ШАПУ́Р II (?—379),

правіцель Сасанідаў дзяржавы [309—379]. Аб’яднаў дзяржаву, вярнуў шэраг раёнаў на зах. і ўсх. яе ўскраінах, страчаных яго папярэднікамі. Ваяваў з кушанскімі княствамі (пазней падпарадкаваў іх), заключыў ваен. саюз з хіянітамі ў вайне (359—363) з Рымскай імперыяй і захапіў значныя яе тэрыторыі. Пры Ш. II пачалося ганенне на хрысціян (з 339/340, калі хрысціянства стала ператварацца ў дзярж. рэлігію ў Рыме). Засн. шэраг гарадоў.

т. 17, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПУ́Р I (?—272),

правіцель Сасанідаў дзяржавы [239—272]. Сын Ардашыра I. Працягваў пачатае бацькам умацаванне і пашырэнне дзяржавы, усталяваў уладу Сасанідаў у Іране, далучыў да яе вял. вобласці на З і У ад Ірана. Вёў паспяховыя войны супраць Рым. імперыі, у 260 каля г. Эдэсы разбіў і ўзяў у палон рым. імператара Валерыяна і большую частку яго войска. Пры Ш. I у Іране праводзіліся ірыгацыйныя і буд. работы, заснавана шмат гарадоў; дзярж. рэлігіяй стаў зараастрызм.

т. 17, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСАНІ́ДЫ,

дынастыя цароў (шахіншахаў) Ірана ў 3—7 ст. Заснавальнік — Сасан (верагодна, бацька Папака — першага цара Парса з роду С.). Напачатку былі правіцелямі вобл. Парс у Паўд.-зах. Іране пад вярх. уладай правіцеляў Парфянскага царства. У 224 сын Папака Ардашыр I [224—239] скінуў уладу парфян, заваяваў іх царства і абвясціў сябе царом. Найб. вядомыя з С.: Шапур I [239—272], Шапур II [309—379], Пероз [459—484], Кавад I [488—496, 498—531], Хасроў I Анушырван [531—579] і Хасроў II Парвіз [591—628]. Апошнім з С. быў Ездэгерд III [632—651 альбо 652], які пацярпеў паражэнне ў войнах з арабамі (гл. Арабскія заваяванні) і з гібеллю якога скончылася дынастыя.

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 3—7 ст. на чале з іранскай дынастыяй Сасанідаў. Засн. Ардашырам I, які ў 224 знішчыў Парфянскае царства, у 226/227 каранаваўся царом у г. Ктэсіфон, які зрабіў сталіцай дзяржавы. Яго сын Шапур I [239—272] далучыў да С.дз. вял. вобласці на З і У ад Ірана, вёў паспяховыя войны супраць Рым. імперыі. Дзярж. рэлігіяй С.дз. стаў зараастрызм, жрацы якога (магі) аказвалі вял. ўплыў на дзярж. справы, асабліва з часоў Шапура II [309—379]. У канцы 5 ст. С.дз. вяла барацьбу з эфталітамі, у бітве з якімі загінуў цар Пероз [459—484]. Востры сац. крызіс часоў кіравання Кавада I [488—496 і 499—531 ] выклікаў маздакіцкі рух. Пры Хасрове I Анушырване [531—579] унутр. становішча стабілізавалася, краіна падзелена на 4 вобласці: Харасан, Азербайган, Німруз і Харабаран (Месапатамія); усталяваўся падзел грамадства на саслоўі, прывілеяванае становішча сярод якіх займалі магі і воіны (азаты). Пры Хасрове II Парвізе [591—628] С.дз. вяла вайну з Візант. імперыяй (602—628), захапіла Сірыю, Палесціну, Егіпет, б.ч. М. Азіі, але потым сасанідскія войскі пацярпелі паражэнне, і ўсе заваяванні былі страчаны. Вайна знясіліла С.дз. напярэдадні арабскіх заваяванняў. Арабы разбілі войскі С.дз. ў бітвах пры Кадысіі (637) і Нехавендзе (642). Са смерцю цара Ездэгерда III [632—651/652] С.дз. спыніла існаванне, а яе землі ўвайшлі ў склад Арабскага халіфата (гл. Халіфат).

т. 14, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́РФА (Urfa),

горад на ПдУ Турцыі. Адм. ц. аднайм. іля. Каля 250 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (пшаніца, воўна). Прам-сць: харч., тытунёвая, гумавая. Рэшткі крэпасці крыжаносцаў, мячэць 17 ст.

Узнік на караванным шляху і ў старажытнасці быў вядомы пад арамейскай назвай Ургаі, Ургоі. У пач. 3 ст. да н.э. заваяваны і разбураны Селеўкам I Нікатарам, пазней ён пасяліў тут сірыйскіх салдат і назваў горад Эдэса. Каля 136 да н.э. — 216 н.э. сталіца прав. Асраэна пад панаваннем мясц. сірыйска-араб. дынастыі, падпарадкаванай Рыму. З 216 рым. калонія і гал. крэпасць на ўсх. мяжы Рым. імперыі. У 260 тут перс. цар Шапур I разбіў войскі і ўзяў у палон рым. імператара Валерыяна. Цэнтр ранняга хрысціянства (з 2 ст.), звязаны з імем апостала Фамы; інтэлектуальны цэнтр хрысц. тэалагічнай думкі; месца дзейнасці хрысц. гностыка Бардэсана з Эдэсы і яго вучняў (3—4 ст.), Яфрэма Сірына. Каля 640 горад захоплены арабамі (гл. Арабскія заваяванні), пазней вернуты Візантыі. У час 1-га крыжовага паходу заваяваны Готфрыдам Бульёнскім, у 1098—1144 цэнтр графства Эдэса, падпарадкаванага Іерусалімскаму каралеўству. У 1144 захоплены туркамі-сельджукамі, зруйнаваны (адбылася масавая разня жыхароў), што стала падставай 2-га крыжовага паходу. У 1637 далучаны да Асманскай імперыі, атрымаў назву У. У 1893—94 тут адбыліся пагромы арм. насельніцтва.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

т. 16, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)