САТЫ́РА (лац. satira ад больш ранняга satura сумесь),

вострае, знішчальнае асмяянне грамадскіх з’яў, выкрыццё заган; эмацыянальна-эстэт. форма крытыкі; від камічнага. Адрозніваецца ад гумару асуджальным пафасам, рэзка негатыўнай ацэнкай аб’екта асмяяння. Характарызуецца паліт. злабадзённасцю, тэндэнцыйнасцю, публіцыстычнай накіраванасцю. Рэалізуецца ў розных відах мастацтва: выяўл. (карыкатура, шарж), т-ры і кіно (сатыр. камедыя) і інш., найб. пашырана ў л-ры. У Стараж. Рыме С. наз. асобны жанр лірыкі, у якім выкрываліся паліт., грамадскія і літ. з’явы (Гарацый, Ювенал). Пазней паняцце «С.» пашырылася на творы інш. жанраў. Асн. жанры С.: эпіграма (Марцыял, Г.​Лесінг, Р.​Бёрнс, А.​С.​Пушкін), сатыр. камедыя (Арыстафан, Мальер, Б.​Брэхт, А.​С.​Грыбаедаў), памфлет (Эразм Ратэрдамскі, Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Вальтэр), фельетон (Г.​Гейнэ, М.​Булгакаў, М.​Зошчанка). С. як эстэт. катэгорыю ўпершыню разглядаў Ф.​Шылер, які разумеў пад гэтым паняццем усе праявы камічнага. Размежаванне С. і гумару як процілеглых відаў камічнага вызначалася ў эстэтыцы рамантызму (Жан Поль). Г.​Гегель адмаўляў маст. вартасць С. У сав. эстэтыцы і літаратуразнаўстве С. як грамадска актыўная праява камічнага лічылася яго найвышэйшай формай (Ю.​Б.​Бораў, А.​З.​Вуліс, Дз.​П.​Нікалаеў, Я.​Я.​Эльсберг). М.​М.​Бахцін лічыў С. літ. з’явай Новага часу, не ўласцівай літаратуры папярэдніх эпох і нар. культуры. У бел. л-ры элементы С. адзначаюцца з 16—17 ст. («Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя творы С. Зізанія, Л.​Карповіча, Хрыстафора Філалета). Да С. звярталіся В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч, Я.​Купала, Я.​Колас, К.​Каганец, У.​Галубок, А.​Мрый, М.​Танк, Н.​Гілевіч, Р.​Барэдулін і інш.; С. вызначае асн. кірунак творчасці К.​Крапівы, А.​Макаёнка, У.​Корбана і інш. Праблемы С. даследуюцца на Беларусі пераважна ў межах літаратуразнаўства (Дз.​Я.​Бугаёў, Л.​М.​Гарэлік, Я.​Казека, Я.​К.​Усікаў), мастацтвазнаўства (Ю.​М.​Сохар, В.​Ф.​Шматаў), фалькларыстыкі (А.​С.​Фядосік).

Літ.:

Дземидок Б. О комическом: Пер. с пол. М., 1974;

Жан Поль. Приготовительная школа эстетики: Пер. с нем. М., 1981;

Гарэлік Л.М. Сатыры слова гнеўнае: Некаторыя асаблівасці бел. сав. сатырыч. паэзіі. Мн., 1989;

Пропп В.Я. Проблемы комизма и смеха. 2 изд. СПб., 1997.

Л.​Г.​Кісялёва.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)