У́РФА (Urfa),
горад на ПдУ Турцыі. Адм. ц. аднайм. іля. Каля 250 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (пшаніца, воўна). Прам-сць: харч., тытунёвая, гумавая. Рэшткі крэпасці крыжаносцаў, мячэць 17 ст.
Узнік на караванным шляху і ў старажытнасці быў вядомы пад арамейскай назвай Ургаі, Ургоі. У пач. 3 ст. да н.э. заваяваны і разбураны Селеўкам I Нікатарам, пазней ён пасяліў тут сірыйскіх салдат і назваў горад Эдэса. Каля 136 да н.э. — 216 н.э. сталіца прав. Асраэна пад панаваннем мясц. сірыйска-араб. дынастыі, падпарадкаванай Рыму. З 216 рым. калонія і гал. крэпасць на ўсх. мяжы Рым. імперыі. У 260 тут перс. цар Шапур I разбіў войскі і ўзяў у палон рым. імператара Валерыяна. Цэнтр ранняга хрысціянства (з 2 ст.), звязаны з імем апостала Фамы; інтэлектуальны цэнтр хрысц. тэалагічнай думкі; месца дзейнасці хрысц. гностыка Бардэсана з Эдэсы і яго вучняў (3—4 ст.), Яфрэма Сірына. Каля 640 горад захоплены арабамі (гл. Арабскія заваяванні), пазней вернуты Візантыі. У час 1-га крыжовага паходу заваяваны Готфрыдам Бульёнскім, у 1098—1144 цэнтр графства Эдэса, падпарадкаванага Іерусалімскаму каралеўству. У 1144 захоплены туркамі-сельджукамі, зруйнаваны (адбылася масавая разня жыхароў), што стала падставай 2-га крыжовага паходу. У 1637 далучаны да Асманскай імперыі, атрымаў назву У. У 1893—94 тут адбыліся пагромы арм. насельніцтва.
Н.К.Мазоўка (гісторыя).
т. 16, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)