнога» боку чалавечага жыцця; эротыка ў іх узнята на гратэскава-міфалагічны ўзровень, мае абагульнена-сімвалічны характар. Паэтыка М. спалучае ў сабе натуралізм, шарж, экстравагантнасць з глыбокім лірызмам і філасафічнасцю. Аўтар аўтабіягр.кн. «Маё жыццё і мая эпоха» (1971), кніг апавяданняў, эсэ, публіцыстыкі, п’ес, вершаў у прозе. Пра жыццё і творчасць М. зняты кінафільмы «Адысея Генры Мілера» (1969), «Генры і Джун» (1990). На бел. мову частку яго эсэ «Час забойцаў» пераклаў Дз.Серабракоў.
Тв.:
Бел.пер. — «Час забойцаў» // Крыніца. 1999. № 1;
Рус.пер. — Избранное. Вильнюс;
М., 1995;
Роза Распятая: Трилогия: Сексус. Плексус. Нексус. Т. 1—2. М., 1999.
Літ.:
Алякринский О. Абеляр из Бруклина: Жизнь и книги Генри Миллера // Всемир. лит. 1997. № 9;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТЫ́РА (лац. satira ад больш ранняга satura сумесь),
вострае, знішчальнае асмяянне грамадскіх з’яў, выкрыццё заган; эмацыянальна-эстэт. форма крытыкі; від камічнага. Адрозніваецца ад гумару асуджальным пафасам, рэзка негатыўнай ацэнкай аб’екта асмяяння. Характарызуецца паліт. злабадзённасцю, тэндэнцыйнасцю, публіцыстычнай накіраванасцю. Рэалізуецца ў розных відах мастацтва: выяўл. (карыкатура, шарж), т-ры і кіно (сатыр.камедыя) і інш., найб. пашырана ў л-ры. У Стараж. Рыме С. наз. асобны жанр лірыкі, у якім выкрываліся паліт., грамадскія і літ. з’явы (Гарацый, Ювенал). Пазней паняцце «С.» пашырылася на творы інш. жанраў. Асн. жанры С.: эпіграма (Марцыял, Г.Лесінг, Р.Бёрнс, А.С.Пушкін), сатыр. камедыя (Арыстафан, Мальер, Б.Брэхт, А.С.Грыбаедаў), памфлет (Эразм Ратэрдамскі, Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Вальтэр), фельетон (Г.Гейнэ, М.Булгакаў, М.Зошчанка). С. як эстэт. катэгорыю ўпершыню разглядаў Ф.Шылер, які разумеў пад гэтым паняццем усе праявы камічнага. Размежаванне С. і гумару як процілеглых відаў камічнага вызначалася ў эстэтыцы рамантызму (Жан Поль). Г.Гегель адмаўляў маст. вартасць С. У сав. эстэтыцы і літаратуразнаўстве С. як грамадска актыўная праява камічнага лічылася яго найвышэйшай формай (Ю.Б.Бораў, А.З.Вуліс, Дз.П.Нікалаеў, Я.Я.Эльсберг). М.М.Бахцін лічыў С. літ. з’явай Новага часу, не ўласцівай літаратуры папярэдніх эпох і нар. культуры. У бел. л-ры элементы С. адзначаюцца з 16—17 ст. («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя творы С. Зізанія, Л.Карповіча, Хрыстафора Філалета). Да С. звярталіся В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, К.Каганец, У.Галубок, А.Мрый, М.Танк, Н.Гілевіч, Р.Барэдулін і інш.; С. вызначае асн. кірунак творчасці К.Крапівы, А.Макаёнка, У.Корбана і інш. Праблемы С. даследуюцца на Беларусі пераважна ў межах літаратуразнаўства (Дз.Я.Бугаёў, Л.М.Гарэлік, Я.Казека, Я.К.Усікаў), мастацтвазнаўства (Ю.М.Сохар, В.Ф.Шматаў), фалькларыстыкі (А.С.Фядосік).
Літ.:
Дземидок Б. О комическом: Пер. с пол. М., 1974;
Жан Поль. Приготовительная школа эстетики: Пер. с нем. М., 1981;
Гарэлік Л.М. Сатыры слова гнеўнае: Некаторыя асаблівасці бел.сав. сатырыч. паэзіі. Мн., 1989;
Пропп В.Я. Проблемы комизма и смеха. 2 изд. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫКАТУ́РА (італьян. caricatura ад caricare нагружаць, перабольшваць),
спосаб маст. тыпізацыі, выкарыстанне сродкаў шаржу і гратэску для крытычна накіраванага, тэндэнцыйнага перабольшвання і падкрэслівання негатыўных бакоў жыццёвых з’яў або асоб з мэтай іх выкрыцця і высмейвання; спецыфічная галіна праяўлення камічнага ў выяўл. мастацтве праз сатыр. ці гумарыстычную выяву. У шырокім сэнсе К. — усякі вобраз, дзе свядома ствараецца камічны эфект, спалучаюцца рэальнае і фантастычнае, перабольшваюцца і завастраюцца характэрныя рысы фігуры, твару, адзення, паводзін людзей, змяняюцца іх суадносіны з навакольным асяроддзем, выкарыстоўваюцца незвычайныя супастаўленні і інш. У вузкім сэнсе К. — асобны жанр выяўл. мастацтва (пераважна графікі), форма сатыры. Росквіт К. звычайна звязаны з перыядамі буйных грамадскіх канфліктаў паліт. нестабільнасці, войнамі і інш.
Элементы К. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта, ант. свету, сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Зараджэнне К. як жанру звязана з Сялянскай вайной 1524—26 у Германіі, Рэфармацыяй, першымі бурж. рэвалюцыямі 16-18 ст. у Нідэрландах, Англіі, Францыі. Была пашырана і ў форме лубка (Расія, Кітай). Самастойная эстэт. значнасць К. тэарэтычна асэнсавана ў пач. 19 ст. рамантыкамі. Вял. роля ў развіцці сусв. К. належыць У.Хогарту, Дж.Гілрэю (Англія), Ж.Гросу (Германія), Ф.Гоі (Іспанія), А.Дам’е, П.Гаварні (Францыя), Х.Бідструпу (Данія), І.Церабянёву, А.Венецыянаву, П.Баклеўскаму, Кукрыніксам (Расія).
У бел. мастацтве сатыр. накіраванасць, шаржыраванне вядомы з эпох сярэдневякоўя і Адраджэння (асобныя мініяцюры рукапісаў, шарж на С.Буднага і інш.). Як асобны жанр выяўл. мастацтва К. вызначылася ў 19 — пач. 20 ст. ў графічных работах А.Баргэльса, К.Бахматовіча, Я.Дамеля, М.Мікешына. У пач. 20 ст. развіццё К. звязана з рэв. рухам (К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.). У час грамадз. вайны К. пашырылася ў «Вокнах РОСТА», якія існавалі ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску і інш. Да яе звярталіся А.Быхоўскі, П.Гуткоўскі, Я.Целішэўскі. Вострай сатыр. накіраванасцю вылучаліся К. зах.бел. час. «Маланка» (мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, В.Сідаровіч). У Вял.Айч. вайну антыфаш. К. друкаваліся ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка» (мастакі В.Букаты, В.Козак, Г.Вальк, М.Гуціеў, Дз.Красільнікаў і інш.). Пасля вайны найб. інтэнсіўна К. развіваецца ў час. «Вожык». Сярод мастакоў: М.Лісоўскі, Я.Бусел, Р.Грамыка, М.Гурло, В.Ждан, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.
Літ.:
Ефимов Б.Е. Основы понимания карикатуры. М., 1961;
Шматаў В. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971;
Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;
Полевой В.М. Двадцать лет французской графики. М., 1981.
В.Ф.Шматаў.
Да арт.Карыкатура. П.Лепяшынскі. Паліцэйскі ўчастак. 1905.Да арт.Карыкатура. Кукрыніксы. «Згубіла я пярсцёнак...» (а ў пярсцёнку 22 дывізіі). 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Ту літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека
(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.Коласа, К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.
2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.Васілька, М.Засіма, А.Салагуба),
сучасных бел. пісьменнікаў (У.Караткевіча, Н.Гілевіча) стварыў У.Калеснік.
У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл.Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.
Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл.Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.Дзюрэр, Л.Кранах Старэйшы, Г.Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.Госарт, Р.Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.Халс у Нідэрландах, Д.Веласкес, Ф.Гоя, Ф.Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.Вато, Ж.Гудон, К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.А.Фраганар, Ж.Б.С.Шардэн у Францыі, У.Хогарт у Вялікабрытаніі, П.Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.Гейнсбара, А.Стывенс, Дж.Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.Сцюарт у ЗША, Ж.Л.Давід, Э.Дэлакруа, Г.Курбэ, Т.Жэрыко, Ж А.Энгр у Францыі, В.Лейбль, А.Менцэль у Германіі, А.Каўфман у Швейцарыі, Я.Матэйка ў Польшчы, А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, К.Брулоў, І.Вішнякоў, М.Ге, І.Крамской, А.Кіпрэнскі, Дз.Лявіцкі, В.Пяроў, Ф.Рокатаў, І.Рэпін, Ф.Шубін у Расіі і інш.).
На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.Дэга, Э.Манэ, А.Радэн, А.Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.Какошка, А.Мадыльяні, П.Пікасо, П.Сезан і інш., скульптары — А.Бурдэль, А.Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.Аненкава, А.Галавіна, В.Сярова, М.Урубеля, Б.Кустодзіева, М.Ларыёнава, П.Малявіна, К.Сомава, З.Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.Гутуза (Італія), Л.Ласанскага, Э.Уорхала (ЗША), І.Глазунова, П.Канчалоўскага, П.Корына, М.Несцерава, К.Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.Дунікоўскага (Польшча), Дж.Манцу (Італія), Ф.Крэмера (Германія), В.Мухінай (Расія) і інш.
На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл.Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.Шрэтэр, графікі Г.Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.Аляшкевіч, Ц.Бычкоўскі, А.Главацкі, Я.Дамель, С.Заранка, К.Карсалін, Ф.Смуглевіч, І.Хруцкі, А.Шэмеш, графікі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Т.Кіслінг, Я.Клямбоўскі, К.Кукевіч, Ю.Пешка, скульптары Я.Астроўскі, К.Ельскі, Р.Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ю.Пэн, А.Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.Ахрэмчык, А.Бразер, Г.Віер, В.Волкаў, А.Грубэ, К.Змігродскі, М.Станюта, М.Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.Азгур, А.Анікейчык, Л.Асядоўскі, А.Бембель, М.Будавей, С.Вакар, Г.Вашчанка, М.Данцыг, Л.Дударэнка, Я.Зайцаў, М.Кірэеў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, А.Малішэўскі, А.Марачкін, В.Маркавец, І.Міско, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Пасюкевіч, Ю.Піскун, В.Пратасеня, І.Пратасеня, А.Пушкін, М.Савіцкі, В.Сахненка, У.Стальмашонак, І.Стасевіч, І.Фяцісаў, Я.Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.Шаранговіч, А.Шыбнёў, Л.Шчамялёў і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;
Беларуская станковая графіка / Склад. В.Ф.Шматаў. Мн., 1978;
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
А.М.Пяткевіч (літаратура), М.Л.Цыбульскі.
К.Брулоў. Партрэт графіні Ю.Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.А.Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.Да арт.Партрэт. П.Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.Да арт.Партрэт. З.Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.У.Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.Да арт.Партрэт. М.Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.Да арт.Партрэт. М.Будавей. А.Макаёнак. 1985.Да арт.Партрэт. Ю.Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.